Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 132 133 134 135 136 137 138 139 140 ... 254
Перейти на страницу:

— Э, ужо нічарта не паможа, — недаверліва сказаў Войцік. — Тут ужо столькі нацякло…

Схіліўшыся над параненым, яны зноў расхінулі ягоны мокры шынелак і ўдвух пачалі абвязваць майкай ягоны жывот. Каб яна неяк трымалася там, выцягнулі з ягоных штаноў вузкі каляны раменьчык, падперазалі жывот па майцы.

— Мне, мусіць, усё, — квола прастагнаў Бураў і памаўчаў. — Не данесяце…

Удвух яны моўчкі пасядзелі над ім, адпачываючы і непружана згадваючы, як быць далей, і Войцік азваўся першы.

— Трэба падвода. А так, канешне…

Усё нешта мяркуючы, ён паўзіраўся наперад, у затуманены прасцяг вузкай прасекі, з аднаго боку якой стаяла сцяна спелага хваёвага бору, а з другой зелянеўся кучарывы гушчар маладога, радкамі пасеянага лясніцтвам хвойніку. Хвойкі тыя не надта каб выраслі, але ўсе дружна імкнуліся ўгору, утварыўшы высакаваты, на два-тры чалавечыя росты, непралазны гушчар. Мабыць, там можна было схавацца, іншага сховішча ў скразным бары не было.

Толькі яны ўзяліся за Бурава, каб несці яго туды, як зноў здалёку забахала, ды так часта і густа, што яны знерухомелі. Некалькі доўгіх хвілін яны слухалі з пякельнаю мукай на тварах, затым Войцік страпянуўся першы.

— Давай, хутка, туды, у хвойнік!..

Абодва, задыхаўшыся, прынеслі параненага на край хвойнічку і, расхінаючы яго калючыя нетры, прадраліся яшчэ крокаў з дваццаць. Тут сапраўды было схоўна і ціха, і яны, натрапіўшы на невялічкую прагалінку, паклалі на дробную траўку спакутаванага Бурава.

— Дзе гэта… страляюць? — ціха запытаўся той, не паднімаючы запалых век.

— А чорт іх ведае! — сказаў Войцік. — Недзе ў тым баку.

— У Бабічах?

— Можа, і ў Бабічах. Але ты ляжы. Во расстараемся падводу — адвязем.

— Расстараемся… — няпэўна прамовіў Бураў і зноў маркотна надоўга сціх.

Яны ўдвух цесна сядзелі побач і круцілі ва ўсе бакі галовамі, слухаючы наваколле, ды тут нічога не было чуваць. Толькі шумеў (аж свістаў у хвойным гушчары) вецер ды, халера б на яе, недзе ўсчала стракатаць сарока — каб яна хоць не навяла каго на гэтую прагаліну, падумаў Войцік. Яны ўжо добра нахадзіліся па лесе, мабыць, і часу мінула нямала. У гэты кароткі дзень, ведаў Войцік, не заўважыш, як ранак зробіцца вечарам. Мабыць, трэба было пакарыстацца ім, пакуль не пачало змяркацца, а то ў цемры ды на незнаёмай мясцовасці вельмі проста налезці на ліха. Трэба ісці здабываць падводу. Толькі хто пойдзе?

— Сушчэня, — сказаў Войцік, — ты тут ведаеш, дзе што. Дзе вёска, ведаеш?

Сушчэня заклапочана ўгледзеўся ў хвойнік, паслухаў, падумаў.

— Дык Бабічы там недзе. Пад пушчай. А можа, мы іх дзе прамінулі?

— Гэта там, дзе стралялі?

— Ну.

— Дык ідзі па падводу, — сказаў Войцік.

Сушчэня ўстаў, хацеў нешта сказаць, мабыць, на развітанне.

Але не паспеў ён, прыгнуўшыся, ступіць у гушчар, як Войцік яго спыніў.

— Не, чакай! Усё ж пайду я, — вырашыў ён. — А ты сядзі тут, пільнуй.

— Добра, — паслухмяна сказаў Сушчэня, зноў сядаючы ля бухматае, з абвіслымі лапкамі хвоі.

Войцік пачаў хуценька збірацца ў дарогу: падняў з долу бураўскі карабін, уздзеў за спіну, узяў у рукі вінтоўку, ямчэй насунуў на голаў сваю казыркастую кепку. Ён ужо ступіў быў у хвойнік, як з долу ціха азваўся Бураў.

— Граната… А дзе граната?

Паранены абмацаў рукамі запалыя грудзі і зноў знерухомеў. Войцік працяглым позіркам паглядзеў на Сушчэню.

— Я не браў, — сказаў Сушчэня. — Мо згубілі ўначы?

Бураў паморшчыўся, падумаў штось і сказаў Войціку:

— Ты аддай мне наган.

— Наган? На, вазьмі, канешне.

Выняўшы з кабуры чорны міліцэйскі наган, Войцік уклаў яго ў выцягнутую руку Бурава, і той падапхнуў рэвальвер пад сцягно. Дзяга з кабурой засталася на Войціку.

— Я пастараюся хутка, — бадзёра сказаў ён. — Калі недалёка.

І палез у гушчар. Хвойкі паблізу трохі прашархацелі і сціхлі, і ўсё навакол сціхла. Сарока, чутна было, застракатала гучней, можа, пагналася за Войцікам, падумаў Сушчэня. Сарока, халера на яе, калі прывяжацца, дык не адгоніш.

— Во так, — выдыхнуў у цішыні Бураў. — Чаму я цябе не стрэльнуў у хаце?

Ён памыляў белымі, бяскроўнымі вуснамі і змоўк, а Сушчэня ніякавата перасмыкнуўся побач — ён ужо адпацеў, і ягоная спіна ў адной кашулі зноў пачала здорава зябнуць.

— Стрэльнуў бы цябе, сам быў бы жывы-здаровы.

— Як жа было ў хаце? — не пагадзіўся Сушчэня. — Дзіця там.

1 ... 132 133 134 135 136 137 138 139 140 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)