Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
I ўсё ж Трахіму Трубецкаму было трохі ніякавата, не вельмі яму хацелася ў той дзень ісці да Знаўцоў. Так усё было ціха і радасна, сама што красавала жыта, што было пасеяна на былым панскім садзе. I больш перад ім, чымсьці перад гэтым дубам, здымаў Трахім сваю камандзірскую фуражку. Жыта наблізілася да той самай-самай маладой пары, калі яно ўжо не трава, але яшчэ і не хлеб. У такую пару ў свой час уступаюць і вясковыя хлопцы, гэта калі яны ўпершыню пачынаюць прыглядацца да дзевак, загарэлыя, абсівераныя працай і ў працы, але яшчэ не абгрызеныя ёй, а толькі абуджаныя, абуджаныя працай і сонцам, павевамі цёплага ветру, у якім столькі надзеі і абяцання. Такім некалі быў і ён, Трубецкі, у такую пару пакінуў ён сваю родную Смаленшчыну. Была ў яго там дзеўка, да якой ён заляцаўся, думаючы аб жыце і жыцці. Была дзеўка, ды сёння ўжо чыясьці, пэўна, жонка. Як грыва залацістага коніка, хвалюецца пад ветрам, красуе жыта, і лёгкае мроіва, прыкметнае толькі воку аратая, пакалыхваецца над полем. Залацісты буланы конік ды прыдароншы лятучы дыл — вось што вызначала яго лёс, лёс смаленскага хлопца Трахіма Трубецкага. Другія мужыкі сеюць жыта, косяць і малоцяць яго.
I Трубецкі прыгадаў, як гаротна рвалі жылы на гэтай зямлі за гэтае жыта Знаўцы. Абодва ў мінулым чырвоныя коннікі: адзін — добраахвотна, другі — па мабілізацыі, яны атрымалі зямлю не па жэрабю, а выбіралі па жаданні. I выбралі так, што ніхто не мог папракнуць іх: трохі панскае, а больш неруш, цалік. Калі намералі таго цаліку, мяжу пракладвалі сякераю. Ішоў наперадзе Іван, а Міхаіл за ім ужо з сякераю, высякаў кусты, абсякаў карані, сёк дзёран, сякераю ўгрызаўся ў зямлю. I толькі пасля гэтага пусцілі валоў з плугам. I панскі прырэзак таксама пасмактаў крыві і поту. Ад пана ім дастаўся кавалак саду, што ўхапіўся ўжо здзічэлай калючай слівай. Пакуль высеклі яе, выкарчавалі ўсе пні, што засталіся ад яблынь, хапіла ўсяго. I Трубецкі спачуваў іх натужнасці, недзе таксама, як і Знаўцы, тужыліся яго бацька з братамі. I з нядобрай весткай выпала сёння Трахіму ісці ў хату Знаўцоў яшчэ таму, што Іван Знавец — свой чалавек, амаль родны яму. I няма яго цяпер тут, далёка ён цяпер, у самога, можна сказаць, чорта ў зубах, на тым баку недзе. Аб гэтым ведае толькі ён, Трубецкі, ды брат Івана Міхаіл і каму трэба яшчэ ведаць. Ішоў, як чуў нешта, прасіў не крыўдзіць сваіх, камячыў у руках салдацкую папаху, ці, як тут кажуць, бекешу, і да самай апошняй хвіліны не наважваўся надзець яе на галаву, што ўжо крыху была лысаю. Прадчуваў, нічога не скажаш, Знавец ёсць Знавец. Сюды, на хутар, у сваю хату, ён павінен і вярнуцца. У той дзень брату дадуць аб сабе знаць, перамігнуцца, пасвецяць адзін аднаму, Міхаіл адкіне светамаскіроўку з акна, Іван — запаліць ліхтарык, як словам перакінуцца: «Жывы?» — «Жывы!» — «Ну, дык давай жа, братка, у родную хату, яна чакае і вітае цябе». I, адчуваючы падтрымку брата, затоенае дыханне бацькоўскай хаты, зручней будзе Івану абыходзіць чужыя пасты і дазоры, хавацца ад пеўніка. Таму і не знеслі хутара адразу, як толькі стала тут граніца. I другі хутар, што недалёка адсюль, Місцюкоў, не кранулі, каб не навесці на здагадку той бераг. Але хутар Місцюка менш за ўсё турбаваў Трубецкага. Як і што сказаць Міхаілу Знаўцу?
I сказаў ён не тое, што трэба: «Дарагі таварыш Знавец, звяртаюцца да цябе таварыш Рэспубліка і таварыш граніца»,— словы, якія ён прыдумаў, стоячы каля жыта. А другія, казённыя: «Грамадзянін Краіны Саветаў Міхаіл Знавец...»
Пачуўшы гэтае «грамадзянін», Знавец ледзь не падавіўся бульбінай. Ён якраз снедаў, уся сям'я: жонка Міхаіла, жонка Івана, дзеці іх — абляпілі стол, як мухі, і так шчыльна, што і кошцы не прашыцца. Чыгун паронак высыпалі проста на стол, тут жа сыпучай жоўтай горкай падсмажанае і тоўчанае льняное семя. Дарослыя і дзеці шчыравалі, як лясныя дзятлы, макалі бульбу ў лён і запівалі кіслым малаком.
— Іван? — апёкся, папярок горла стала бульбіна Міхаілу.
— Што Іван? Дзе Іван? — разгубіўся і Трубецкі.
— Вам лепш ведаць, грамадзянін чырвоны камандзір,— прабегся вокам па русявых галоўках дзяцей, хутка ўсё ж знайшоўся Міхаіл, захукаў, астуджваючы гарачую бульбіну.
— Ведаем, Міша, ведаем,— не без прыкрасці за свій язык, запознена, але ўсё ж больш проста паспрабаваў загаварыць начальнік заставы.— Ты лепш садзі мяне застол і частуй бульбаю.
Яму і сапраўды захацелася гэтай гарачай бульбы з ільняною тоўчанкай, з кіслым малаком з гладышкі, толькі б адцягнуць тое галоўнае, дзеля чаго ён ішоў сюды. Але Міхаіл не паверыў у яго простасць і шчырасць, не паверыў, што з-за гэтага і завітаў у яго хату пагранічнік.