Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
Пасля яна зноў узяла маю руку i прыклала яе сабе пад грудзі:
— Паслухай, як усхадзілася маё сэрца! Проста ходырам ходзіць!
Сапраўды, яе сэрца білася моцна. Як i маё.
— I тваё нібы молат! — шчасліва прашаптала i зноў прыпала да маіх вуснаў, даючы мне піць мёд пацалунку, a маім рукам натхненне лашчыць яе, а пасля ньтрнуць пад блузку да станіка.
— Што ты робіш? — выдыхнула, але зусім не асуджальна.
Я моўчкі неўзабаве ўжо вызваліў з палону яе моцныя, тугія грудзі i пачаў прыпадаць вуснамі то да адной, то да другой палавінак, час ад часу шэпчучы:
— Якія цудоўныя ў цябе грудзі! Якія грудзі!
— Яны, Янік, былі цудоўныя, калі ты некалі ўпотай лашчыў ix позіркам. Цяпер яны завялікія. Мне часам аж сорамна. Ды i хваты-мужчыны проста абрываюць ix.
Яе грудзі, матава белыя ў паўсвятле, былі не бедныя i правіслыя, як у маёй жонкі, a сапраўды, буйныя, важкія i па-маладому яшчэ стромкія. Ад маіх пацалункаў ix Леаніла адкінула галаву i застагнала:
— Каб ты вось так некалі!..
Мне ўжо добра знаёмыя былі гэтыя жаночае адкідванне галавы i стогн-шэпт, жаночы клік, дык я, ужо сталы, налоўчаны драпежнік, не запакутаваў развагамі i дакорамі, рэзка схапіў сваю жаданую здабычу на рукі i ў маласвядомым парыве проста кульнуўся з ёю на ложак.
— I каб вось гэтак ты некалі!..— прашаптала Леаніла, абвіла маю шыю, зноў дала мне вусны, слухаючы, як уладарыць мая рука. Спачатку над ёю, а пасля над сабой. I калі яе важкія, таксама вельмі аксамітна пяшчотныя клубы былі ўжо нічым не ахаваныя, густа пакрыліся нібы зярняткамі, расхінуліся, а яе стан падрыгваў, каб хутчэй прыняць мяне i спатоліць страсць, Леаніла нечакана паслабіла поціск маёй шыі, наструнілася, а пасля зняможана прашаптала:
— Чуеш, свістун дадому валачэцца!
Я замёр: сапраўды, чуўся далекаваты свіст. Хоць была пагроза, але я не меў сіл выпусціць з рук гарачае дужае жаночае цела i накрыў яго сабою. Я нібы патануў у ім, пажадным да мяне, упершыню так блізка спазнаючы Леанілу.
Леаніла з хвіліну паляжала нерухома, таксама ўпершыню спазнаючы мяне, маю плоць, а пасля горасна раскінула рукі ў бакі:
— Не хачу, не хачу, не хачу адпускаць цябе, але трэба! Падымайся, Янік, неяк трэба хуценька апарадкавацца.
Мы разлучыліся целамі; рукі, усё маё цела трымцела ад узбуджанай страсці; не магла ачуняць i Леаніла, бездапаможна лежачы i не саромеючыся перада мной, што на ёй толькі расшпіленая i загорнутая да шыі блузка. Ды вось паднялася i яна, хіснулася, абапіраючыся на мяне:
— Божа, які шал! На мне ўсё калоціцца! I чаму ён, як бывае, не заваліўся дзе пад плот!
Я пацалаваў Леанілу ў вусны, у яе цудоўныя грудзі i не сваімі, a нібы чужымі ці ватнімі нагамі падаўся ў залу, a Леаніла, як чуў, пачала шамацець адзеннем, потым выйшла з вялікімі чырвонымі плямінамі на шчоках, са змоўніцкай сарамліва-радаснай усмешкаю. Лагодна ўзлахмаціла мне чупрыну i пайшла на кухню.
Уладзя затрымаўся на двары, a калі ён зайшоў i пачаў, падаючы то на сцяну, то на падлогу, разувацца, дык я крыху супакоіўся: ён быў п'яны i не мог па маім i Леаніліным твары разгледзець, што мы нядаўна былі ў абдымках адно аднаго i нават зведалі міг блізкай жарскасці. Тым больш што Уладзя падаўся не на кухню i не ў залю, a ў ванную, дзе мыўся, фыркаў i свістаў.
— Не свішчы, злыдзень, у хаце! — стукнула ў сцяну кулаком Леаніла.
— Пайшла ты!..
— Трымай язык за зубамі: у нас госць...
— Твой хахаль?
— Выйдзеш — убачыш,— здаецца, ужо спакойна, разважна прамовіць Леаніла, ляскаючы талеркамі.— Не хахаль, а мой любімы чалавек. Самы любімы на свеце.
Праз хвіліны тры Уладзя — без кашулі, толькі ў штанах, босы, худы, што хрушч, некалі з прыгожым, а цяпер са спітым, зглумленым тварам — выйшаў i ўбачыў мяне.
— Янак! Друг!
Ён кінуўся, абняў мяне, i я адчуў: ён i зусім хворы, i слабы, ледзь-ледзь чапляецца за жыццё.
— Ды які ты рослы, дужы, прылізаны! — пазайздросціў ён.— Пан! Наш, савецкі, панок!
Ён, як i раней, меў самалюбна падціснутыя вусны, тонкі задзірысты нос i дзёрзкія зеленаватыя вочы, ва ўсім відаць быў ягоны выклік усяму свету, але адразу было бачна ўжо, што ён, гэты выклік, скіраваны не на важнае i сур'ёзнае, а на дробязі, а то i на дурноту.
— Жыве чалавек разумна, глядзіць сябе i сям'ю, дык i выглядае панам,— падала ўшчувальны голас з кухні Леаніла.— Не табе раўня.
— Заткніся,— груба абарваў яе Уладзя, у якога ўжо да ўсяго выветрыўся «рюскі» дух.— Стаўляй нам на стол пляшку.