Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Учора напісала ў гарачцы Вам даўгога ліста. Спаліла яго. Усё не магу змірыцца з тым, што Аляксей Нікіфаравіч [Карпюк]за мяне пацярпеў… Я асабіста нікому ў жыцці не раблю зла, гэта маё жыццёвае credo, і падобныя метады для мяне агідныя, як праступнасць… Мне так душна стала, так не вытрываць усяго гэтага здзеку над намі…
Прабачце ласкава мне за гэткі мой тэмпературны ліст…
Шчыра вітаю Вашу сямейку і маю Ніначку. Болей і баюся каго вітаць…
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 12 чэрвеня 1968 г.
Даражэнькія!
Дзякую за ліста. Туліпаны Вашыя цудоўныя, і такіх у мяне няма. Ёсць два белых ад п. Кароль. Муж некалі ў яе выпрасіў.
Цяпер я амаль нікому не пішу, нейкі жаль, боль і злосць усе разам мяне замучаць… Зноў трагедыя, зноў правакацыя. Тое, што пачало гестапа ў 1941 г., прадаўжаецца сяння, толькі другімі рукамі… Найболей агідна, што ўсё гэта робіцца сведама, брудна. Не хачу тут больш жыць, не магу дыхаць болей гэтым паветрам няпраўды і правакацыі! Мусіць, падобнае можна тварыць толькі над беларусамі… Якая агіда…
Не буду Вам пісаць, у чым справа, гэта будзе знаць Лёня, датычыць той газеты з Магадану, той справы. Як усё лжыва, як усё хітра, як подла… Толькі цяпер я поўнасцю зразумела, дзе я жыву… Не, мне нічога не грозіць, але я не магу змірыцца з махлярствам, і не зміруся… Прычынай, безумоўна, кніжка… Трэба ж нейк яе апаганіць.
Так трымацца, так змагацца з усім нямецкім усю вайну, так ратавацца ад Ермачэнкі, ад усіх яму падобных правакатараў, так горда і высока несці ў сэрцы шляхамі ўсіх цярпенняў сваю Беларусь, і бачыць і чуць такую агіду – гэта я ўжо не вытрываю. Толькі пытаюся сябе: дзе я? што за “гестапа” зноў навокал? Скуль столькі ілжы? Прыеду – дык усё раскажу. Галоўнае, што ўсё гэта ўплывае на ўсіх пражанаў і на Забэйду, якога не хочуць сюды пускаць, і яны ўсе ні ў чым не вінаватыя. Проста страх!
Пісаў Ластаўка вялікага ліста. Хварэў. Пісала П. Мядзёлка яшчэ большага ліста. Нарэшце, здаецца, яна мяне зразумела…
Вось сяджу, пішу і плачу, як бабёр… Не ведаю, калі прыедуць дзеці. Вельмі шкадую М. Танка, якому дзеля гэтых паклёпнікаў “мыюць” за мяне голаў… Найболей абурае тое, што так тэндэнцыйна, так неразумна, недальназорна топчацца праўда… Вось чаго не пераношу, з чым ніколі не згаджуся, каб пасеклі мяне на кускі, гэта з падобнымі метадамі насілля! І так, што будзе далей, не ведаю! Альбо памру, альбо мяне пасадзяць зноў, бо некаму выдзеру вочы!
Вось такі мой сянняшні ліст… Усё гэта даведалася 8 чэрвеня ад А.Н. Карпюка.
Цалую Вас і прашу прабачэння, калі хутка не напішу.
Ларыса Геніюш.
Зэльва, 3 ліпеня 1968 г.
Дарагія сябры!
Прашу прабачэння за спознены адказ. Я з пэўных прычын нікому гэты час не пісала. Я ніколі не спадзявалася такой трудной барацьбы супраць мяне ў Менску. Дырыгент гэтага хору ўсюды і заўсягды – адзін…
Цяпер крыху хварэю, прастыла. А.Н. Карпюк выклікаў мяне і ўсё мне расказаў. На жаль, у дабразычлівасць яго мне чамусці не верыцца. Няясны ён для мяне чалавек, няшчыры, з фокусамі. Пачаў, што, можа, мы і сапраўды ў вайну былі нямецкай арыентацыі і г.д. Як успомню цяпер, дык мяне трасе з абурэння. Як можна так не верыць людзям? Тыя, якія працавалі з немцамі, паўцякалі з імі, весела жывуць і працуюць сяння. А тут ужо душу атруцілі “дзеячы”, дзеці якіх не ведаюць роднай мовы! Якія знаюць толькі падазронасць і ўзаемную грызню.
З Быкавым мы пагутарылі зусім іначай – талкова, спакойна. А то я тэлефаную яму (Карпюку. – М.С.), а ён кажа мне, што Максім Танк – мой гаспадар. Проста несуразныя гутаркі ў чалавека. Вось і скасіла мяне гэта ўсё. Думаю, што прыйду ў сябе.
Падалі просьбу аб чэшскім грамадзянстве, бо падобныя выступленні Еўдакіі Лось і іншых, пад палачкай мудрага дырыгента, будуць тут трываць вечна. Якая дэструкцыя, якая дзікасць!
Аляксей Міхайлавіч, гэтага ліста перасылаю цераз Івана Шлыка – сваяка майго мужа. Хоча ён паступіць у Педінстытут. Каді ласка, парайце яму, паяснеце, дапамажэце крыху, калі гэта магчыма. У мерах магчымага, безумоўна. Хлапец ён не сапсаваны, крыху піша. Урэшце, Вам гэта будзе відней.
Карпюку аб маіх словах гаварыць не трэба. Яму гэта не паможа. Сапсуе толькі беларускія адносіны, а нас так мала… Маю вялікую надзею выехаць. Нялёгка мне гэта, замоцна кахаю свой Край, але на гэты раз кіруюся розумам, інтарэсамі майго мужа і цэлай нашай змучанай жыццём сям’і. Мне так крыўдна за ўсё, так крыўдна, што я фізічна не магу болей гэта ўсё пераносіць…