Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
— Мала табе было там? Казала ж: хадзем разам дадому, усяго не перап'еш, дык не, застаўся, рашыў дарэшты змарнаваць печань.
Калі зайшлі на кухню, Уладзя ляпнуў усё яшчэ пунсовую, але зусім не разгубленую Леанілу па клубе:
— Бачыш, Янак, якая мая баба гладкая! Ад мужчын адбою няма! Не аднаму ўжо галаву закружыла!
— Апроч цябе, толькі аднаму!
— Ды любіць пасцель!
— Але не з табою!
Для мяне была нязвычная такая грубаватая манера размовы. Леаніла, раз-пораз падымаючы на мяне прыгожа сарамлівыя вочы, заўважыла гэта:
— Паводзься культурней з культурным чалавекам.
Леаніла падрыхтавала мне пачастунак. Па-вясковаму просты: хлеб, куплёная вараная каўбаса, зялёныя парніковыя агуркі, яйкі. Яна, лічы, не піла, я таксама толькі прыгубліваў, а вось Уладзя апаражняў чаркі да канца i неўзабаве зусім акасеў, вёрз абы-што:
— Янак, я табе скажу... Я табе такое магу расказаць, што ты напішаш такую кнігу!..
Я толькі ўсміхаўся: да маіх бацькоў, калі я прыеду да ix, заўсёды заходзіць адзін наш аднавясковец, разумны, але, як i Уладзя, спіты, i ўсё мае памкненне мне «такое» расказаць. A калі я аднойчы прычапіўся, каб ён нарэшце апавёў мне свой сакрэт, дык ён сказаў мне шэптам: «А ты ведаеш, што Антон крадзе вобмешку на ферме? Што Міхась забіў дзіка?», а потым яшчэ цішэй: «Чуў, што наш парторг мае ў Дзераўной бабу?»
Леаніла стаяла за Уладзевай спіною i ўвесь час не зводзіла з мяне захопленага, змоўніцкага позірку. Бачачы, што Уладзя намерыўся дапіць пляшку i ўрэшце зваліцча з ног, я заспяшаўся дадому.
— Начуй у нас,— міргнула мне Леаніла.— Дзеці ў мамы, дык месца ў нас хапае. Ляжаш у зале на канапе.
— Начуй,— забубніў i Уладзя.— Мы яшчэ з табой не пагаварылі.
Я ўяўляў, якая пасля нядаўніх варункаў з Леанілай будзе мая начоўка тут, жадаў таго, але ўсё ж змусіў сябе пайсці адгэтуль, вывеў веласіпед на шашу, што шэра льснілася ў цемнаце, паволі паехаў, думаючы, што вось яшчэ адзін раз уцякаю ад Леанілы i зноў з-за Уладзі.
Хоць я не напружваўся i не спяшаўся, спакойна перажываў хмельнае імгненне з Леанілай, усё яшчэ, здаецца, адчуваючы яе, але i пры ціхай яздзе я неўзабаве наехаў на штосьці вострае: пачало асядаць, ляскаць абадом па асфальце пярэдняе кола. Нічога не заставалася іншага, як злезці з веласіпеда i павесці яго ў руках.
Ішоў я гэтак з кіламетр. Калі паласнула святлом паўнеба, а пасля азначыла дарогу, мой вялікі цень на ёй машына, я, рыхтуючыся звярнуць налева (направа была дарога на Івянец), зусім не пазважаў на яе, машыну, толькі саступіў з сярэдзіны шашы на абочыну, але легкавік каля мяне запыніўся. Мабыць, хтосьці хацеў запытаць мяне, куды вядуць гэтыя развілкі. Рыпнулі дзверцы i з машыны вылезла жанчына ў чорнай спадніцы i белай блузцы. У мяне аж заняло дух: Леаніла.
— Не чакаў?— усміхнулася яна, калі я падышоў да яе, заўважыўшы i ў цемнаце, што яна трымае ў руках нейкі скрутачак.— Думаў, што i сёння ўцячэш ад мяне?
Я моўчкі прытуліў яе, i мы аддана адно аднаму пацалаваліся. Як i раней, лёгка, нібы шукаючы адно аднаго вуснамі, захопліваючыся i тулячыся. Ды вось зноў бліснула доўгім пукам святла новая машына.
Мы, не змаўляючыся, збочылі i пайшлі ўздоўж лесу па траве, а пасля, бачачы непадалёку ў жыце вялізны камень, вакол якога было неаранае травяністае поле, збочылі туды. Машына, гонячы перад сабой цемру i святло, праехала; праз імгненне — веласіпед на доле, а мы з Леанілай трымалі адно аднаго ў абдымку, зноў цалаваліся, мабыць, аднолькава ўтрапёна прадчуваючы нашу хуткую жаданую блізкасць.
— Ты змог бы сёння заснуць пасля таго, што толькі пасмакаваў?
— Не.
— I я не змагла б. Вось i кінулася за табой услед, маліла-прасіла Бога: паспрыяй, няхай мой жаданы праколе веласіпед, пойдзе пяшком i далека не адыдзецца. I бачыш, Бог нам паспрыяў.
— Паспрыяў.
— Ты заслужыў маю ўзнагароду, а я заслужыла тваю...
Леаніла разгарнула скрутак (а гэта была посцілка), паслала на зямлю i апусцілася, вабячы мяне за сабою. Мы леглі, распранаючыся i лашчачыся. Пасля мая левая рука апынулася пад яе шыяй, а правая пяшчоціла яе цела з ног да галавы, змушаючы мяне заміраць ад кожнага Леанілшага выгібу, ад кожнай тугасці ці мяккасці.
— Як я марыла пра такія хвіліны! Я ведала, што ты дужы i пяшчотны, што мне з табою будзе добра.
Калі мы зноў пацалаваліся i ад успыхнутага жадання зноў, як i там, у Леаніліным доме, затрымцелі, яна ўжо сама павабіла мяне да сябе, i мы зноў спазналіся целамі, цешачы ix i сваю душу пяшчотай i ласкамі. Спачатку мы яшчэ спрабавалі штосьці сказаць адно аднаму, а потым моўчкі нібы панесліся па імклівай рацэ, усё далей i далей, пакуль набеглая бурная хваля не выкінула нас на бераг, змусіла ляжаць стомленымі i бяздухімі...