Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
1 ... 137 138 139 140 141 142 143 144 145 ... 241
Перейти на страницу:

З нейкаю апантанай сілай я валаку яго цяжкае цела да агнявой. Насустрач, абдаўшы нас гарачаю хваляй, б’е па танку Папоў. І ў той жа момант недзе зусім побач — чорны, агнявы бляск і ўдар! Ён збівае мяне, я падаю, балюча выцяўшыся бокам аб зямлю, не ведаючы, цэлы або паранены, ускокваю і зноў хапаю Лук’янава. Танк — вось ён! Цяжаленная яго грамадзіна шыбуе ўсё хутчэй і бліжэй, гнецца, дрыжыць зямля, мільгацяць гусеніцы; нібы зубамі, абвешаныя запаснымі тракамі, нястрымна пруць-сунуцца на нас яго шырокія сталёвыя грудзі…

Гнучыся да зямлі і вязнучы ў пяску ботамі, я перацягваю цераз бруствер Лук’янава і разам з ім падаю пад колы гарматы. Некалькі куль наўздагон лязгаюць па шчыце і рыкашэцяць у бакі. У акопе стукоча кулямёт — гэта Крывёнак б’е па пяхоце. Камандзір з Задарожным ляжаць між станін; ля прыцэла адзін Папоў… Але чаму гэта сціх Жаўтых? Чаму ён не камандуе, чаму не кратаецца — прываліўся плячом да станіны і маўчыць. На каленях я падскокваю да яго — ззаду глушыць стрэл, гармата, бы жывая, жахліва тузаецца, у спіну балюча б’е гільза. Я хапаю камандзіра за плячо, ён спаўзае са станіны на дол, і струмень цёплай крыві аднекуль з шыі пырскае мне ў твар, высокім дробным фантанам абдае нерухомую Лёшкаву спіну. Я прыпадаю да зямлі, намацваю і заціскаю пад расшпіленым Жаўтыховым каўняром невялічкую ранку, але кроў усё роўна б’е і апырсквае ўсё навокал. Збялелыя павекі Жаўтыха няўцямна торгаюцца, погляд увачавідкі тухне, і зрэнкі закочваюцца ўніз. Ён не пазнае мяне.

— Камандзір! — чуецца побач незвычайны нейкі, асіплы і спознены крык Задарожнага. — Хлопцы, камандзіра забіла!!!

Ад гэтага моташнага крыку жах скаланае і мяне. Я ляжу на зямлі і чую, як дрыжыць яна, трасецца, калоціцца… Танка мне не відаць, але я адчуваю, што ён ужо за некалькі метраў ад нас і зараз усё будзе скончана. І тады, крутнуўшыся на станіне, паварочваецца сюды Папоў:

— Зараджай, Лошка! Сабак, такую тваю!.. Зараджай!

Трашчыць-захліпаецца Крывёнкаў кулямёт, Задарожны дзярэ пальцамі зямлю і горнецца-ціснецца кудысьці пад бруствер. Апантаны ад небяспекі і лютасці, я піхаю Задарожнага ботам у бок, крычу: «Зараджай! Зараджай, сволач!» Але пакуль ён бокам, як рак, перапаўзае да скрынкі, я сам хапаю снарад і скрываўленымі рукамі штурхаю яго ў ствол. З Жаўтыховае шыі зноў вырываецца тонкі струмень, толькі ён хутка меншае і, калі я падпаўзаю да камандзіра, знікае зусім. Ашалелыя вочы Жаўтыха спыняюцца…

Здаецца, усё! Канец…

Я адскокваю да снарадаў, — танк у пяцідзесяці кроках — не болей. Адной гусеніцай ён падмінае пад сябе рэшткі кукурузнае кучы, скасабочваецца, узмахвае ў паветра даўжэзнай гарматай, з-пад днішча струменямі пыхае дым і пыл. Папоў секунду марудзіць і раптам зноў усхопліваецца са станіны.

— У акоп!..

Гахае стрэл. Праз пыл з агнявой паспяваю згледзець, як танк адным бокам тузаецца наперад, нібы спатыкнуўшыся, з разгону дзёўбае ствалом у зямлю і спыняецца. Уперадзе вострымі зубамі тырчыць праз дым накіроўваючае кола. Гусеніцы на ім няма. Танк стаіць да нас бортам.

Падбілі!

Але танкавая гармата раптам ажывае, матлянуўшы ў паветры тормазам, апісвае паўкруг, скрыпнуўшы, паварочваецца вежа, — гэта на нас. Папоў, не цэлячыся, круціць махавічкі наводкі, і наш маленькі кароценькі ствол з самаахвярнай гатоўнасцю скіроўваецца насустрач.

Цяпер хто хутчэй! «Хутчэй!!!» — вызверваецца ў мяне ўнутраны крык. Я кідаюся ў доле да скрынак, галовамі мы сутыкаемся ў пыле з Лёшкам; стукнуўшыся, разлятаемся ў бакі, пад мае калені падае яго пілотка, у дрыготкіх ягоных руках — снарад. Зараз жа лязгае клін.

— Прэч! — ускрыквае Папоў, і цераз мяне з дзівосным спрытам куляецца ў акоп Лёшка. Танкавая гармата, неяк дрыготка і сутаргава клюючы, апускаецца ніжэй, ніжэй… Гэта апошняе, што я паспяваю адчуць, і на каленях, уніз галавой кідаюся за Лёшкам.

Стрэл і выбух наверсе грымяць адначасна. Вялізная глыба ад сцяны рушыцца на мае плечы, нейкай калючай жарствой абдае патыліцу, я, здаецца, глухну на некалькі секунд і мярцвею, напаўзасыпаны…

Раптам становіцца неяк дужа сцішана. Грымотны грукат ураз абрываецца, сціхаюць блізкія выбухі, толькі незнаёма даносіцца з далечы густое выццё танкаў і ціхенька дрыжыць зямля. Я чагосьці жахаюся, выгрэбваюся з зямлі і выскокваю з абрушанага, разбітага акопа.

12

«Прапала ўсё, дашчэнту, назаўсёды!..»

Першае, што кідаецца мне ў вочы, — добрая, з паўметра глыбінёй, яма ўскрай нашай пляцоўкі. У гэтую яміну адным колам правалілася-скасабочылася наша гарматка, і між яе станін тварам у зямлю нерухома ляжыць засыпаны пяском Жаўтых. Побач, гэткі ж зацярушаны зямлёю і пылам, спаўзае на лапатках з бруствера, пэўна, выбухам адкінуты туды Папоў. Ні каскі, ні пілоткі ў яго няма, грудзі залеплены нечым мокрым. Наводчык няўцямна, нейкім вар’яцкім паглядам глядзіць у той бок, дзе толькі што грукацеў і пёр на нас танк… Але чаму ж так ціха і дзе танк?

1 ... 137 138 139 140 141 142 143 144 145 ... 241
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)