Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
Я так i не звёў у тую ноч вачэй, пакутуючы пра тое, што для мяне «трэба» ці «нельга», «непрыстойна», a назаўтра, нядзельнай раніцаю, нічога не прыдумаў лепшага, як на здзіўленне бацькам хуценька сабраць сумку i марсянуць на першы аўтобус, каб уцячы ад няпростай размовы (i не толькі ад яе) з Леанілаю i каб ужо доўга не прыязджаць дадому.. Не, супакаення мне не было і ў студэнцкай мітусні: пякла прыкрасць, што я ўсё ж маладушлівы, а то i падманшчык, магу штосьці дакляраваць блізкаму чалавеку i парушыць сваё слова. Збаяўся нават паслухаць Леанілу: яна, можа, шчыра верыць якраз мне, іменна са мною хацела пагаварыць пра тое, што ёй баліць, пра тое-сёе параіцца. Можа, ёй трэба не тое, пра што ўспламянілася мае хлапечае ўяўленне, чаго патаемна, баючыся сам сябе, хачу ад яе я? Заадно хваляванне, самадакор пабольшылі смутак, Прагу кахання i пазнання жанчыны. Прызнаюся, якраз ад той буры ў душы я тады напісаў першае сваё апавяданне «Дзе ты, мая Гражына?», што надрукавалі ў нашай факультэцкай насценнай газеце i што прынесла мне славу «пісьменніка» ад адных i выклікала ўхмылкі, здзечыкі іншых.
Дадому наведаўся я толькі праз месяцы тры, калі бацькі не раз i не два прысылалі мне занепакоеныя лісты, а затым пазванілі ў дэканат з трывогаю, што здарылася з іхнім сынам, ці жывы хоць ён, за што, за няўвагу да бацькоў, мяне добра адчытаў наш дэкан, павучаючы, што я, калі думаю стаць пісьменнікам, павінен найперш любіць родны дом. Калі я, вінаваты цюцька, заявіўся дахаты, дык да Емельяновічаў не пайшоў, увогуле з дому амаль не выходзіў, але з Леанілай сустрэчы ўсё роўна не змог пазбегчы. Калі з поўнай сумкаю выйшаў праз некалькі дзён падавацца на аўтобусны прыпынак, дык амаль нос у нос сутыкнуўся з ёю — яна ў адной руцэ несла загорнутае дзіця, у другой — валізу. Мусіў павітацца, узяць з яе рук цяжар i разам ісці адной дарогаю. I без запытання было ясна: калі свёкар i свякроў Леанілу не праводзілі, значыць, яны пасварыліся, i нявестка пакідае ix, едзе да сваіх бацькоў.
— I сёння хацеў уцячы ад мяне, страшнай i паганай? — паколькі ішлі па вуліцы сам-насам, пакпіла Леаніла.
Мне, канечне, было няёмка, я хацеў неяк апраўдацца, а то i, скажу шчыра, зманіць, але не мог, дык толькі блазнавата ўсміхнуўся — з-за таго, што мяне зразумелі ці залавілі на месцы на чымсьці не вельмі прыемным. У аўтобусе мы селі разам на першае сядзенне; улагодзіўшы дачку на сон, Леаніла прыязна ўжо ўсміхнулася:
— Прызнайся, каго ты збаяўся? Мяне? Уладзю?
— Сябе,— прызнаўся.
— Дзівак ты,— сказала напаўголас.— Я ж кожную суботу вочы прагледжвала, стоячы каля акна: прыехаў ты ці не? Хоць ты, можа, думаеш, што я хачу пакінуць свайго свістуна i пачапіцца табе на шыю з дзіцем?
Я сумеўся i ад яе пільна-пяшчотнага позірку, i ад гэтага шчырага запытання: Леаніла разгадала ўсе мае мітрэнгі, я перад ёй нібы хлапчук.
— Я аж заплакала, калі тады прыйшла за ваша гумно, а цябе няма... Не захацеў яшчэ ўбачыцца, паслухаць мяне. Я хацела табе, толькі табе расказаць пра ўсё, што на маёй душы! Каб ты ўзяў маю руку ў сваю і, апусціўшы сарамліва вочы, як ты гэта ўмееш, слухаў! Але ты збаяўся... сябе... Чаму?
— Я разгубіўся...— прызнаўся я шчыра.
— Дык хіба нам не трэба пагаварыць? — Леаніла ўзяла маю руку і, сплёўшы са сваёй, зноў, як у клубе, запяшчоціла маю далонь, зноў раздзьмухваючы гарачыню ў крыві.— Свістун нам, Янік, ніякая не замінка... Я памылілася, бяздумна захапілася, што ён прыгожы, вясёлы, добра спявае i свішча: свістун ёсць свістун, цікавы, але пусты чалавек. Яго зухаватасць не дасць добрай долі ні яму самому, ні яго родным i блізкім, а рана-позна не толькі прывядзе яго ў турму, але i зусім звядзе са свету. Але я ўжо адчула, што такое — кахаць...—I яна яшчэ пяшчотней загуляла па маёй далоні сваімі пальцамі.
Не толькі нашы рукі, але ўсім целам мы ажно затрьшцелі ад успламянёнага жадання. A калі я падняў галаву i зірнуў Леаніле ў вочы, дык у ix, нібы прымлелых, убачыў мальбу.
— Калі ты дасі слова, што прыйдзеш на сустрэчу, дык я праз тыдні два вярнуся,— прашаптала яна.
— Даю,— прашаптаў i я, таксама, мабыць, умольна пазіраючы ў яе вочы.
— Ты толькі не бойся,— па-змоўніцку запэўніла яна.— Я нічога благога не замышляю. Ты ж такі харошы, сціплы, добры, дык i я хачу быць з табой людскай...
«Гэта i ёсць прызнанне ў каханні?» — я запытаў гэта не словамі, a позіркам i поціскам-ласкаю рукі. Яна адказала мне тым жа.
— I ведай: калі ёсць сапраўднае каханне, страсць, дык для ix не павінна быць ніякіх перашкод! Найперш з-за гэтага, хоць з-за аднаго іхняга мігу, хочацца жыць i з-за яго нават не страшна памерці альбо загінуць! Павер, я — не вар'ятка, а жывы, з цела i душы чалавек! Жанчына! I яна, грэшная, не можа жыць без каханага i кахання! I яшчэ запомні: вагаешся, пакутуеш сам — прыносіш тое i іншаму! Дык трэба быць смелым i ўсё рашаць самому! Вось чаму свістуны хапаюць, маюць больш, чым людзі сціплыя i сарамлівыя, тыя бяруць усё на хаду!