Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Прашу прабачэння, што збудзіла Вас, але, магчыма, іначай цяжка мне было б ад Вас дабрацца дамоў, бо не дастала б білета.
Я з болем чула, што Еўдакія Лось вельмі востра звяртаецца супраць маёй кніжкі ў самыя высокія ўстановы… Я яе не ведаю, але гэта – брыдкі паступак, і не спадзяюся, каб ён меў поспех у разумных людзей. Ёсць розныя напрамкі паэзіі, і гэта яе абагачае. Я люблю свае карэнні і наш беларускі, славянскі твар! Паэт мусяе не толькі слухацца, але і думаць, добра думаць і сапраўды лавіць у Нёмане беларускага жыцця сваіх шчупакоў.
Прашу перадаць ад мяне падзяку і прывітанні ўсім сябрам. Цудоўная ў Вас жонка, якую шчыра цалую. Марынку абнімаю, а Вам кланяюся. Падзяка і прывітанні Вашай сямейцы ад мужа.
Ваша Ларыса Геніюш.
4 траўня 1968 г., Зэльва
Максім Танк!
Толькі ўчора А. Н. Карпюк расказаў мне аб усім, што ў апошні час робіцца ў Б[еларускім] С[аюзе] п[ісьменнікаў] вакол майго імя і кніжкі. Я балюча і трагічна зразумела насамперш адно: Вы і іншыя людзі, якія стараліся мне дапамагчы, маюць незаслужаную непрыемнасць з гэтай прычыны. Абедзьве кніжкі мае няхай гавораць самі за сябе, я закрану падзеі.
Аднойчы я ўжо ў БСП аб гэтым пісала, але гэтая вялікая юстычная несправядлівасць свядома і здзекліва зноў закранула балючае і незажыўшае. Мне сказалі, што адпаведныя органы паказваюць маладым беларускім пісьменнікам «дакумент» аб падпісанні пражскімі беларусамі тэксту тэлеграмы Гітлеру ў сувязі з нападам апошняга на Савецкі Саюз.
Вось як на следстве, так і цяпер кажу, што гэта НЯПРАЎДА!!! Ніхто, паўтараю, ніхто са змушаных прыйсці ў той дзень на сход Бел[арускага] кам[ітэту] самапомачы ў Празе падобнай тэлеграмы ці пастановы не падпісаў! Уся б гэта справа выглядала б гратэскна, каб не трагічнае становішча тых дзён і тэндэнцыйна несправядлівы падыход да яе следчых сталінскай эры.
У канцы 1937 г. я на польскі пашпарт (такі ж меў і мой муж) з вялікімі цяжкасцямі і перашкодамі выехала ў Прагу. Пасля знішчэння польскай дзяржавы мы аўтаматычна засталіся без грамадзянства. Усе такія людзі, як наогул людзі іншых нацыянальнасцяў у Чэхіі, яўрэямі пачынаючы, мусілі, паводле загаду немцаў, арганізавацца ў адпаведных, дазволеных уладамі ўстановах. Гэты загад і ўстановы былі нават пададзеныя чэшскай прэсай. Для беларусаў гэта быў Бел[арускі] кам[ітэт] самапомачы, які заснаваў і пастараўся ўзначальваць Ян Ермачэнка. Сярод членаў камітэту была і захавалася да канца вайны яўрэйская сям’я Вальфсонаў (бацька, сын, дачка). Камітэт асаблівай дзейнасці не праводзіў, а нейкай палітычнай дзейнасці не праводзіў зусім, не да таго было людзям.
Аднойчы, у дзень нападу фашыстаў на Савецкі Саюз, у дзень трывогі, неспакою ды адчувальнага проста тэрору Ермачэнка асабіста і грозна аб’ехаў усіх беларусаў са строгім загадам — сабрацца ўсім назаўтра а такой і такой гадзіне ў яго на кватэры. Дарэчы, там з яго «ласкі» той камітэт і памяшчаўся. Не паслухаць загаду было ў той час амаль раўназначна лагеру. Прыйшлі ўсе. Не было толькі майго мужа, які [неразб.] спакойна замяшчаў спецыяліста скур[на]-вэн[ерычных] хваробаў доктара Віцеслава Градзіла, стараючыся не пападацца немцам на вочы.
Сход пачаўся трывожна і дзіўна. Ермачэнка, які заўсёды быў старшынёю сходаў, на гэты раз аб’явіў: «Старшыня арганізацыі не можа быць старшынёю сходу!» Ён пачаў прапаноўваць іншых і мяне ў тым ліку, усе чамусьці адмаўляліся, В. Захаркам пачынаючы. Настрой рабіўся трывожна-напружаным. У гэты час увайшоў мой муж, якому Ермачэнка тэлефанаваў на працу, каб ён з’явіўся. Не паспеў той увайсці ў хату і адумацца, як прызначылі яго, першы і апошні раз у жыцці, старшынёй сходу гэтага камітэту…
Усе чакалі. Ермачэнка знік у раскошы пакояў, адкуль прынёс гатовае пасланне таму клятаму фюрэру, якое і зачытаў усім прысутным! Сябры замоўклі, але пасля пачалі даводзіць, што камітэт гэты — арганізацыя апалітычная (хто ж тады славянам нейкую «палітыку» дазваляў?). І таму не мае права на падобныя тэлеграмы. Ермачэнка лоўка вывернуўся, кажучы: ну, тады гэта будзе ад бел[арускай] калоніi ў Празе.
Сказаць, што мы — супраць, гэта было б роўным чынам ісці ў Асвенцым. Гэтая камедыя не была таго варта! Але пратаколу сходу гэтага падпісаць з нас ніхто не мог і ніхто не падпісаў!!! Клятую тую тэлеграму падаў назаўтра сам не меней кляты Ермачэнка, паставіўшы пад яе імя, якое яму найбольш спадабалася, імя «старшыні сходу»…