Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Цалуйце ад мяне сваю жонку Веру і малых!
Застаюся са шчырай пашанай да Вас – Ларыса Геніюш.
Зэльва, 14 студзеня 1968 г.
Даражэнькія!
Атрымала Вашага другога ліста, спяшу адказаць на яго. Дзякую Вам за святочныя прывітанні і пажаданні.
Нашыя госці прыехалі ў пятніцу, 5 студзеня, так што ўсе мы чуліся добра і па-святочнаму. Уладзімір захапіў сігнальны экземпляр маёй кніжкі. Аформлена яна вельмі хораша. Белы палатняны пераплёт з чырвонай кветачкай, супервокладка каляровая, прыгожая. Кніжку прыемна ўзяць у рукі. Тыраж зменшаны да 3250 экз.
9 студзеня Валодзя паехаў, яго выклікалі тэлеграмаю ў сувязі з фільмам. Надзежда Васільеўна ў нас. За пару дзён хоча ехаць у Менск, і я яе буду адвозіць. Плануем, што будзем рабіць у Менску. Цяпер седзімо ў хаце і даволі лёгка пераносім маразы, бо ў хаце цёпла. Я ў нас спаўняю ролю сябра Тоніка: нашу торф, ваду, палю ў печах і г.д. Нашыя госці былі прыемна здзіўленыя Тузікам, які чуецца ў нас ужо добра, хораша брэша, мяне вітае піскам і радасным танцам. Ён крыху падобны на Тарзана, і мы яго ўжо палюбілі. Не абышлося і без чаркі, пасля якой Валодзя вельмі хораша пяяў. У яго прыгожы барытон, хоць пяяў і тэнарам. Пяяў надзвычайна хораша і харошыя бел. песні. З сябрамі Лёняй, Косцяй і Юрай яны смела маглі б зрабіць бел. эстраду на высокім узроўні! Мне найболей запомнілася песня “Ад панядзелка да панядзелка добра п’ецца нам гарэлка!” Ды пра каня, які будзе “ў зямлю капытамі біць, а я пайду гарэлачку піць” і др. Я пашкадавала, што не было ў нас магнітафону, каб запісаць Валодзін голас.
У нас – халады-маразы, але ўсё не страшна. Ёлачка яшчэ стаіць, уся срэбная, зграбная. Усё ўспамінаю сястру, якая так нечакана хутка ад’ехала. Хацелася, каб яна была з намі… Ну, што ж зробіш?
У Менску маюся сустрэцца з сябрамі, але мой настрой няважны, ёсць на гэта прычыны… Муж крышачку акрэп, але страшэнна худы і есць вельмі пагана. Сяння пабег у кіно, а мы былі ўдома, адпачывалі, гутарылі. Пані Смоліч прыслала нам свае пажаданні і святочныя прывітанні. Прыехаць да нас яна не магла. Аўтобусам дарога цяжкая. Надзежда Васільеўна гаворыць пра п. Смоліч вельмі хораша, з вялікай пашанай і любоўю.
Мы з Валодзем выступалі на настаўніцкай канфэрэнцыі, але толькі для выкладчыкаў бел. мовы. Прымалі нашыя выступленні вельмі хораша. Валодзя чытаў нам новы цыкл сваіх вершаў “Таўрыда”, які прывёз з падарожжа ў Крым. Харошы вельмі верш аб магіле М. Багдановіча ў Ялце.
Вы пішаце, што ў Вас цяпло, але Вы столькі часу прабываеце на кухні, а там халадно. Глядзеце, каб не перастылі! Няхай сябра Тонік таксама болей аб сабе думае і цяплей апранаецца!
Наш сын цяпер знаходзіцца ў санаторыі, нам ён нічога не піша. Сынавая толькі павіншавала нас і коратка паведаміла, што яны ўсе здаровыя. Сястра ім завезла і мае маленькія падаркі на святы. Аб прычыне майго цяжкага настрою я сяння паведаміла сябру Адольфу К[лімовічу]. Паслала Шышэям пару кніг, не ведаю нават, ці яны іх атрымалі…
Сяння – Новы год па-старому. Доўга і хораша цягнуцца сёлета святы, можа, таму, што мы не адны. Ужо вечар. Я пішу Вам сяння, бо перад ад’ездам буду мець многа розных спраў і пасля таксама, а Вы будзеце чакаць майго ліста і непакоіцца.