Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
— Янік! — радасна ўсклікнула яна, наблізілася i, як некалі ў Емельяновічавых сенцах, цмокнула мяне ў шчаку.— Янік!
— Вось дзе i як сустрэліся былыя суседзі! — усміхнулася сястра, у якой я нядаўна асцярожна распытваў пра Леанілу i Уладзю, дык уведаў, што «тыя жывуць як кот з сабакам: то спяць разам у адной будцы, то выдзіраюць адно аднаму вочы».
— Хадзем да нас, Янік! — загарачылася Леаніла, здаецца, цяпер на лёгкім падпітку.— Пасядзім, пагаворым. Нам жа ёсць пра што пагутарыць!..
— Цямнее ўжо, а яму ехаць на веласіпедзе без святла,— паспрабавала супыніць Леанілін парыў мая сястра.— Іншым разам зойдзе.
— Іншага разу можа i не быць! Я ведаю добра твайго брата! — паківала пальцам Леаніла i, моцна ўзяўшы мяне за локаць, змусіла пакаціць веласіпед да яе дома.
— Я прачувала, што ў нас сёння будуць госці,— радасна сказала.— I кот з раніцы мыўся, i далоні мае свярбелі! Ажно i праўда: госць! Ды які! Самы мне дарагі!
У сціплай, але дагледжанай вітальні Леаніла, як толькі ўключыла святло, прыперла кулачкамі мяне да сцяны:
— Заплюшчы вочы!
— Чаму?
— Я не хочу, каб ты бачыў мяне такой, стомленай i запыленай, паколькі я цэлы дзень грэбла, падавала на машыну сена. А цябе вось я хачу добра разгледзець.
Я не паслухаў, дык убачыў: за гэтыя гады яна, як i трэба, пасталела, яшчэ болей перарасла з дзяўчыны ў жанчыну, але гэтая –натуральная змена, як кажуць, вельмі не абабіла яе, не пастарыла на твары i не папсавала постаць. Яе русявыя валасы па-ранейшаму былі свежыя, падвітыя, мляватыя вочы зіхацелі маладосцю, твар папрыгажэў, высакаватая шыя была амаль без маршчын, плечы папакацелі, стан захаваўся вузкі i гібкі, толькі пабольшалі, але зноў жа хораша па-жаноцкаму, грудзі i клубы.
— Ты змяніўся i не,— цёпла сказала яна.— Памужчынеў, пашырыўся ў плячах, але яшчэ зусім малады i, здаецца, поўны здароўя i мужчынскай сілы!
— А ты стала красуняю,— сказаў i я ёй цёпла.— Ты цяпер вельмі падобная на актрысу Паўліну Мядзёлку ў маладосці.
— Не жартуй,— легка ткнула мяне кулачком пад рабрыну,— я пераўтварылася ў звычайную бабу.
— Не ў звычайную, Леаніла. Ад цябе проста вее маладосцю, свежасцю, чысцінёй i абаяльнасцю.
— Навучыўся ўжо гаварыць прыемнае жанчынам,— яна пагуляла са мной вачыма i вуснамі, а пасля ўзяла мяне за руку i павяла ў суседні пакой. Як было відаць, у чысценькую, але зусім сціплую зальку.— Пасядзі крыху тут, уключы i паглядзі тэлевізар, а я хуценька давяду сябе да ладу, паўстану перад табой іншай, можа, як ты кажаш, i красуняю.
Неўзабаве я ўжо сядзеў на канапцы i глядзеў тэлевізар, a Леаніла, як чулася, плёхалася ў ваннай. Калі выйшла адтуль у тапачках, галаногая, у чорнай спадніцы i беленькай блузачцы, дык я не змог стаіць свайго захаплення: вось каму быць дыктаркай на тэлебачанні альбо здымацца ў кіно! Яна, бачачы мае захапленне, ажно засвяцілася ад задавальнення, села побач, спакусна адкрываючы поўныя бліскучыя калені, узяла мяне за рукі:
— Яе жывеш, Янік?
— Досыць спакойна, Леаніла.
— Канечне, ты вучаны, вядомы, грошы добрыя маеш, жывеш у гарадской чысціні, жонка ў цябе, як я чула, памяркоўная, дык i жывеш спакойна. Не тое, што я.
— Ёсць свае хібы i ў спакоі, Леаніла.
— Можа,— уздыхнула яна.— Я не ведаю, што гэта такое — забяспечанае, спакойнае i задаволенае жыццё. Я жыву, як бачыш, сціпла, у вялікім неспакоі, а то i ў калатнечы. Мой свістун, як ты, канечне, чуў, п'е бязбожна, сам чэзне без пары, без часу i мяне губіць. Каб я жыла лепш, дык, сапраўды, была б, можа, красуняй!
— Ты i ёсць такая.
— Гэта, Янік, выручае мае добрае здароўе, мая моцная воля i тое, што я ўмею радавацца. Я маю нежаночы дух. Можа, i дзеля дачкі ды сына.
Нечакана яна падхапілася i павабіла мяне ў суседні паўцёмны пакой, дзе бачыліся паліраваная рудая шафа, накрыты просценькай посцілкаю двухспальны ложак, стол.
— Што мы перастарэкваем абы пра што!— па-змоўніцку прашаптала.— Давай, нарэшце, хоць пацалуемся як след! — I закінула мне рукі на шыю, прытулілася.— Каб ты ведаў, як я знебылася па табе!
Я, мужчына, ужо зведаў прагу i слодыч пацалункаў з жанчынаю, але Леаніла цалавалася незвычайна — лёгка, пяшчотна, але ўсё больш i больш захоплена, жарска, то шукаючы мой, то даючы свой кончык языка. Ды яшчэ гэтая пяшчотная аксамітнасць яе шчок i рук, блізкае прытульванне!