Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:
Алесь спаліў ліст у каміне. У гэты момант усхваляваны пан Адам зайшоў у пакой. Загорскі, нібы не заўважаючы, клаў грошы ў пулярэс.
– Паедзеш у Магілёў, – сказаў ён Выбіцкаму. – Адправіш грошы вось на гэты адрас пану Каліноўскаму. Майго імя не называй.
Выбіцкі муляўся.
– Княжа…
– Здарылася нешта?
Адам асеў, нібы з яго выпусцілі паветра:
– Бунт, пане княжа.
– Які я табе пане княжа?
– Бунт, Алесь. Паўсталі Браніборшчына, Крутое і Вязынічы, – ледзь варушыў вуснамі паляк. – Дарогаю ўзнялі дзве вёскі Хаданскага. Ідуць у Гарыпяцічы біць з тамтэйшай званіцы набат. Крычаць многа. Адмаўляюцца ад устаўных грамат і выкупу, не хочуць быць часоваабавязанымі.
Выбіцкі яшчэ больш збялеў і, зірнуўшы на Алеся, раптам сказаў глуха:
– Далучымся?
– Іх колькі?
– Пакуль пяць вёсак.
– А наваколле?
– А наваколле – вашы вёскі. Бунту ў іх няма і, пэўна, не будзе, – прызнаўся Выбіцкі.
– Ну, вось і далучайся на злом галавы. Ах, не да часу! Ах, д’ябал! Хто там у іх ядро? – кінуў Алесь.
– Корчакавы хлопцы. Усе ўзброеныя. А за імі – натоўп.
– Ёлуп хвашчоўскі твой Корчак, – раззлаваўся Алесь. – Ён нападзе ды ў пушчу пойдзе, а людзям потым што рабіць? Узрадаваўся, пачаў.
– З Корчакам ідуць блізнюкі Кандрат і Андрэй. Бацька Кагут, як дачуўся, кінуўся за імі, каб затрымаць.
– Разумнейшы, значыцца.
Нешта трэба рабіць. Неяк трэба ўтрымаць людзей ад крыві, абараніць ад бізуноў, знявагі, смерці. Пяць вёсак супраць імперыі! Лухта якая. То асцярожныя занадта, а то… Не, гэта трэба спыніць. Хай устаюць потым, калі ўстануць усе, калі возьмуцца за зброю сябры.
– У Магілёў паедзеш, – сказаў Алесь. – Дашлеш грошы, а Ісленьеву перадасі вось гэта.
Ён хутка напісаў некалькі слоў.
– “Граф, – прачытаў Выбіцкі. – Корчак з людзьмі ідзе на Гарыпяцічы. Усімі сіламі паспрабую зрабіць так, каб не палілася кроў. Не хачу гэтага. Абяцайце мне словам двараніна, што даб’ецеся ў губернатара, каб не каралі нявінных вясковых жыхароў. Яны, напэўна, прыйдуць глядзець, але яны не вінаватыя. Ведаю з надзейных крыніц. Малю вас і сам зраблю ўсё”.
Выбіцкі паківаў галавою і паклаў паперку на стол.
– Я не павязу ў Магілёў даносу, князь. Прыйдзе войска.
– Я не пасылаю даносаў, пан Адам, – жорстка сказаў Алесь. – Адпраўляю гэты ліст менавіта таму, што прыйдзе войска.
– Н-не разумею.
– Войска прыйдзе з Сухадола, а не з Магілёва. І з войскам – Мусатаў. Людзей раздушаць яшчэ да таго, як з губерні прыйдзе адказ. І таму гэта не данос. Я не хачу, каб лютавалі над народам, і раблю спробу рэабілітаваць яго. Корчак пойдзе ў лес, а людзі, Выбіцкі? Няўжо вы думаеце, што слова найбагацейшага гаспадара ў абарону мужыкоў нічога не азначае?
– Ну?
– Ну і вось. Я не хачу, каб расстрэльвалі і хвасталі. Не хачу расправы. Паспрабую спыніць бойку. А Ісленьеў зробіць так, што расправа не будзе жорсткая.
– І гэта вас клікалі чырвоным?
– Я і ёсць чырвоны. Але я не хачу, каб чырвоныя перадчасна пралілі чырвоную кроў. Пе-рад-час-на.
Выбіцкі пачырванеў.
– Я завязу ліст, – сказаў ён. – Даруйце мне.
– Вельмі буду абавязаны, – сказаў Алесь. – Гэта вызваліць, магчыма, і маю шкуру.
Аконам хаваў у кішэнь пулярэс:
– А можа, не рызыкаваць?
– Не, – сказаў Алесь. – Спяшайцеся, Выбіцкі. Я паеду без зброі. І тыя і іншыя могуць зрабіць са мною, што хочуць.
Ён паспешліва збіраўся. Загадаў Логвіну асядлаць Ургу. Накінуў плашч. У саквы загадаў пакласці бінты, корпію і ёд.
Хвілін праз трыццаць пасля таго, як аконам вылецеў з двара, Алесь сышоў па сходах.
– Можа, трэба па дапамогу? – спытаў Халімон Кірдун.
– Не трэба. Бывай, Кірдун.
Ён крануў каня з двара, адчуваючы дзіўную звонкую пустату, якая поўніла ўсё цела. Так заўсёды бывала перад небяспекай: стан, падобны на захапленне ці на лёгкі хмель.
“Ах, коннічак ты мой на белым кані, – іранізаваў ён з сябе. – Ах, галава ты дурная. Бачыце, збавіцель”.
Але не скакаць у Гарыпяцічы ён не мог.
XVII
Людзі ішлі ўжо вечар і ноч. Уначы – чырвона-чорныя, асветленыя зарывамі, удзень – нібыта звычайныя, толькі ў вачах як быццам аставаліся агонь і ноч.
Пачалося з таго, што ўстаўныя граматы прывезлі ў Браніборшчыну. Перавялі ў грошы аброк, расклалі ўстаўную суму на ўсе двары, палічылі, колькі пойдзе на кожную наступную дзесяціну зямлі. Паколькі кожная наступная каштавала танней – горш за ўсе давялося бедным, якія не маглі многа купіць.
Шасціпрацэнтавы гадавы ўзнос у выкуп быў такі – не асіліць.
Браніборцы падумалі крыху і самі сабе сказалі: канец. Лепей паншчына, лепей нясцерпнае рабства.
Здзіўляла жорсткасць царскай волі. Загорскі і Раўбіч, паны, вызвалілі сваіх больш выгадна. Спачатку думалі – падман, і вось табе на. Атрымалі! Алесь і пан Яраш адразу выйгралі ў вачах людзей.
А потым нехта пусціў чутку, што Раўбіч і Загорскі проста ведалі аб сапраўдным маніфесце і не палічылі за магчымае ісці супраць царскай волі. Нездарма князь у Мілым падчас чытання вачэй не мог узняць з сораму. Але супраць астатніх ісці, відаць, не рызыкнуў. Толькі што сам вырашыў не браць граху на душу, вызваліць “па-царску”.
Мужыкі адмовіліся ад устаўных грамат. Аконам Браніборскага пачаў пагражаць. Людзі крычалі і стукалі кулакамі ў грудзі.
I тут з’явіўся Корчак з людзьмі. Глядзеў у натоўп шалёнымі чорнымі вачыма, гаварыў незразумелае:
– Не мог цар даць такую волю. Сапраўдная воля за сямю пячацямі. У ёй для ўсіх сыраядцаў смерць. Цар загадаў волю віламі браць. Ён за сваё жыццё баіцца. Але як пойдзеце паноў біць – узрадуецца ягоная душа.
Марта з Паківачовага млына (многія ведалі яе па патаемных маленнях) глядзела вялізнымі вачыма. Вочы напалову твару, і ў іх – апантанасць і ўтрапенне:
– Праўду гаворыць Корчак! Сама ад лёзных[155] людзей чула! Расце белабожы конь! Як не падтрымаеце яго – у пекле вам быць! Божае жарабя прадасцё – не бачыць вам шчасця!
Плач баб рэзаў па сэрцы. Усё адно было прападаць з такім выкупам. I таму людзі слухалі. А Марта крычала:
– Маці божая з былой Алейнай брамы плача. Валасы ў яе пасівелі і дыбарам усталі. Мёртвых дзетачак бачыць. Прадалі іх бацькі.
Зрэнкі Марты пашырыліся на ўвесь раёк і трапяталі:
– Бог, бог сказаў! Выдавацьме брат брата і бацька сына на смерць; і паўстануць дзеці на бацькоў і пазабіваюць іх; і будуць вас ненавідзець за імя маё, але хто выцерпіць да канца, спасён будзе.
Мужыкі, урэшце, паверылі. Справа была не ў ляманце Марты. Проста жыць стала нельга, а лямант надаваў становішчу неабходнае адценне жуды і велічы. Хай галосіць.
– Крывёю рака паплыве, калі не заступіцеся!!!
– Глядзіце, хлопцы, – сказаў Корчак. – Не пойдзеце з намі – адзін пайду. Вам потым сорамна будзе.
У гэты час прыйшлі вязыніцкія. Іх прывёу той самы Брона, што калісьці разрэзаў вяроўкі на руках Раўбіча. Вялізны, з англійскім штуцэрам у руках, ён прыйшоў пад абшчынны дуб і кінуў толькі некалькі слоў:
– Вандроўнік дарогаю казаў: паны папоў падкупілі. Папы сапраўдную царскую волю ў царквах схавалі. На прастоле пад сукном.
Натоўп маўчаў. Падобна было на тое. Папы чыталі волю, але папоў на Прыдняпроўі, якіх вера (то адна, то другая) біла і трэсла столькі стагоддзяў, ніколі не любілі.
– Схавалі, – сказаў Брона. – І ці не памацаць нам цэрквы?
155
Вандроўных.