Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 173 174 175 176 177 178 179 180 181 ... 192
Перейти на страницу:

– І ўсё ж шкада, што не пачалі раней рыхтавацца, – сказаў Алесь. – Зручны момант. І ў Варшаве закалат.

– Змялі яны варшаўскі закалат, – сказаў Ямант, – падманулі… Ну што ж, паедзем. Кіну універсітэт. Спашлюся на хворыя вочы.

– І ўсё ж пацерпім, хлопцы, – сказаў Кастусь.- А то атрымаецца няшчасце, як у бедных хлопцаў з гуртка Віткоўскага. Разагналі, арыштавалі. А праз гэта правалілася арганізацыя Віленскай гімназіі. Першы правал. Пяць месяцаў мінула, а ўспомню – сэрца баліць. Хоць там астаўся, Алесь?

– Мала. Далеўскі Цітус, Багушэвіч Францішак, яшчэ некалькі чалавек ды мой брат. У глыбокае падполле пайшлі хлопцы. Бачыў я старэйшага Цітусавага брата, Францішка. Бядуе страшэнна. Ёсць і ў іх нелегальная арганізацыя, узначальваюць яе ён ды Гейштар Якуб, то Францішак кажа: як асірацелі яны без маладых.

– Ану іх да д’ябла! – сказаў Мсціслаў. – Смаркулі панскія, белая костка.

– Правільна, – нечакана сказаў Звяждоўскі.

– Но-но, – сказаў Мсціслаў, – сам ці даўно белы быў.

– Ты ж мяне перавыхаваў, – засмяяўся Людвік.

– Ды ўжо, – буркнуў нехлямяжы Грыма, – ты, Людвік, раскажы, што чуў у палацы.

– Што ж, – Звяждоўскі думаў. – Прыемнага мала. Пойдуць на некаторыя ўступкі палякам і замажуць ім рот. Быў я ў вялікай княгіні Гелены Паўлаўны. Кола вузкае. Статс-сакратар Карніцкі, што прыехаў з Варшавы, міністр унутраных спраў Ланской, Валуеў, яшчэ некалькі чалавек. Уражанне: трохі спалоханыя людзі. Дый сапраўды, як не спалохацца. Не кажучы аб Польшчы, уся Літва і Беларусь служаць паніхіды па забітых. А ва ўладароў ніякага пачуцця маральнай сілы. Валуеў сказаў Карніцкаму, што тут адно войска не паможа. Далгарукаў кажа Валуеву: “On prend la chose trop legerement chez nous”. Той яму: “Je tiens pour certain que la chose est tres grave". Князь толькі азірнуўся: “Chut! il n’en faut pas parler”[150]. А той: “Але чаму?”… Карніцкі прывёз ад намесніка ліст аб тым, што бараніць далей такі рэжым немагчыма і што трэба або зрабіць уступкі, або правіць царствам з дня ў дзень багнетамі і карцеччу.

– Цікава, – сказаў Кастусь.

– Але. Карніцкі кажа, што калі патрабаванні не будуць выкананы…

– Патрабаванні… – сказаў Біскуповіч. – Толькі агульная просьба звярнуць увагу на злашчасны стан Польшы.

– Не перапыняй, – буркнуў Грыма.

– …то ніхто не астанецца працаваць у Польшчы, бо струну нацягнулі да немагчымага, і яна парвалася. Gouverner c’est prevoir[151]. Потым Валуеў гаварыў з вялікай княгіняй. Яна запытала ў яго: “Que faut il faire en Pologne?” Ён кажа: “Changer de systeme, Madame”. Тая самая ўсміхаецца, паказвае на Ланскога: “Je le pense aussi; mais voici le ministre de l'interieur qui est flamboyant et parle des mesures de severite”. Валуеў паціскае плячыма: “Mais on a ete trente ans severes, Madame, et ou en est – on arrive”[152].

Кастусь засмяяўся. Звяждоўскі ўсміхнуўся яму ў адказ:

– Тады нехта невядомы мне кажа: “On ne tombe que du cote ou l'on penche. Si nous tombons en Pologne, c’est donc du cote de mesures de police substituees, a des idees de gouvernement”[153]. Словам, нават яны бачаць: без уступак не абыдзешся.

– Гуляюць намі, – сказаў велікавокі Ясюкевіч. – Ах, лухта ўсё. Сваю рэвалюцыю нам трэба, чырвоную, вось што. Зямля, воля, паўстанне ўсюдых, братэрства ўсім народам.

– Гм, – сказаў Ямант, – і маскалям? Чаму я павінен паміраць за маскаля?

– Кінь, Юзя, – з дакорам сказаў Алесь. – Гэта адны з самых добрых людзей на свеце. Урад у іх толькі дрэнны, вось што. Зменім – усё будзе хораша.

– Я ведаю, – сказаў Кастусь. – Каб людзі жылі, працавалі і елі хлеб – усё гэтае наша богам праклятае саслоўе – на шыбеніцу. І вялікадзяржаўных бюракратаў – да д’ябла.

– Не ведаю, – змрочна сказаў Грыма. – Калі адзін чалавек не вычарпае ўсёй глыбіні натуры другога, які б ён ні быў геніяльны, калі ён не здолее замяніць яго, то і адзін народ не можа замяніць сабою другога, няхай нават больш слабага… Нашто ж тады кожнай нацыі крычаць аб сваёй перавазе? Гэта ж тое самае, што патрабаваць, заклікаць сцерці з зямлі суседні народ… Я так не магу… Я… не магу быць таму сябрам ні такім людзям, як Валуеў, ні табе, Ямант. І я пайду на бітву, каб ніколі, ніколі такога не было. Каб усе – браты, і кожны – вольны як птушка.

Кастусь устаў:

– Што ж, паны новапрызначаныя камісары будучага паўстання і камандзіры атрадаў, час разыходзіцца?

– Час, – сказаў Біскуповіч.

– Тады – па адным.

…Каліноўскі і Загорскі ішлі берагам Мойкі.

– Віктара я разарваць гатоў, – сказаў Кастусь. – Ты ведаеш, як ён “лекаваўся” ў Італіі? Далучыўся да гарыбальдзійцаў. А вярнуўся – яму горш і горш.

– Што ж, пэўна, яму якраз было патрэбна паветра свабоды. Можа, таму ён і задыхаўся. Нічога. Дачакаецца перамогі. А там – вылечым… Ты не хацеў бы схадзіць да Шаўчэнкі?

– Сорамна неяк.

– А ўсё ж сходзім. Заўтра, якраз перад ад’ездам.

– Давай.

Мойка пад парывамі ветру рабацінілася і моршчылася ля таго берага, адкуль ён прылятаў, і была спакойная ля другога.

– Ну вось, – сказаў Кастусь, – кінулі жэрабя. Ты не пакрыўдзіўся, што кіраваць сіламі Магілёўшчыны будзе Людвік?

– Звяждоўскі варты чалавек, – проста сказаў Алесь. – І ён вайсковы. Ды яшчэ з таленавітых. Я рэвалюцыянер, Кастусь. Хай будзе так, як лепей для справы. І потым, камісар атрадаў ніжняга Прыдняпроўя – таксама мне работы хопіць. І ў сваім куце.

– Я гэта таму, што цябе мала ведаюць у цэнтры, і ты застрахаваны ад правалу.

– Не верыш “белым”?

– Не, – прызнаўся Кастусь.

– І я не веру.

– І потым, ты ездзіш па справах – табе лягчэй арганізаваць людзей.

Яны ішлі. У прыцемку асабліва пяшчотныя і прыгожыя былі абліччы жанчын, асабліва гордыя – твары мужчын. Але яны не думалі цяпер аб жанчынах. Ім было не да таго.

– Едзь, – сказаў Кастусь. – Стрымлівай, не давай, каб перадчасна расплюхалі гнеў.

Маўчалі. І раптам Калінаўскі спытаў:

– Ты не чуў, што Ясюкевіч вершы піша?

– Не.

– Піша, але хавае. Як кожны другі. Як ты і я.

Усміхнуўся:

– Як пошасць сярод нашых гэтыя вершы.

– Што ж зробіш? Малады народ, ірвецца наперад.

– Як думаеш, які шлях нашага верша? Сілабіка польская або тоніка? Або гекзаметр, які можа быць і тым і іншым?

– Нешта асобнае.

Алесь задумаўся.

– Ты аб чым?

– Я вось думаю, якімі вачыма глядзелі егіпцяне на першыя крокі грэкаў? Таксама з пагардай. І грэкам, сапраўды, яшчэ пяцьсот год трэба было ісці, каб зарабіць права на Фідыя і Эсхіла.

Яны падняліся па сходах у Кастусёў пакой. Каліноўскі запаліў свечку.

Але яны не паспелі нават скінуць паліто. Пачуўся грукат ног па сходах, і ў пакой уварваўся распатланы і страшны Віктар.

– Хлопцы! – крыкнуў ён. – Хлопцы, Шаўчэнка памёр!

– Ты што? – збялеў Кастусь. – Такі малады яшчэ?

– Памёр, хлопцы, памёр, – ашалела паўтарыў Віктар.

Твар ягоны быў белы. І раптам старэйшы Каліноўскі зайшоўся ў нясцерпным кашлі. Алесь кінуўся па ваду. Калі Віктара адпусціла і ён адняў хустку ад рота – на хустцы была кроў. Хворы вінавата зірнуў на Алеся.

– Не дачакаўся, – разгублена сказаў Кастусь.

– Многія не дачакаюцца, – сказаў Віктар. – Многія не дачакаюцца волі.

XV

У Мілым чыталі маніфест аб скасаванні прыгону.

Царква была поўная як ніколі. Пахнула кажухамі і ботамі. Світкі, мужчынскія і жаночыя, кажухі, белыя мужыцкія галовы і снежныя намёткі жанчын.

Заднім цягнула ў спіны холадам з адчыненых дзвярэй. Нельга было не адчыніць, так надыхалі.

вернуться

150

“У нас занадта лёгка глядзяць на гэтую справу”. – “Я знаю напэўна, што становішча вельмі цяжкае”. – “Т-с-с! Не трэба аб гэтым казаць” (франц.). 

вернуться

151

Кіраваць – гэта прадбачыць (франц.). 

вернуться

152

“Што трэба зрабіць у Польшчы?” – “Змяніць сістэму, васпані”. – “Я таксама гэтак думаю, але вось міністр унутраных спраў вельмі палкі і кажа аб строгіх мерах”. – “Але мы на працягу трыццаці год былі строгія, васпані, а да чаго мы прыйшлі?” (франц.). 

вернуться

153

“Падаюць толькі ў той бок, куды нахіляюцца. Калі мы ўпадзем у Польшчы, дык толькі ад паліцэйскіх мер, якімі замянілі ідэі ўрада” (франц.). 

1 ... 173 174 175 176 177 178 179 180 181 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)