Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
Яны доўга брылі так з параненым, якога няспрытна коўталі на сушчэнеўскіх плячах — і так і гэтак; ён ужо добра адарваў іхнія рукі, а ў Сушчэні яшчэ і падкошваліся ногі. Добра яшчэ, думаў Войцік, што гэты Сушчэня быў мужык дужы, адзін ён, мусіць, не даў бы рады гэтаму цяжкому Бураву. Зрэшты, цяпер болей за параненага, які наўрад ці пражыве доўга, Войціка непакоіў Сушчэня — што з ім рабіць? Праўда, пакуль што валачэ ён спраўна, нават не трэба яму загадваць, але куды вывалача — во ў чым справа. Войцік быў родам з другога канца раёна, гэтага лесу амаль не ведаў. Учора з Буравым ён трапіў сюды першы раз і цяпер, на гэтай бездаражы, зусім страціў арыенціроўку, куды яны чаўпліся, не мог зразумець. Мабыць, трэба было папытацца ў Сушчэні, але не мог жа ён тым паказаць, што не ведае дарогі і не знае, куды ісці. Так ён можа даждацца, што гэты Сушчэня яшчэ прывядзе абодвух у нейкую пастку, у самае паліцэйскае логава, тады ўжо кранты будуць абодвум. І чаму яны не застрэлілі яго ў Масцішчы або на выгане, каля рэчкі, навошта павалакліся з ім аж у лес? Але гэта ўсё Бураў. Ці не за гэтую сваю дурноту ён цяпер і расплочваецца крывёю. Але і Сушчэня ўсё ж нейкі незразумелы здраднік, глядзі, вынес знямоглага Бурава і цяпер не спрабуе ўцячы, брыдзе — куды і навошта? Мабыць жа, ведае, што чакае яго, як вынесе, а во ідзе.
Зноў жа, а як бы ён абышоўся адзін, без Сушчэні?
Дзівосная сітуацыя, нічога не скажаш, заклапочана думаў Войцік. І ён азіраўся вакол, спрабуючы ўбачыць якую знаёмую прыкмету, каб пазнаць месца, дзе яны ўчора ехалі конна ў Масцішча. Толькі нічога знаёмага не траплялася ў гэтым лесе, вакол цягнуліся здзічэлыя баравыя нетры, шумелі, пагойдваючы верхавінамі, стромкія хвоі, і ім ні разу не трапілася ні сцежкі, ні якой лесавой дарожкі. Добра яшчэ, што дол амаль скрозь быў раўнінны, не трэба было абыходзіць балоты, але ўсё роўна яны знемагліся. Мусіць, усё ж памагаты з Войціка быў кепскі, мокрыя боты параненага ўсё лузгаліся з яго рук, Сушчэня тузаўся, пакуль, стомлена хакаючы, не прахрапеў з-пад Бурава:
— Вы кіньце… Я сам…
Войцік і кінуў, сапраўды, яму хапала дзвюх цяжкіх вінтовак на вузкіх плячах, нагана, ён таксама ўходаўся за гэтую ноч, ды яшчэ пачаў балець страўнік — азвалася яго застарэлая язва. Маўчала амаль тыдзень, а во напомніла. Ну але, мабыць, турботаў гэтае ночы яму было мала, адчуваў, яны яшчэ вылезуць бокам. Ісці так без грузу ў руках стала лягчэй, ён трохі аддыхаўся і раптам у звыклым лесавым пошуме ўчуў раскацістае водгулле некалькіх далёкіх стрэлаў — як раз у тым баку, куды яны кіравалі. Войцік аж прыпыніўся, хацеў гукнуць Сушчэню, але той сам, мабыць, учуў страляніну і стаў — сагнуты ў тры пагібелі пад няўклюдна распластаным на спіне целам Бурава.
— Дзе гэта? У Бабічах?
— Можа, і ў Бабічах, — шумна выдыхнуў Сушчэня.
«Вот жа халера, — падумаў Войцік. — Калі ўжо страляюць у Бабічах, дык куды ж паткнуцца?»
Мусіць, тое ж адчуў і Сушчэня, які трохі паправіў на сабе ношу, хістка пераступіў на нагах — праз хвіліну яшчэ даляцелі два стрэлы, і затым усё няпэўна знямела. Яны пастаялі, тады Войцік зайшоў наперад і паказаў рукой трохі ўбок ад тых стрэлаў.
Яны зноў рушылі па бары, усё пільна ўслухоўваючыся праз лесавы шум, — пакуль што, праўда, вакол было ціха. Куды яны ішлі, цяпер ужо не ведаў ніхто — ні Сушчэня, ні Войцік. Неўзабаве, аднак, ім трапілася старая лесавая прасека, дзе-нідзе парослая маладым падростам — хвойнікам і бярозкамі, дол тут слаўся пясчаны, і ісці па ім было цяжэй, чым па бары-беламошніку, у пяску грузлі ногі. Сушчэня часта спыняўся, усё паддаючы на сябе цяжкое цела параненага, якое ўпарта спаўзала долу. Бураў спярша маўчаў, мо быў у непрытомнасці, а пасля стаў надта стагнаць, і Сушчэня спыніўся. Яны ашчадна паклалі Бурава долу, Войцік сказаў заклапочана:
— Зноў закрывяніў…
Ён знямогла скінуў са сваіх плеч вінтоўкі і сеў, дзе стаяў, — на сухі, засыпаны ігліцаю дол. Штось памеркаваўшы, Сушчэня на гэты раз рашуча сцягнуў цераз галаву сваю чорную чыгуначную кашулю, хуценька скінуў нясвежую, выцвілую ад старасці майку.