Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Ох, і не мужыцкага ты, Міхаіл, роду-племені,— мімаволі вылецела ў Трубецкага.
— А якога ж яшчэ,— нядобра нахмурыўся Знавец, адпіхнуў пляменніка, нібыта яму стала сорамна сваёй толькі што выказанай пяшчоты.— Сам ты якога роду?
— Угадай, Міша,— заспяшаўся, пачаў ламаць лёд Трубецкі.— Панскага я роду. Байструк, праўдзівей кажучы, унук байструка. Пан у нашай вёсцы, што жарабец, пладавіты быў. Палавіну баб абгуляў і другую змог бы, ды... Так што панскай крыві я. Адной толькі літаркай на пана не выцягнуў.
— Гэта якой жа?
— «О». Было б яно ў самую кропку, Трубецкой, а так Трубецкі ці Бецкі — чалавек савецкі, свой, а не нямецкі.А ты?
— А мы Знаўцы. Быў тут народзец такі, лесавікі, рахманыя людзі, але сваім не папускаліся, чужога не бралі,сваё бераглі. Не так, як сёння, вось зараз ты ў мяне, а я ў суседа... Выбілі народзец той, звялі... Думалі, што ўвесь, але прадзедка наш схаваўся, выжыў, таму што Знавец...
Трубецкі адчуў, што гаворка ідзе не зусім так, як яму хацелася, і перабіў Міхаіла:
— Байкі, Міша, баеш мне, загаворваеш зубы.
— А няхай і байкі... А калі я не крануся з месца? Не крануся, і ўсё, нясіце на руках, як нябожчыка нясіце, нагамі ўперад.
На палацях, каля печы, завешаных чорнай занавескай, нехта ўздыхнуў, зашамацеў і заскробся, занавеска адхінулася, перад мужыкамі паўстаў дзед у белых палатняных штанах, падпяразаны вузенькім сырамятным раменьчыкам, у зрэбнай белай кашулі і сам белы, але толькі тварам, а валасы амаль без сівізны, толькі русява-плямістыя; абапіраючыся адной рукой аб комін, у другой трымаючы кіёк, пацюкваючы вакол сябе тым кійком — сляпы быў ці прыслеп, трапіўшы са свайго закутка на святло,— дзед выскрабся на сярэдзіну хаты.
— Што, дзедка? — замітусіўся, ускочыў з лавы Міхаіл.
Дзед павёў невідушчымі вачыма па хаце, знайшоў, спыніў позірк на Трубецкім. Штосьці мімаволі ўзняло з лавы і Трубецкага, загад нейкі сыходзіў ад гэтага дзеда, нешта ўжо тагасветнае. Трубецкі стаяў побач з Міхаілам, і былі яны, здавалася, аднаго росту, толькі Трахім у ботах выдаваў вышэйшым, Міхаіл жа быў босы, па-хатняму расхлістаны, трохі прыгнуты, як прыгнечаны, а Трубецкі зацягнуты, падабраны, але гэтая падабранасць пад пільным позіркам дзеда крыху знікала, і камандзір заставы раўняўся са Знаўцом і ростам, і шырынёю плеч. Не просты быў дзедка, гэта Трубецкі адчуў адразу, з тых лясных глухаманістых дзядкоў, што і кроў здольныя былі загаварыць, спыніць кроў, і ў хамут прымусіць чалавека па сваёй ахвоце галаву ўсунуць і без яго слова, дазволу ўвесь дзень на пасмешышча ўсёй вёсцы хадзіць з гэтым хамутом.
— Вось як дзедка загадае, так яно, Трахім, і будзе,— сказаў Міхаіл.
— Уладзе, Міхайла, трэба падпарадкоўвацца,— голас дзедаў быў сухі, нібы не чалавек гаварыў, а ліст шапацеў.— Улада ўсё роўна верх возьме.
Міхаіл павярнуўся да Трубецкага. I Трубецкі, адчуваючы глухі шум у галаве і нейкае расплывістае мільгаценне перад вачыма, як усё роўна дзіцячыя сны наплывалі на яго, пацвердзіў:
— Возьмем.
— Бярыце, усё бярыце... А што ўзамен?
Дзед зноў запацюкваў кіёчкам і схаваўся за занавескаю.
— Дзякуй,— сказаў Трубецкі Міхаілу і дзеду, але больш дзеду.— А ўзамен што хочаш і дзе хочаш. Заўтра ж сюды прыедзе каморнік. За жыта заплоцім.— Трубецкі спяшаўся сысці з хаты Знаўцоў. Усё абышлося і, здаецца, палюбоўна, але цяпер Міхаіл затрымаў яго:
— Мо хоць палавіну б зямлі пакінулі мне тут, бабе над грады. Сад вось гэты панскі.
— Сад якраз і не магу. Будзем зноў садзіць яго.
— Што садзіць? — не зразумеў Міхаіл.
Трубецкі разгубіўся і збянтэжыўся. I разгубленасць яго была амаль што дзіцячай, ён пачырванеў, пачаў заікацца, лацвей было ламаць Міхаіла, чым вось так на вачах усёй яго сям'і, дзедкі за занавескаю гаварыць пра тое, што ён хаваў нават ад сябе, выношваў у душы не адзін дзень і месяц.
— А пралетарскі, агульнасялянскі наш сад садзіць,— сказаў Трахім, адчуваючы, што слоў гэтых не зразумее Міхаіл, не адгукнецца на гэтыя словы, дарэмна ён выказвае сябе. Ці зразумеў бы яго Міхаіл і ў добры час, ці да гэтага сёння людзям.
— Наш сад,— хмыкнуў Знавец.— Быў тут у нас адзін садавод, самога падвесілі на яблыні, як яблыка. I ты запанеў ужо... Высеклі сад.
— Дурныя былі,— сказаў Трубецкі.— Вось ты высякаў, а сыны твае садзіць будуць.
— Сыны,— нешта, пэўна, злоснае хацеў сказаць Міхаіл, але за занавескаю дробненька і сярдзіта запастукваў кійком па печы дзед.
— Не разумееш, дык хоць не плявузгай,— і дзядок зноў выграбся на хату.— Ідзі, ідзі, войска, і праў службу. Мар'яна вось вазьмі ў памочнікі сабе, ён у Знаўцоў удаўся, і памілуй вас бог,— падштурхнуў Мар'яна да Трубецкага, перахрысціў іх. I Трахім адчуў тварам подых сухой травы, чабору, верасу і трохі ладану.