Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:
Грамадзянская варта раззбройвала рабочыя ўскраіны, адбірала ўсё, чым можна калоць або рэзаць.
Рэвалюцыя на вачах рабілася буржуазнай. І самае дзіўнае, што хлопцы з варты дзейнічалі так з самых чыстых намераў.
Зборня адпускала затрыманых. Але часам “агентаў Масквы” разам са зброяй выдавалі жандарам, і тады “агентаў” (пэўна, за няспрытнасць) судзілі і высылалі не бліжэй Арэнбурга і не далей Нарыльска. Імперыя жартаваць не звыкла.
Забітых на дэманстрацыі пахавалі, як магнатаў. Уладары хоць якой-кольвечы маёмасці атрымалі некаторыя прывілеі на абарону яе. Рэфармаваны быў гандлёвы трыбунал, у які цяпер увайшлі і яўрэі (выключна гуманная мера, асабліва калі ўлічыць, што тысячы іх местачковых братоў – шаўцоў, лудзільшчыкаў і іншых – па-ранейшаму жывацелі ў самай гаротнай беднасці). Рамеснікам-яўрэям з горада хоць дазволілі запісвацца ў цэхі (якія і так задыхаліся ад недахопу працы). Яўрэі-местачкоўцы не атрымалі нічога, урэшце, так, як і хрысціяне. Банкіры заклалі першую цагліну ў падмурак братэрства народаў і роўнасці іх перад нэндзай і галечай.
Былі некаторыя палёгкі ў сэнсе права, было імгненне палёгкі палітычнай – кароценькае, з заечы хвост.
На вачах простага люду банкіры ягонай крывёй купілі багацце, пашану і грошы сабе. Не першы і не апошні раз.
Гандлявалі, аднак, не толькі фінансісты. Свой кавалак хацела выдзерці з зубоў цара і магнацтва. Яно не магло выступіць супраць рэформы, якая была яму выгадна. Значыцца, трэба было патрабаваць нацыянальных ільгот, каб хоць не шчаміліся ў іхнія рахункі з мужыкамі беларусы, кацапы ды немцы. У імя таго, каб скінуць з вагаў беларускую буржуазію, якая толькі нараджалася, але была жвавая і ўчэпістая, магнаты нават адмовіліся ад “Заходняга краю”, усталяваўшы мяжу каралеўства[145] па Бугу.
Потым, калі пачаў плысці парахавы дым і з агульнай колькасці паўстанцаў у шэсцьдзесят тысяч было не менш як дваццаць пяць тысяч беларусаў, магнаты ўжо ніколі не казалі гэтага.
Праект Веляпольскага, аднак, адкінулі самі магнаты. Ён быў занадта канкрэтны: патрабаваў свайго сената, сейма, сваёй арміі. Яны ведалі: гэтага не дазволяць. Ды яны і пабойваліся рэвалюцыйнай сітуацыі.
Магнаты ўхвалілі другі праект, праект Эдмунда Ставіскага, які вызначаўся поўнай бездапаможнасцю і не меў нічога канкрэтнага: так, некалькі аркушаў паперы, спісаных прыгожымі словамі. Хвалілі Польшчу і адначасова дыгалі ножкай перад царызмам.
Цар прыняў і надрукаваў адрас. Ён не мог рызыкаваць, не мог згадзіцца, каб у такі навальнічны час узбунтаваліся яшчэ і палякі. Тым больш што праект Ставіскага не патрабаваў ніякай рэвалюцыі. Проста самаўладцу гаварылі такія словы, якіх ён дагэтуль не чуў.
Перамога варшаўскага руху была, такім чынам, хутчэй маральная. Буржуазія, мяшчанства, гарадскі плебс упершыню адчулі, што не адной шляхце абпальваць палітычныя гаршкі, што яны – таксама сіла. І менавіта таму, што яны былі сіла, намеснік Гарчакоў і магнаты кішэні так лёгка дамовіліся між сабою.
Плебсу не хапала правадыра. Не хапала Траўгута, не хапала Каліноўскага, не хапала тых, што двума гадамі пазней узялі ў свае маладыя непрымірымыя рукі стырно паўстання. І таму люд варшаўскі быў надзіва памяркоўны, хоць у душы, вядома, хацеў большага.
Проста не было каму сказаць за яго. А імператар ахвотна падпісаў 26 сакавіка рэскрыпт аб рэформах у Польшчы, і на гэтым і ён і паны супакоіліся. Адзінае, што тут было добра, – невялікая колькасць ахвяр, якімі давялося заплаціць за гэтыя рэформы.
Рэвалюцыя так і не стала рэвалюцыяй.
Быў потым, праўда, яшчэ адзін “эксцэс”, але ён ужо нічога не мог змяніць. Гарчакоў баяўся, што агалошанне новых правоў выкліча непарадкі. Загадалі біць у барабаны, каб людзі не збіраліся ў натоўпы і сядзелі па дамах. І сапраўды, на ўсіх падаўленнях менавіта так, громам барабанаў, прымушалі дрыжаць чалавечыя сэрцы: пошчак так нагадваў залпы. Варшавяне, аднак, не ведалі гэтага. Наадварот, яны палічылі грукат за запрашэнне да збораў. І людзі даверліва ішлі да намесніцкага палаца і ратушы, каб паслухаць, што там агалосяць, на людзей паглядзець і сябе паказаць. Гэта было падобна на непаслухмянства, але яны аб гэтым не думалі. І не думаў аб тым генерал Сцяпан Хрулёў, былы ўдзельнік севастопальскай абароны, а цяпер камандзір другога армейскага корпуса. Ён і сваю мову ведаў хіба што толькі каб гаварыць аб статутах і тактыцы, а польскую – і пагатоў. Слова obebnic[146] азначала для яго толькі “ударыць у барабан”, і ён занадта добра помніў, што барабан ужываюць перад пакараннем смерцю або атакай.
Тысячы вачэй, нічога не чакаючы, глядзелі на салдат і рыхтаваліся слухаць.
Ударылі перуны. Вуліцамі пацягнуўся дым. Было некалькі соцень параненых. Сёй-той сканаў у шпіталі.
Атрымалася маленькая памылачка.
Далейшага бунту не адбылося. У раззброеных людзей не было правадыра. Вялікія паны здрадзілі ім, і дзень восьмага сакавіка назаўсёды пасяліў у простых людзях гнеў і недавер.
Так здарылася ў Варшаве. Але ўсё гэта здарылася пазней.
– Як жа яно там было? – задуменна паўтарыў Валуеў.
– Даведаемся, – сказаў Мураўёў.
Яны маўчалі. Ліловае святло з-за штор рабіла твар шэфа трупным.
– Бунт, – сказаў Мураўёў. – І глядзіце, каб ён не зачапіў Беларусь. Я гэтую публіку ведаю. Сам калісьці падчас апошняга паўстання магілёўцам магілаю пагразіў і суняў. Шчасце, што тады не ўсталі магутныя беларускія рады ды мужыкі. Быў там такі “чырвоны князь-карбанарый”, Загорскі-Вежа. Глядзеў на нашу калатэчу звысака, як сам пан-бог: “Ну-ну, маўляў, варушыцеся”. А я аб адным маліў: хоць бы ўсе гэтыя Загорскія, Ракутовічы ды іншыя не паўсталі.
Не паўсталі тады. Але з таго часу шмат змянілася. Усе гэтыя паны Чарнышэўскія, Страхавы, Дабралюбавы – спяць і сняць сімпатычненькіх братоў-беларусаў. Філія герцэнаўскай канторы. Узрадаваліся магчымасці стварыць яшчэ і асобную беларускую нацыянальнасць… На пустым месцы такі намер не ўзрасце. Літаратура ў іх, у беларусаў, свая з’явілася, гурткі, вучоныя свае. Хутка з’явіцца і свае камуністы-дэматраты. А значыць – давядзецца страляць. І таму я за сябе спакойны, нават пры цяперашняй падзяцы за верную маю службу.
– Я разумею вас, – сказаў Валуеў.
– Гэта навалач раней пастаўляла нам арыстакратаў, цяпер будзе пастаўляць мяцежнікаў.
Валуеў не даў зразумець, што смяротна пакрыўджаны, і вырашыў, што ён гэта Мураўёву папомніць. Шэф не мог не разумець, што сказаў страшэнную нетактоўнасць. Ён не мог не ведаць аб паходжанні самога імператара і яго, Валуева. Раманавы паходзілі ад беларускага роду Кабылаў. Ён, Валуеў, паходзіў ад беларускага баярына Вала, што перабег на службу да маскоўскіх князёў яшчэ перад кулікоўскай бітвай: пакрыўдзілі, не мог па худароднасці разлічваць на поспех.
Валуеў успомніў ананімны жарт (ён меркаваў, што сказаў гэта Храптовіч з міністэрства замежных спраў): “Вось выслужыцца ён, чакайце. Будуць Вол і Кабыла ў адной запражцы”.
Не варта было так жартаваць. Жартаўнік быў упэўнены ў сваёй бяспецы: ведаў, што такога ніхто не асмеліцца данесці цару.
Валуеў ведаў: слова – страшная зброя. Ён сам не задумаўся знішчыць рэпутацыю міністра замежных спраў Несельродэ адным словам: “Нарадзіўся ад германскіх бацькоў у Лісабонскім порце на англійскім караблі, хрышчаны па англіканскаму абраду”. Канцлер сапраўды быў няўдзячнае быдла: трыццаць дзевяць год запраўляў замежнымі справамі імперыі, ды так і не ўдасужыўся вывучыць хоць слова па-руску.
І ўсё ж Мураўёву не варта было так жартаваць.
Падначалены яшчэ не звык да таго, што ніхто больш не ненавідзіць адзін аднаго, чым калегі па служэнню адной імперыі, адной ідэі, адной асобе.
Аб паходжанні сваім дырэктар ніколі не забываў. І таму, што паходзіў адтуль, не любіў старога гнязда, як часам выскачка не любіць хаты, дзе нарадзіўся. І адчуваў, што і гасудар не любіць Беларусі за тое самае. Тамтэйшая арыстакратыя занадта сведчыла супраць ягонай худароднасці. Ён не любіў і падсвядома помсціў за гэта зямлі, адкуль выйшаў, хоць і не прызнаўся б у гэтым нават сабе. Таму Валуеў таксама хацеў для гэтай зямлі далейшага зла. А далейшае зло маглі спыніць толькі ўступкі. І Валуеў пазней чыніў усялякае зло з нянавісцю і запалам рэнегата.
145
Праект адраса, высунуты Веляпольскім.
146
Агаласіць. Літаральна – абараніць (польск.).