Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Вёска. Нічые. Рэвізія - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Вёска. Нічые. Рэвізія

Электронная книга - «Вёска. Нічые. Рэвізія». Краткое содержание книги:

Аповесці Нічые, Вёска і раман Рэвізія, што складаюць чарговую кнігу лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа Андрэя Федарэнкі, яшчэ падчас часопісных публікацый атрымалі шырокі чытацкі розгалас, прычым ацэнкі былі неадназначныя, нават палярныя. Чытаюцца творы вельмі лёгка, яны насычаны дэтэктыўна-прыгодніцкімі элементамі, разам з тым аўтар прытрымліваецца строгай дакладнасці гістарычных фактаў.
1 ... 160 161 162 163 164 165 166 167 168 ... 198
Перейти на страницу:

— Што, успомніў трохі? — ад уважлівага Міканора не схавалася перамена на ягоным твары. — Смяюся.

— Трохі…

— А я што казаў? Патрошку, не ўсё адразу, пажывеш, агледзішся… Дамоўка, брат, усё напомніць. Зараз, я мігам, — Міканор кінуўся ў хату, на хаду паспеўшы выцерці падэшвы чаравікаў аб мурог ля ганка.

Трухановіч прысеў на бярвенні. Вось амаль і спраўдзіўся ягоны сон­мроя… «Бацька» распрагаў каня. З хлява чулася цырканне — разумніца Наста, замест таго, каб бянтэжыць Трухановіча разглядваннем, займалася справаю. «Маці» пастаяла крыху воддаль, мабыць, спадзеючыся пачуць якое слоўка ад «меншага». Тады прамовіла — ці то яму, ці сама сабе: «Пайду памагу», і таксама схавалася за зачыненымі варотамі ў хляве. Нарэшце хоць на нейкі міг Трухановіч астаўся адзін.

Але Міканор ужо куляю ляцеў да студні — энтузіазм, прага дзейнасці, жаданне ўслужыць блізкаму свайму так і перлі з яго; звінеў ланцугом, стукаў акаваным абручамі вядром­цэбрыкам, выцягваў ваду… Цераз плячо ў яго перакінуты быў чысты палатняны ручнік.

— Ану, хадзі, здымай гімнасцёрачку! — і гімнасцёрку памагаць пачаў сцягваць, чым толькі балесней рабіў ды перашкаджаў. — Зараз астудзімся!

Мітусня яго да таго дайшла, што нават, паліваючы, адначасова і намыльваць мкнуўся Трухановіча. А вада і праўда была ледзяная, пахла калодзезем, мылам і крыху зялёным мохам, які рос на асклізлых бярвеннях усярэдзіне студні.

Санлівасць як рукою зняло. Вымыты, і пасвяжэлы, і галодны, з адной думкаю: дзецца няма куды, трэба аглядвацца, запамінаць і прывыкаць, Трухановіч — ізноў­такі паперадзе далікатнага Міканора — зайшоў у хату. Тут было светла, прасторна і, у параўнанні з дваром, чыста і прыбрана. Вымытая, дзе­нідзе яшчэ мокрая падлога тхнула свежым аерам. Ад цёплай печы плылі пахі смажаніны. У дальнім кутку перад узятымі ў ручнікі абразамі стаяў «бацька», вусны яго варушыліся, а пальцы складзеныя былі ў шчопаць.

— Апускайся! — Міканор далонню правёў па лаве. — Зараз матку з жонкаю, Настаю маёй, пачакаем. Прыдуць, усё арганізуюць… Смяюся! — знарок гучна гаварыў Міканор, падміргваючы Трухановічу і ківаючы на «бацьку». Затым зняў, павесіў на цвік шапку, прысеў на табурэтку і разам з ёю прысунуўся да «брата» блізка. Паклаў яму руку на плячо. Усміхаўся прыязна, адкрыта. Трухановічу нічога не заставалася, як усміхацца ў адказ. Так і сядзелі — моўчкі, адзін аднаму ўсміхаючыся, як бы любуючыся адзін адным.

На самой справе Трухановіч скарыстоўваў гэты тайм­аўт, каб больш пільна разгледзець новаспечанага братца. Спакойныя вочы. Паголены, чысты, правільны твар. Прычоска «пад гаршчок» — у прамым сэнсе: відаць, без лішніх мудросцяў адзелі чалавеку гаршчок на галаву і ўсё, што з­пад яго вытыркалася, авечымі нажніцамі адхапілі, пакінуўшы капу валасоў зверху і вушы­лакатары па баках. Старэнькі, чорны, залатаны на локцях картовы пінжачок, такія ж — гарнітур! — штаны. На нагах дубовыя чыгуначніцкія чаравікі­«гады»... Зрэшты, як для таго часу і для таго дастатку чалавек, так адзеты, мог лічыцца, відаць, заможным.

Усё гэта было знешне. А вось што ў гэтай аббамберанай галаве? Што за душою? Трухановічу хацелася адшукаць якуюсь несімпатычную рысу ў Міканоры. Ён усміхаўся і ўсё разглядваў яго, вачыма, нібы рэнтгентам, стараючыся пранікнуць яму ў самую душу. Марна. Не было да чаго прыдрацца. Адэкватныя паводзіны, як трэба ўсё гаворыць, акрамя хіба злоўжывання гэтым «смяюся»… Нічога кепскага ў Міканоры не было. І ўсё ж Трухановіч гатовы быў паклясціся — не просты, не аднамерны гэта тып. Ёсць у яго і задняя думка, і другая душа, і двайное жыццё. Але паспрабуй вось так, адразу, разбярыся! Хіба пазней, з часам…

Пакуль ён аддаваўся такім роздумам, Міканор казаў:

— Значыць, кантузія? Ну, нічога. І не такое бывае… Знойдзецца, чым заняцца. Пісьменныя людзі во як трэба. Паперы з сабою? Добра! А тое, што не помніш, дык яно, можа, яшчэ і лепей — пра тую жытку лепш не помніць… Жартую.

Жарты жартамі, аднак голас у Міканора з задушэўнага змяніўся на амаль афіцыйны, начальніцкія ноткі ў ім загучалі. Відаць было, што не так сабе чалавек распытвае, а па справе, з намерам памагчы.

— Ведаеш, я б хацеў аддыхнуць трохі, — сказаў Трухановіч. — Дзе гэта можна? — спытаў, позна спахапіўшыся, што не варта яму было б карыстацца тэрмінамі з далёкай сваёй будучыні, такімі як «ведаеш», ды «дарэчы», ды «зрэшты»…

Не схавалася гэта ад Міканора.

1 ... 160 161 162 163 164 165 166 167 168 ... 198
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)