Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
У выдавецтве сустрэлі мяне радасна, усе прыбеглі, аж я разгубілася. Караткевіч з радасці ўсё стараўся пацалаваць мяне пры людзях, чым угнявіў мяне канчаткова. Дырэктар выдавецтва тав. Матузаў быў вельмі мілы, ён даў мне свой экземпяр маёй кнігі, якую мы адразу з выдавецтва паслалі сыну ў Беласток.
У Саюзе пісьменнікаў ізноў мы спаткаліся з Алесяй Ігнатаўнай. Яна выбіралася па справах у Каралішчавічы. Я пазнаёмілася там з Марыяй Канстанцінаўнай, жонкай пісьменніка Бароўскага, здаецца, які праседзеў 20 гадоў і ўжо памёр, ды з вельмі сімпатычнай жонкай Таўлая. Туды прыйшоў па мяне Прашковіч. Надта сімпатычны малады наш паэт у ваеннай форме: Сяргей Панізнік. У мінулым годзе выйшла яго першая кніжачка паэзіі “Кастры Купалля”. Усяго не апішаш.
З Караткевічам пасварылася канчаткова дзеля вечнай гарэлкі і нетактоўных паводзінаў. Яго дзяўчына неблагая, і калі здарыцца супружжа, то я болей яе буду шкадаваць, чымсці яго.
Прозвішча Бібіла вельмі часта мне давялося чуць у дзяцінстве ад майго дзеда і дзядзькоў. Белакоз павінен гэтую справу добра ведаць. Як найхутчэй пашлеце мой адрас сяброўцы Бібіла, у нас з ёю будзе нямала спраў!
Кнігаў маіх яшчэ ў Менску ў продажы няма. Нам прыслалі некалькі накладным плацяжом з кнігарні. Хлопцы жаляцца, што не маюць з чаго пісаць рэцэнзіі.
Вельмі цяжка жывецца дочкам п. Алесі [Смоліч], але ў адной муж і дочка, паводле слоў п. Алесі, – чыстыя шызафрэнікі, а яна ў іх нявольніца. Я парадзіла п. Алесі, каб кідала той Кіеў і ехала ў Менск, каб і тая дачка змагла да яе хоць раз у год прыехаць ды адпачыць. П. Алеся мае 80 з нечым руб. пенсіі, а гэта ўжо амаль дастаткова для адной асобы. Яна купіла сабе і той сваёй дачцэ цёплыя, на кажушку, чаравікі, бо, як пісала другая дачка, тая ходзіць у туфлях па глыбокім снезе.
Атрымала вельмі харошага і разумнага ліста ад М[аксіма] [Танка]. Ён паехаў на месяц у Маскву. Смяецца з майго падарожжа і просіць болей пісаць вершаў. Якая ж разумная, якая ж харошая Любоў Андрэеўна, ягоная жонка, яна і Вам спадабалася б.
У мяне прыкра тое, што надта аслабеў муж. Ледзь ходзіць на працу. Нічога яму не баліць, а сілаў усё меней. Гляджу яго, як малое дзіця. Калі атрымаю ганарар, дык куплю яму ўсё, каб меў радасць! Ён вельмі хоча магнітафон…
Адна дама з Польшчы прыслала польскую газету, дзе інтэрв’ю з нашым сынам з прычыны прызнанай яму польскім радыё конкурснай награды за апавяданне. Ён тэлефанаваў толькі, што збіраюцца разводзіцца… Мая галава з гэтага ўсяго трашчыць! Нікуды, аднак, не мяшаюся: дарослыя, няхай робяць што знаюць. Я іх не разумею! Косці і Лёдзі болей нічога не пашлю, бо, можа, ім усё гэта і не патрэбна…
Ля аўтобуса пазнаёміў мяне сябра Мальдзіс (яны з Прашковічам мяне праводзілі) з Новікам-Пеюном, але часу было ў нас усяго 5 мінут. Гэта была такая радасная сустрэча, каб Вы ведалі! Ён абяцаўся прыехаць да нас. Ад Белакоза ўчора быў ліст, нешта не ўспамінае аб Вашым лісце. Белакоз прасіў адрас Г. Кісялёва. Я яго накіравала да Вас. Фатаграфіі мне цудоўна зрабілі ў “Звяздзе”.
Цалую Вас і сардэчна Вам кланяюся. Вітаю ўсю Вашу сям’ю.
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 12 лютага 1968 г.
Дарагая Людвіка Антонаўна!
Дзякую Вам за ліста. Вельмі сумна, што Вы захварэлі. Як чуецеся цяпер? Можа, Вы прастылі?
Сяння мела магчымасць паслаць Вам сваю кніжку. Калі яе атрымаеце, абавязкова паведамце, бо, як ні дзіўна, кнігі гінуць нават з пошты! Юра кнігу, высланую яму ўрачыста з выдавецтва, не дастаў. Прыйшоў толькі пусты канверт. Тэлефанаваў аб гэтым, злосны, учора. Л. Луцкевічу і Шышэям мае выслаць з Менску Прашковіч (на мой кошт). Убачымся некалі з імі, дык падпішу. Першыя кнігі я разаслала сваім самым старым і дарагім знаёмым. У Вільню – толькі Клімовічам, і то не ведаю, ці яны атрымалі… Сяння ім напісала. Бывае, што лісты ад іх гінуць…
Таксама прашу не гневацца на Белакоза. У яго таксама не заўсягды соладка. У нас тут – законы тайгі… Можа, і ён не атрымаў Вашага так цэннага ліста. Пастараюся туды пад’ехаць.
Памыляецеся крыху адносна мяне. У Менску я чулася вельмі дрэнна. З натуры я чалавек задумчывы і невясёлы. Мне там было часамі так пагана, што не вытрываць. І найгорай тое, што не магу гэтага скрыць… Я прывыкла да ціхага і беднаватага жыцця. Гэта не фразы, але сапраўды я і муж толькі жывем, дышам і існуем для Краю… Гэта і літаратура, і круг знаёмых, і гэтыя капейкі, што нам застаюцца, – усё на адну мэту: то паможам, то пагасцім каго, а калі трэба, дык і пашлем. Нічога ў нас няма больш, і жыць нам ужо не так доўга і засталося. Вось толькі ёсць многа кніг і, Богу дзякаваць, унукі. Што да сына, то няхай робіць, што знае, бо жыць з нявесткаю нашай, як пішуць людзі, нельга! Гэта тое самае, каб мяне пасяліць з якім Берыяй…