Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:
Ён з радасцю падумаў, што Мураўёву, хоць часова, ляцець потырч галавою. Ён ведаў, як не ўхваліў гасудар на дзяржаўным пасяджэнні 9 лютага дзеянняў Мураўёва, што разам з графам Строганавым прагаласаваў, каб “вольныя” сяляне, уступаючы ў шлюб, прасілі на тое дазволу памешчыкаў: “Не так грошы, як гонар”. І ясна, што гасудар ледзь не накрычаў на іх. У шлюбным пытанні саступіць лягчэй, чым у зямельным. Не хапала яшчэ чапляцца за такую лухту! І без таго абрэзалі рэформу да непазнавальнасці.
Ах і добра будзе, калі ён паляціць. І ён з усмешкай успомніў, як князь Арлоў (станістая постаць, суровае аблічча, але рухаюцца толькі рукі і галава, а тулава – як каменнае torso ў крэслах, а позірк часам разумны, а часам блукае, бы ў вар’ята) сказаў пра Мураўёва:
– Ён разумнейшы за ўсіх іх, але глядзіць то наперад, то назад, то па баках, абы толькі сабе не пашкодзіць.
Мураўёў між тым бурчаў словы, якія нічога не азначалі, акрамя раздражнення:
– Міністры. Плуцягі… Чэўкін хаця б… Il n'est pas considere; il a de lesprit; il est bossu. Cette araignee a une constitution dans sa dosse[147].
І хоць лічыць міністраў канстытуцыяналістамі было несправядліва ў вышэйшай ступені – Валуеў засмяяўся.
– А Рыбап’ер? – бурчаў Мураўёў. – Не Рыбап’еры яны, а Рабесп’еры.
“Гэ, – падумаў Валуеў, – ды ты ніжэй усякай крытыкі”.
А сам сабе вырашыў, што на рауце ў вялікай княгіні скажа аб ім (а магчыма, і ў дзённік запіша, каб ведалі ягоную памяркоўнасць) прыблізна так:
– Бедны Міхаіл Мікалаевіч. Жудасна яму даводзіцца. Дзе ранейшы апломб і ранейшая ўпэўненасць у поспеху ўсепадданых дакладаў?
Гэта ўзвысіць яго, Валуева, і запэўніць усіх у ягонай бесстароннасці.
Было тым часам адзінаццаць, а ў дванаццаць пачыналася пасяджэнне Дзяржаўнага савета. Яны рушылі да выхада. Валуеў перадаў звычайныя свецкія плёткі, каб шэф не заўважыў заклапочанасці.
– Сёння да мяне заязджаў ваенны міністр[148]. Ён ледзь не больш чырвоны за брата. Ва ўсякім разе, больш жоўчны. Я яму сказаў, што нельга аб’яўляць вызвалення на масленіцу, калі ўсе п’яныя. Ведаеце, які адказ?
– Але?
– “Дык што ж, скарбу і адкупшчыкам будзе больш даходу”.
…Цяпер яны ехалі ў адной карэце. Карэта падначаленага кацілася пустая за карэтай шэфа.
Валуеў глядзеў у акно. На скрыжаванні вуліц давялося на хвіліну спыніцца. Паўз карэты ішлі прахожыя. Два з іх прыцягнулі да сябе ягоную ўвагу. Адзін – мужнай і ўзнёслай прыгажосцю. Другі, ніжэйшы, – асіметрычнымі вачыма на цяжкаватым абліччы.
Вочы сустрэліся. І прахожыя не адвялі іх, пакуль карэта не кранулася.
“Зусім юныя, – з нечаканым неспакоем падумаў Валуеў. – Але якія вочы. Якая мужная і неспакойная прыгажосць у аднаго. І які страшны ў сваёй суцэльнасці, здатны на ўсё твар у другога”.
Ён быў фізіягнаміст і часта раздумваў над абліччамі сустрэчных:
– У-у, якія вочы!
…
– Хто такі? – спытаў у Кастуся Загорскі.
– Не ведаю. Нейкая брыда. А вось у спадарожніка ягонага – вось гэта аблічча. Як гіена. Хацеў бы я ведаць, хто гэта такі.
– Хадзем, браце. Нас чакаюць.
Яны паскорылі крокі.
Валуеў хадзіў па перадпакоі, чакаючы, пакуль яго выклічуць даваць звесткі па сельскай гаспадарцы. Ён ведаў, што гасудар зараз пачынае пасяджэнне кароткай прамовай, у якой нагадвае аб папярэдніх фазах сялянскай справы і паўтарае патрабаванні, каб справу разгледзелі без зацяжак.
І хоць ён ведаў, што потым прачытае чарнавік прамовы, яму было непрыемна і суцяшала яго толькі тое, што хутка і ён, Валуеў, будзе сядзець сярод членаў савета, а для некаторых гэтая магчымасць днямі скончыцца, і таму яму, Валуеву, лепей, бо для яго яшчэ ўсё наперадзе.
Валуеў ведаў: чакаць доўга, не менш як да пяці-шасці гадзін, і нудзіўся. Часам, праходзячы паўз дзверы, чуў галасы.
Ага, Гарчакоў паўстае супраць парушэння дваранскіх правоў. Строганаў і Гагарын падтрымліваюць яго. Паважаныя старыя ў сівізне. Пляшывыя малпы.
Мураўёў трымаецца за сваё. Не навучыўся нічому. Як, напэўна, халодна глядзіць на яго імператар. Валуеў усміхнуўся.
…Вось бледны фантан слоў Аненкава. Нібы скардзіцца. Расказвае нешта аб саратаўскім памешчыку з севастопальскіх герояў.
– Севастопальскі герой, ваша вялікасць. Яму належыць выдаць дачку, а праект рэдакцыйных камісій зробіць з яго жабрака.
Каму цяпер справа да саратаўскіх памешчыкаў. Ёлуп! А сорак пяць чалавек, акрамя гасудара, у тым ліку тры вялікія князі і прынц Альдэнбургскі слухаюць.
Вось зараз выступае граф Блудаў. Дзіўна, як ён не заснуў. На дакладах заўсёды спіць. Старшыня савета, прэзідэнт акадэміі, былы член “Арзамаса”.
– А propos de[149] вотчыннай паліцыі, ваша вялікасць, гэта дваранства падносіць вам бізун і пугу для хвастання мужыкоў. Глядзіце самі…
Абмяркоўваюць, абмяркоўваюць, абмяркоўваюць. Вось пытанне аб норме надзелаў і аб тым, што трэба іх прызначыць заканадаўча. Гавораць, гавораць, – божа, якая нудота! Урэшце асілілі: трыццаць галасоў pro, пятнаццаць contra.
І раптам зверху даляцеў дзіўны тупы грукат, нібы нешта звалілася. За ім, дзвюма секундамі пазней, яшчэ. Трэск быў такі, нібы нехта клінамі расколваў дрэва. Скаланулася столь. Устрывожаны Валуеў пайшоў да сходаў і пачаў падымацца ўгору. Знізу, абганяючы, спяшаліся дзяжурны афіцэр, прыгажун з белымі валасамі, і два каравульныя.
Тое, што ўпала, упала ў гербавай зале. Валуеў падышоў да дзвярэй і спыніўся, уражаны. Праз паркет бегла расколіна, выбітыя дубовыя планкі разляцеліся далёка па падлозе.
– Што такое? – спытаў Валуеў.
Афіцэр глядзеў з жахам. На падлозе ля ягоных ног, туга абцягнутых бліскучымі ботамі, ляжаў разбіты ўшчэнт мінскі герб.
Але дзяжурны глядзеў не на герб. Валуеў прасачыў, куды глядзяць ягоныя вочы, і адчуў, як і ў яго пабеглі па спіне мурашкі.
Мінскі герб ударыўся аб падлогу так моцна, што ўпала карона з другога герба, які вісеў насупраць, на сцяне, дзе не было вокнаў.
Упала карона з дзяржаўнага герба.
Афіцэр умольна склаў рукі:
– Калі ласка… Калі ласка, нікому не кажыце. Божа, што ж рабіць? Такое злавеснае здарэнне! Давядзецца распусціць чутку, што ўпала толькі карона з мінскага.
– І я вам так раю, – з усмешкай сказаў Валуеў.
Яны глядзелі не пашчапаны паркет.
– А сёння яшчэ і гадавіна з дня смерці Пятра Вялікага, – сказаў афіцэр. – Божа мой, божа!
XIV
– Так, – сказаў Кастусь. – Розныя плёткі ходзяць аб гэтым падзенні. Вось яно, хлопчыкі, якая справа. А паколькі вызваленне, як кажуць, на носе, то нам трэба быць на месцах. Усім, акрамя мяне.
Хлопцы, чалавек пятнаццаць, і сярод іх Алесь, Мсціслаў, Ямант, Звяждоўскі, сядзелі ў пакойчыку непрытульнай пецярбургскай кватэры. За вокнамі была цёплая зіма, ішоў дождж са снегам.
– Кажуць, вось-вось накіруюцца па Маскоўскім гасцінцы да сарака генералаў світы і флігель- ад’ютантаў, – спакойна сказаў Звяждоўскі. – Для назірання за ходам сялянскай справы. Буткоў надзяліў кожнага афіцыйным чамаданам з афіцыйным ключом і за пячацямі. У чамаданах павязуць новыя сялянскія палажэнні і здадуць губернатарам.
Звяждоўскі выглядаў у бліскучым штабным мундзіры вельмі эфектна.
– Што мы павінны рабіць? – спытаў Мсціслаў.
– З усіх сіл стрымліваць сялянскія выступленні, калі яны будуць, – змрочна сказаў Кастусь. – Не час для крыві. Дый потым, якая з іх карысць, з разрозненых? Вось калі ўжо зальюць мужыкам сала за шкуру, як пачуюць на сваёй спіне, што яно такое, царская воля, – тады будзем біць у набат.
147
Ён не карыстаецца павагаю; ён дасціпны; ён гарбаты. Гэты павук носіць канстытуцыю ў свім горбе (франц.).
148
Дзмітрый Мілюцін. Брат ягоны, Мікалай Мілюцін, быў сенатарам, а пазней – статс-сакратар па справах Царства
149
Наконт (франц.).