Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 136 137 138 139 140 141 142 143 144 ... 254
Перейти на страницу:

— І тады неяк пасля абеду прыходзіць паліцай, крычыць: «Сушчэня — на выхад!» Неяк узгробся я, хапаючыся за сцяну, іду. Ужо ці не на расстрэл, думаю.

…Але не на расстрэл — расстрэл неўзабаве здасца Сушчэню шчасцем, да якога яму не дапяцца. Яго прывялі зноў у знаёмы кабінет з вазончыкамі на вокнах, доктар Гросмаер, як заўжды, усмешыста пазірае на яго і кажа так, з трохі насмешлівай спагадай у голасе: «Сядай. Давай пагаворым, як сябры, па душах. Гляджу, ты чалавек палажыцельны».

«Палажыцельны, палажыцельны…» — затузалася ў галаве Сушчэні гэтае слова, і ён чамусьці згубіў яго сэнс, ніяк не мог даўмецца, што гэта значыць. А немец тым часам страсянуў попел са свае цыгарэткі ў маленькую талерачку на стале і прадаўжаў: «Палажыцельны, да, і мы цябе выручым. Заўтра ўсіх вашых павесім, а табе даруем жыццё. Толькі…» Гэтае паведамленне Гросмаера нібы выцяла Сушчэню па яго свядомасці — не тое, што іх павесяць (з думкай пра тое яны ўжо даўно звыкліся), а тое, што яго аддзеляць ад ягоных хлопцаў, — як жа гэта, чаму так? Яшчэ не разумеючы ў поўнай меры ўсяго жаху таго паведамлення, ён інстынктыўна адчуў, што нешта ў ягоным лёсе жахліва ўскладняецца. «Да, ты будзеш жыць. Толькі… Толькі ты павінен даць падпіску аб сатрудніцтве…» — «Якім сатрудніцтве?» — «З нямецкімі ўладамі. Сакрэтным сатрудніцтве. Мы табе ўстроім уцёкі, ты перабяжыш да сваіх. Да тых, хто табе даў заданне на тую дыверсію. І мы будзем з табой трымаць сувязь. Сакрэтна, разумеецца».

Сушчэня хвіліну маўчаў, не ведаючы, што сказаць, і толькі коўтаў у роце сліну. Яму даруюць жыццё. Але ж… Але ж ён адчуваў, што так нельга, што гэта — жах, што ягонае жыццё будзе горш за пагібель. «Не, ведаеце… Я не магу. Я не ўмею…» — «Што?»

Гросмаер увесь напяўся, нібы пачуў якую брыдоту, вочы яго сталі вузенькія і злосныя, нядобрым позіркам ён упіўся ў Сушчэню. «Што? Што ты сказаў?» — «Не магу я…» — «Ты што — дурань? Адмаўляешся жыць? Хочаш памерці?» — «Дык каб жа хацеў… Не хачу, вядома. Але…» — «Дык згаджайся. Мы ўсё зробім, бальшавікі носа не падточаць». — «Не, не магу». — «Значыць, хочаш памерці! — злосна заключыў немец. — Гэта прасцей паранай рэпы. Заўтра ж павесім. Ды ўсё ж падумай. Да заўтра».

Болей Гросмаер размаўляць не стаў, адправіў Сушчэню ў сутарэнне, і той пайшоў болей спакутаваны, чым пасля допыту і катавання…

— Атрымаў, значыць, такую галаваломку, што хоць ты крычы! І жыць хочацца, і хочацца чалавекам застацца. А як? І тое, і другое разам не атрымліваецца, трэба выбіраць адно. І тут, ведаеце, падумаў пра Анэлю і пра сынка, і нешта стала праяснівацца. Калі я зраблюся шпіёнам, дык як жа тады ім жыць?

…Зрэшты, як жыць ім — было пытанне з няхітрым адказам — яны застануцца ў заложніках. Сушчэня гэта ведаў напэўна. У якасці заложнікаў яны не дадуць яму ашукаць немцаў. Калі што будзе не так, гэты доктар закатуе абаіх. Дык ці не лепш яму ахвяраваць сабой, загінуць разам з усімі. Сям’я будзе без бацькі, затое будзе ганарыцца ім — усё ж ён намогся на нешта і хоць не надта ўдала, але спусціў пад адхон цягнік. Усё ж памёр недарма. А так…

У камеры ён сказаў толькі, што заўтра іх павесяць, і ўсе змоўклі, прыціхлі, нават перасталі стагнаць. Ніхто ўжо не наракаў на лёс, на той іх не надта спрытны ўчынак. Канешне, кожны цяпер разумеў, што, мабыць, усё трэба было зрабіць разумней, хітрэй, ці што. Можа, у іншым месцы, далей ад іхняга ўчастка, ад станцыі. Але далей ад станцыі, значыць, бліжэй да вёскі — пагінулі б невіноўныя людзі. Словам, роздуму хапала, асабліва Сушчэню, які тае ночы не заснуў ні хвіліны. Назаўтра раніцай за сцяной забегалі, замітусіліся, расчынілі дзверы — выходзь!

Усе знямогла выходзяць, наперадзе Сушчэня, за ім схуднелы, як кашчэй, Тапчэўскі. Карабань пад пахі вядзе Мішука, які ўжо сам не хадзіў. І тады з калідора старшы паліцай кажа: «Сушчэню адставіць!» — «Чаму адставіць?» — пытаецца Сушчэня. Кажа: «Доктар сказаў…» І яго зноў упіхнуў у камеру, а тых павялі. Хутка ў склепе стала ціха і пуста, мабыць, усе вымеліся на рыначную плошчу, дзе вешалі ягоных хлопцаў. У роспачы і адчаі Сушчэня біў кулакамі ў сцены, кулём качаўся па саломе ў доле, часам да яго даносіліся гукі нейкіх каманд з плошчы, і ён не мог знайсці сабе месца ў гэтым апусцелым катуху. Ён ужо адчуваў, што яго чакае нешта горшае за смерць, якую цяпер прымалі на людзях ягоныя хлопцы.

— Хацеў я разбіць сабе галаву аб сцяну, ужо і ляпнуўся здорава, але, мусіць, не хапіла сілы, і толькі самлеў. Трохі адышоўшыся, ляжаў. А надвячоркам прыйшлі: уставай! Павялі. «Ну што, — кажа гэты доктар. — Хочаш палюбавацца, як твае хаўруснікі на вяроўках качаюцца? Магу паказаць». — «Не, кажу, лепш бы вы і мяне таксама».

1 ... 136 137 138 139 140 141 142 143 144 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)