Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
Тое, што ягоны аўтамабіль апынуўся цяпер у паліцыі, адабрала ў Бурава сон, ён дужа схуднеў, перастаў есці і нават размаўляць з маці, тая ўжо думала, што ён захварэў. Але сын быў здаровы, толькі ён тыднямі ламаў сабе галаву, як адпомсціць паліцыі ды і гэтаму Мікіцёнку таксама. Сотні варыянтаў помсты пракруціў ён у сваіх мазгах, але ўсе яны былі з бракам: то надта дробязныя, то смешныя, то занадта небяспечныя, то зусім яму не па сіле. Але ўсё роўна ён думаў, прыкідваў, прымерваўся, назіраў. Мабыць, у снежні ён ужо ведаў напэўна, што зробіць, належала толькі выбраць здатны для таго час. Гэты Мікіцёнак з машынай у будні і святы прападаў у паліцыі, ноччу машына стаяла на бальнічным двары, там была варта, туды падступіцца было немагчыма. На дарозе таксама ён нічога зрабіць ёй не мог: у яе кузаве заўжды сядзелі паліцаі з вінтоўкамі. Мусіць, у паліцыі была жорсткая дысцыпліна, канешне, немцы ўмелі наводзіць парадак, ды ўсё ж Бураў колькі разоў заўважаў, што Мікіцёнак калі-нікалі на кароткі час прыязджае дадому, заглядае да бацькоў. Машына тады стаяла ці каля веснічак на вуліцы, ці ён заганяў яе ў вароты. За варотамі, вядома, яе не дастаць, там бразгаў ланцугом звяглівы сабака. А вось ля веснічак…
Але гэта трэба, каб было цёмна, каб яго ніхто не ўбачыў ні праз акно, ні з вуліцы. І ўвесь канец восені ён сачыў уранку, як паліцаі выязджаюць куды на раён, а ўвечары калі вяртаюцца. У двары за хляўком ён прыладзіў да сцяны драбіну, каб хуценька ўлезці па ёй на страху, зірнуць цераз садкі на суседнюю вуліцу, дзе бачны быў вугол Мікіцёнкавай хаты. Ён ужо даўно падрыхтаваў добры квач на драціне, каб дастаць з бака бензін, ашчадна прыхаваў пад страхой паўкарабка запалак. Аднаго разу ён аж закалаціўся ад радасці, калі неяк на змярканні згледзеў машыну ля Мікіцёнкавай хаты. Але, мусіць, ён позна ўсё ж згледзеў — пакуль абабег пуньку і пералез цераз суседаў паркан, там ужо з’явіліся людзі — два паліцаі прыкурвалі каля веснічак, а Мікіцёнак нядоўго пакорпаўся над капотам, апусціў яго, і яны хутка паехалі некуды. Ён спазніўся. Другі раз у кузаве нехта сядзеў, мусіць, чакаў шафёра, які ненадоўга забегся ў хату. Затое трэці раз ён згледзеў сваю гаротніцу ў самы спрыяльны час. Тады ўжо вечарэла, ён еў бульбу за сталом у хаце і ўсё пазіраў у акно, дзе між будынін на суседняй вуліцы мільганула прыцьмелае святло фар, і ён зразумеў, што гэта Мікіцёнак. Кінуўшы на стале недаедзеную бульбу, ён рынуўся з хаты, падхапіў квач у сенцах, выхапіў з падстрэшша запалкі, цераз заснежаны і заліты памыямі сметнік выбег на гарод, пералез адзін плот і пераскочыў другі, прабег задамі суседавай сядзібы і з-за паркана паглядзеў на вуліцу. Машына стаяла пасярод дарогі, якраз насупраць Мікіцёнкавай хаты, у двух вокнах якой ліпела святло газнічкі, і Бураў наважыўся. Ён не так зразумеў, як адчуў інстынктам, што болей зручнага выпадку не будзе. Гэты самы зручнейшы.
Бураў пераскочыў цераз паркан і кінуўся да машыны. Бензінавы бак якраз быў з гэтага боку, таму праз акно з хаты яго ніхто згледзець не мог. Заснежаная вуліца ўся патанала ў паўзмроку, хоць чалавек на ёй быў бачны здалёк, але ніхто нідзе не ішоў і не ехаў. Бураў з усяе сілы крутануў з гарлавіны тугаватую накрыўку бака (ведаў, яна заўжды адкручвалася туга) і сунуў туды свой абкручаны пакуллем квач. Шкада, бензіну было не поўна, мусіць, з палавіну бака, ён адчуў гэта, боўтнуўшы квачом, і, выцягшы яго да паловы, церануў запалку. Пэўна, ён усё ж хваляваўся: першая запалка згасла, згасла і другая, тады ён узяў з карабка іх некалькі разам і запаліў. Калі запалкі добра ўспыхнулі, ткнуў імі ў квач, той ярка пыхнуў у самы ніз кузава, жарам ударыў у твар (абпаліўшы бровы), але Бураў усё кінуў з рук і рынуўся цераз плот. Не азіраючыся, на падворку адчуў, як ззаду агняна ўзвіхрылася, зашквірчэла, ярка асвяціла наваколле, ён убачыў перад сабой на снезе свой даўгалыгі цень ля хляўка і забег за вугал. Далей, не азіраючыся, прыбег на ўласны падворак і стаў ля дрывотні — за садкамі і стрэхамі будынкаў палаў дымны пажар і чуліся крыкі — то былі музыка і відовішча, весялейшых за якіх ён не памятаў у жыцці.