Песня песняў
- Автор: Шолам-Алейхем
- Язык: белорусский
- Переводчик: Фелікс Баторын
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Песня песняў». Краткое содержание книги:
«Вайгі эрэв» — і быў вечар. «Вайгі бойкер» — і было ранне.
Цудоўнае, рэдкае ранне, якое бывае калі-нікалі на пачатку лета між вялікаднем і швуэс.
У гэтае ранне я прачнуўся самы першы ў доме. Дзень толькі нараджаўся. Маё маленькае санлівае мястэчка толькі-толькі пачало абуджацца ад салодкага сну. Яснае, пяшчотна-цёплае сонца рыхтавалася пакінуць свой шацёр і пусціцца ў шлях па вялікай нябеснай дарозе ў гэты дзень на пачатку лета між вялікаднем і швуэс. Яшчэ праносіўся над светам лёгкі, прахалодны начны ветрык. Ледзь-ледзь, нібыта крылцам анёла, кранаў ён ціхую зямлю, якая толькі пачала прачынацца.
Калі я ачнуўся ад сну, першай маёй думкаю была Бузя. Зноў Бузя?
Так, ізноў Бузя. Зноў, зноў і зноў Бузя. Бузя так завалодала ўсёй маёю істотаю, што мне ніколі не надакучыць расказваць вам пра яе зноў, зноў і зноў. Зноў і нанова пераказваць вам кораценька яе біяграфію. Той, хто ўжо чуў, напэўна, прабачыць мне. Таму ж, хто не чуў, трэ было б паслухаць: ён павінен ведаць, хто такая Бузя.
У мяне быў брат Беня, і ён утапіўся ў рацэ. Па ім засталася сіротка па імені Бузя. Скарочана ад Эстэр-Ліба: Лібузя — Бузя. І прыгожая ж яна была, нібы тая Суламіт, што ў «Песні песняў». І мы раслі, як брат і сястра. І мы любілі адно аднога, як брат і сястра. Вось хто такая Бузя.
Праляцелі гады. Я пакінуў родны дом супраць волі бацькоў. Я ўзбунтаваўся супраць іхніх запаветаў, не схацеў ісці іхнім шляхам, абраў сваю дарогу, кінуўся ў навуку. І вось аднойчы перад вялікаднем прыходзіць да мяне татава кароценькае пісемца з віншаваннямі: Бузя стала нявестаю, у суботу пасля швуэс вяселле, мне трэба прыехаць на вялікдзень дадому. Я адказаў з віншаваннем са свайго боку і прыляцеў на вялікдзень дамоў.
І я знайшоў Бузю пасталелаю і прыгожаю, яшчэ прыгажэйшаю, чым была. І прачнулася ў маёй памяці ранейшая Бузя. Суламіт з «Песні песняў». І бура ўсчалася ў мяне ў галаве. І агнём занялося маё сэрца. Полымем гневу — ні на кога, толькі на самога сябе. На сябе і на свае хлапечыя залатыя дурныя мроі, з-за якіх я пакінуў бацькоў, узбунтаваўшыся супраць іхніх запаветаў і кінуўшыся ў навуку, і вось такім чынам я прайграў, прайграў сваё шчасце, дапусціў, каб Бузя зрабілася нявестаю, чыёйсьці, не маёю!..
Бузя з самага дзяцінства была мне любаю і дарагою — гэта ісціна. Але толькі калі я прыехаў дадому і ўбачыў Бузю, я ўсвядоміў, што я кахаю Бузю.
Што я кахаю Бузю тым святым, палымяным, пякельным каханнем, якое так цудоўна апісана ў нашай «Песні песняў»: «Мацнейшая за смерць любоў, жорсткая, як пекла, рэўнасць. Яе іскры — іскры агню. Полымя Божага».
Я памыліўся: я не быў першы ў тое ранне. Мая мама падхапілася яшчэ раней за мяне. Яна ўжо апранулася. Яна ўжо занятая чаем, снеданнем.
— Тата яшчэ спіць. Дзяўчынка яшчэ спіць (так заве яна Бузю). Што ты будзеш піць, Шымек?
Мне ўсё адно. Што яна мне дасць, тое і буду піць. Мама налівае мне гарбату і падае кубак сваімі прыгожымі белымі рукамі. Ні ў кога няма такіх прыгожых белых рук, як у маёй мамы. Яна садзіцца супроць мяне і гаворыць ціха, каб не пачуў тата, бо пра тату будзе ў яе гаворка са мною. Ён старэе, не маладзее. Старэе, і слабее, і кашляе. Кашляе, каб ты ведаў, раніцою, калі ўстае. А часам здараецца, што ён мусіць усхапіцца сярод ночы і адкашляцца, і можа пракашляць усю ноч. А бывае, што і ўдзень… Яна гаворыць яму, каб ішоў да доктара — дык ён, упарты, не хоча. Як вытрымаць ягоную ўпартасць? Яна на яго не жаліцца, барані бог. Так проста, зайшла гаворка — яна і сказала…
Так ціхенька скардзіцца мне мама на бацьку. І ціхенька расказвае мне пра Бузю, і вочы яе ззяюць. І яна налівае мне яшчэ кубак і пытаецца, што я скажу наконт Бузі? Праўда ж, вырасла, дзякуй богу, як тое дрэўца? Барані яе бог ад ліхога вока! У суботу пасля швуэс вяселле. З дапамогаю неба, у суботу пасля швуэс. Бліскучая партыя, удалы жаніх. Добрае месца, гаспадарка, проста княжацкі дом, дом — поўная чаша…
— І пры ўсім гэтым, — так працягвае свой расказ мама, — пры ўсім гэтым колькі давялося папераконваць яе, Бузю, перш чым яна дала згоду на агледзіны. Зараз, дзякуй богу, яна задаволеная. Яшчэ як задаволеная! Якія пісьмы яны пішуць! Ледзь не штодня (мамін твар ззяе, маміны вочы свецяцца). А здарыцца пісьму затрымацца, дык бяда!.. Гэта цяпер. Аднак жа раней? Ледзьве душу з яе не выцягнулі, пакуль дабіліся слова «згодная»… Бузя таксама добра ўпартая. Такая сям'я: варта каму заўпарціцца!.. Не, яна, божа барані, не хоча сказаць нічога благога. Проста прыйшло да гаворкі, яна і сказала…
З татавай спальні даносіцца кашаль — і няма мамы, знікла.
«Мі зойс ганішпофо кемой шохар — хто яна, чые вочы глядзяць, як перадсвітальныя зоры? Ефо халвоно — прыгожая, як поўня? Боро кахамо — ясная, як сонейка?»