Песня песняў
- Автор: Шолам-Алейхем
- Язык: белорусский
- Переводчик: Фелікс Баторын
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Песня песняў». Краткое содержание книги:
Гэта выйшла са сваёй спальні Бузя.
Я ўглядаюся ў Бузю — я магу паклясціся, што адно з двух: альбо яна плакала, альбо не спала ўсю ноч.
Мама мае рацыю: як дрэва вырасла яна. Як ружа расцвіла. Яе вочы, яе прыгожыя блакітныя вочы з «Песні песняў» гэтай раніцой зацягнутыя лёгкай смугою. А ўвесь твар яе гэтай раніцой пакрыты лёгкім ценем. І ўся Бузя — загадка для мяне. Балючая таямніца. Шмат што хацеў бы я ведаць. Чаму Бузя не спала гэтай ноччу? Мне трэба ведаць, каго яна бачыла ў сне: мяне, дарагога госця, якога яна так доўга выглядала і які прыляцеў дамоў так нечакана? Альбо таго, іншага бачыла яна ў сне? Іншага, каго мама з татам жывасілам навязалі ёй супраць яе волі?.. Бузя — таямніца для мяне. Балючая таямніца. «Ган ноул ахойсі кало — сад замкнёны яна, сястрыца, нявеста мая; сад замкнёны, крыніца запячатаная…»
Бузя — таямніца для мяне. Балючая таямніца. Некалькі разоў на дзень мяняецца ў яе настрой, як надвор'е пахмурным летнім днём: толькі што было цёпла, а ўжо стала прахалодна. А то зноў выгляне сонца з-за хмараў, і робіцца хораша. Пакуль не набяжыць новая хмара — і тады зноў робіцца маркотна і змрочна.
Няма таго дня, каб Бузя не атрымлівала ліста ад «некага». Няма таго дня, каб яна не адказала яму, гэтаму «некаму».
Я вельмі добра ведаю, хто ён, той «нехта», і таму не распытваю яе. Я не гавару больш з Бузяю пра яго. Я ўпэўнены, што ён чужародны, навязаны. Але Бузя сама гаворыць пра яго. Ці не занадта многа гаворыць яна пра яго? У лічаныя хвіліны, калі мы застаёмся з ёю ўдваіх, Бузя гаворыць са мною пра яго. І хваліць яго. Хваліць яго напрапалую. Ці не занадта многа хваліць яна яго?
Яна мне кажа:
— Ты хочаш ведаць, хто ён? (Яна апускае вочы.) Ён такі вытанчаны. О! Вельмі вытанчаны. Ён добрасардэчны. О! Вельмі добрасардэчны. Толькі… (Яна ўздымае вочы на мяне і смяецца.) Яму далёка да цябе. Хіба яму раўняцца з табою?..
Што Бузя хоча гэтым сказаць? Яна хоча паддобрыцца да мяне? Ці яна пакеплівае з мяне?
Не, яна не паддобрываецца і не пакеплівае з мяне. Яна вылівае сваё сэрца…
Гэта як двойчы два.
Пасля гарбаты мама з Бузяю пайшлі на кухню мудраваць над сняданкам, а мы з татам сталі на малітву. Я адбыў нумар хуценька, а тата, завінуўшыся ў талес і прыладзіўшы тэфілн, яшчэ стаяў тварам да сцяны і ўзносіў хвалу Пану Богу. Раптам увайшла Бузя, прыбраная, з парасончыкам у руцэ, і звярнулася да мяне:
— Пайшлі.
— Куды?
— За горад. Проста пройдземся. Дзень цудоўны. Рэдкі дзень.
Тата павярнуў да яе галаву, глядзіць паверх сваіх сярэбраных акуляраў. А Бузя нацягвае на рукі пальчаткі і кажа яму:
— Ненадоўга, тата, ненадоўга. Мы хутка вернемся. Мама ведае, што мы ідзём. Хадзем, Шымек. Ты ідзеш?
Хіба можа раўняцца найлепшая музыка, найцудоўнейшая сімфонія з гэтымі словамі, што дайшлі да майго слыху? У іх чуваць водгулле «Песні песняў»: «Лэхо дойдзі — хадзем, любы. Нэйцэй гасодэ — пойдзем у шырокія палі. Мы будзем начаваць у вёсках. Мы наведаем вінаграднікі. Паглядзім, ці зацвілі лозы? Ці наліваюцца гронкі?..»
Не помнячы сябе ад радасці, я пускаюся следам за Бузяю і не чую пад сабою ног. Што з Бузяю? Упершыню за ўвесь час, што я дома, здарылася такое: Бузя паклікала мяне пагуляць разам. Што ж гэта такое з Бузяю?..
Бузя мае рацыю. Дзень цудоўны. Рэдкі дзень.
Па-сапраўднаму ацаніць такі летні дзень можна толькі ў нашым маленькім бедным мястэчку, выбраўшыся з цеснаты яго вузкіх вулачак на божы свет, вольны і прыгожы. Зямля апранула сваю зялёную мантыю, прыбралася ва ўсё багацце шматколерных палявых красак. З аднаго боку яе акантоўвае сярэбраная рака, з другога боку — нізкарослы, але густы лясок. Сярэбраная рака нагадвае сярэбраны кант новага талеса з блакітнай шэрсці. Густы лясок нагадвае густую пасму кучаравых валасоў, якія час ад часу кранае ветрык.
На Бузі была блакітная сукенка, лёгкая, як дыханне, празрыстая, як паветра, як нябёсы. Яе парасончык быў з зялёнымі карункамі, на руках — белыя пальчаткі. Шматколернаю яна была, шматколернаю, як поле.
Апошні раз, кажа мне Бузя, яна адпрасілася ў маці. Апошні раз хоча яна развітацца з горадам, з ваколіцаю, з кладамі, з млынамі, рэчкаю, мастком. Дзеля гэтага апошняга разу зрабіла ёй маці ласку. Нявесце нельга адмаўляць, ха-ха… Нявеста свайго даб'ецца… Што скажаш, Шымек?
Шымек не гаворыць нічога. Мне здаецца сёння, што Бузя вясёлая нейк па-дзіўнаму. Ненатуральна вясёлая. І смяецца яна як пад прымусам. Ці гэта мне толькі здаецца?
— Ты помніш, Бузя, калі мы тут былі?
Я нагадваю ёй, калі мы тут былі. Даўно-даўно. Шмат гадоў таму былі мы тут. Мы ішлі сюды ўдваіх ірваць зелень на швуэс, калі яна памятае. Тады мы таксама ішлі гэтай самаю дарогаю, міма гэтых самых млыноў, цераз гэтую самую рэчку, цераз гэты самы масток.