Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ

Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:

У другі том выбраных твораў Віктара Казько ўвайшоў раман «Хроніка дзетдомаўскага саду», у якім апавядаецца аб лёсе саду, які заклалi нашы байцы пасля сканчэння грамадзянскай вайны, i аповесць «Цвіце на Палессі груша» аб складаных чалавечых узаемаадносінах.
1 ... 10 11 12 13 14 15 16 17 18 ... 228
Перейти на страницу:

Да Місцюкоў Трубецкі ішоў ужо больш упэўнены. Праўда, за ім быў увязаўся Мар'ян, зразумеў, пэўна, словы дзеда як загад. I начальнік заставы доўга і марна ўгаворваў яго вярнуцца дамоў. Мар'ян слухаў яго і не адставаў. Прыгразіў крапіваю. Хлопчык адстаў, але цягнуўся за ім, што сабачка, і Трубецкі вымушаны быў здацца: хай цягнецца. З Місцюком гаворка была кароткаю: у дваццаць чатыры гадзіны. Для слоўца, зразумела, больш гэтыя дваццаць чатыры гадзіны, але не толькі. Быў у Місцюка грэх, хадзіў часцяком ён на той бок. На заставе добра ведалі аб гэтым, але напачатку глядзелі скрозь пальцы. Місцюк, не здагадваючыся пра тое сам, служыў добрым прыкрыццем Івану Знаўцу, як служыла прыкрыццем калі не палавіна жыхароў вёскі, то трэцяя частка іх. На той бок рэчкі ў кожнага, хто жыў тут, былі родзічы, свойсцвеннікі. Але Місцюк апошнім часам не ведаў ужо меры. Дайшоў да нахабства, наладзіўся праз граніцу ездзіць на падводзе, як да цешчы ў госці. I палякі, бясспрэчна, прыкмецілі яго ўжо. Трубецкі пільна агледзеў хату Місцюка. Не, гаспадар яе, канечне, не просты і не дурны, каб слядзіць у сваёй жа хаце. Нічога не кідалася ў вочы, усё тут было звычайнае, сялянскае, саматканае і самаробнае. Але начальнік заставы прыкмеціў, што разам з ім не менш пільна аглядвае сваю хату і Місцюк. Трубецкі ўсё ж знайшоў, што шукаў, усміхнуўся сыну Місцюка, спатыкнуўся вокам на сыне і Місцюк, спахмурнеў, закрычаў:

— Сідар, марш з хаты, куры гарод перапаролі.

— Пачакай, Сідар,— спыніў таго Трубецкі.— Ідзі сюды. Добрыя штонікі ў цябе.

— Ага,— сказаў Сідар,— магазінныя. Татка з таго боку прывёз. Цэлы пук. I такія, што на вас налезуць, ёсць.

— Ну, давай памераем, якія штонікі на мяне,— папрасіў Трубецкі.

— Ой, слухайце вы падшыванца, шкуру спушчу! — цыкнуў Місцюк на сына.— Пашыла мне баба, дык вось...

— Ага, маці пашыла, а сам гаварыў, як у начальніка міліцыі...

— Марш з хаты, вош курыная,— не вытрываў Якім і так аплявушыў сына, што той ілбом адчыніў дзверы. Прыспеў, прыспеў ужо час перакрываць Якіму Знаўцу, Місцюку, дарогу на той бераг. I Трахім у яго хаце правіў толькі службу. Якім не ўпарціўся, як Міхаіл, дапяў, што можа быць і горш:

— Уладу паважаю і літасць яе бачу. Рукамі і нагамі за тое, што яна ні загадае. Нават выпіць за яе з грамадзянінам начальнікам-камандзірам магу. Мо праўда? Добрая, з магазіна.

— З якога магазіна? — голасам высокім і звонкім спытаў Трахім.

— Вядома, з якога,— ускінуў вяртлявыя рукі Якім,— з таго, у якім прадаюць.

— Нясі,— загадаў Трубецкі.

Якім кумільгом кінуўся з хаты ў камору, нешта там перасунуў, нешта скінуў, выйшаў з пляшкаю гарэлкі.

— Яна,— сказаў Трахім і храпнуў пляшку аб стол.

— Так ёй і трэба,— здаецца, іншага і не чакаў Якім і ніколькі не засмуціўся.— Ёсць розум у начальства, ведае, што робіць. Жонка, прыбяры погань гэту. Больш няма, прабачай, камандзір, а то б я сваімі рукамі яшчэ адну храпнуў.

I, гледзячы на Місцюка ў тую хвіліну, Трубецкі паверыў, што гарэлкі ў яго сапраўды няма. А была б — разбіў бы і вокам не міргнуў. I ў хаце запанавала прыкрая цішыня, і прыкра было на душы ў Трубецкага: да чаго ж выкрутлівы чалавек, да якога ён прыйшоў, круціцца, што ўюн, і не ўхопіш яго, не прышчэміш. Толькі што быў чорны, пасыпалі соллю — пабялеў, а можа стаць і сінім, і чырвоным, спатрэбіцца, дык і бясколерным. I нішто яму не шкодзіць, ні вецер, ні дождж, ні сонца, ні мароз, да ўсяго прызвычаіцца, на карысць сабе паверне. Усё гэта добра ведаў Трахім, таму што сам выйшаў з Місцюкоў і Знаўцоў, яго таксама гнялі, і круцілі, і хапалі за жабры, і соллю пасыпалі. Але ўсё гэта было колісь, цяпер жа зусім другі час. Місцюк жа сам вешаў пана на яблыні, дык чаго ён круціць і віляе, бачыць далей за яго, Трахіма Трубецкага, ці зусім нічога не бачыць. Ужо ж і камунізм не за гарамі. Ды, пэўна, патрэбен гэты камунізм Якіму, хоць і мужык ён працавіты...

— Ну, вось што,— перабіў сам сябе Трубецкі,— ты мяне разумееш, Якім.

— Не поўнасцю і цалкам,— нешта новае падумаў, узяў сабе ў галаву Місцюк.— Знаўцоў чаму не зганяеш з іх кубла? Знавец — і жнец, і на дудзе ігрэц, дзе ён толькі цяпер і каму грае?

— Зганяем і Знаўцоў,— зразумеў закід і здзівіўся вёрткасці Місцюка Трубецкі, пужануў яго: — Сабакі нешта, Якім, моцна ўжо брахалі, калі ты на той бераг ездзіў.

— Якія сабакі,— ускінуўся, закруціў маленькай і на тонкай шыі галоўкай Місцюк.— Якія сабакі, начальнік... Э, было, было. Сабака, ён на тое і сабака, яму глотку не заткнеш, ён жа без паняцця — савецкі, польскі...

1 ... 10 11 12 13 14 15 16 17 18 ... 228
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)