БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
Немцы плянавалі сваё панаваньне на Беларусі як усеахопліваючае. Для фармаваньня і кіраваньня ўмысламі насельніцтва і супроцьдзеяньня савецкай агітацыі і пачынаючай партызанскай акцыі ў Бэрліне была арганізаваная служба прапагандыстых. Была створаная камісія для набору кандыдатаў на прапагандыстых у складзе: Ф. Акінчыц, Камароўскі і іншыя. Гэтая камісія аб'яжджала лягеры вайсковапалонных савецкай і польскай арміяў і рыхтавала сьпіскі кандыдатаў. Увосені 1941 году гэтая камісія выклікала кандыдатаў і апытвала іх аб кваліфікацыях. Пад канец 1941 году выбраных кандыдатаў у ліку каля 60 чалавек выклікалі з лягероў і скіравалі ў школу прапагандыстых у местачку Вусстраў каля Бэрліна. У гэтай школе чыталі лекцыі: Акінчыц — былы савецкі пракурор (а цяпер нацыянал-сацыялісты), Барановіч, Зімёнак, Федотаў — былы палітрук дывізіі і іншыя. Курсанты пісалі даклады на зададзеныя тэмы, як і вучыліся прамаўляць. Першая група перашколеных прапагандыстых была прывезеная ў Менск у сьнежні 1941 году, а другая група — у красавіку 1942 году. Наступна былі прысыланыя далейшыя групы. Прапагандыстыя былі прыдзеленыя да аддзелу прапаганды гэнэральнага камісара ў Менску, які пасылаў іх у акругі. Нямецкія аддзелы прапаганды пры акруговых камісарах скарыстоўвалі іх паводля сваіх мяркаваньняў і патрэб. Прапагандыстым было сурова забаронена немцамі зносіцца непасрэдна з беларускімі арганізацыямі і ўстановамі ды з насельніцтвам, за выняткам прапагандовых выступленьняў. Нічога дзіўнага, што ў хуткім часе некаторыя прапагандыстыя забівалі сваіх сяброў, якія былі адменных поглядаў, ды ўцякалі да савецкіх партызанаў. Некаторыя прапагандыстыя зносіліся патаемна з партызанамі і супрацоўнічалі з імі, застаючыся пры немцах.
Для выкарыстаньня беларускай моладзі для сваіх патрэб немцы стварылі арганізацыю пад назовам «Саюз Беларускай Моладзі» (СБМ). Ад пачатку заснаваньня гэтай арганізацыі было забаронена зносіцца з мяйсцовымі беларускімі дзейнікамі — адміністрацыяй, установамі і арганізацыямі. Вышэйшы нагляд над СБМ меў Мэнцэль, обэрфюрэр нямецкай гітлераўскай арганізацыі моладзі. Непасрэднае кіраўніцтва СБМ выконваў Нікель, нямецкі ўраднік у Бэрліне, а мяйсцовае кіраўніцтва меў Шульц. нямецкі ўраднік у Гэнэральным камісарыяце Беларусі ў Менску.На шэфа-правадніка СБМ быў вызначаны Міхаіл Ганько, якога выбралі з польскіх вайсковапалонных беларусаў у Нямеччыне і прыслалі ў Менск. Кіраўнічкай аддзелу дзяўчат СБМ была прызначаная д-р Надзея Абрамава з Менска, якую рэкамандаваў д р Ермачэнка. Аддзел дзяўчат быў падпарадкаваны шэфу-правадніку ўсяго СБМ. Галоўная ўправа СБМ складалася з аддзелаў: арганізацыйнага, культуры, прапаганды і гаспадарчага. У акругах былі заснаваныя акруговыя аддзелы СБМ, а ў паветах — паветавыя аддзелы СБМ. У Альбэртынскім манастыры ў 1943 годзе была арганізаваная школа падрыхтоўкі кіраўнікоў СБМ. Сябры гэтай арганізацыі, паходзячы з Усходняй Беларусі, час ад часу ўцякалі да савецкіх партызанаў, забіваючы сваіх сяброў, якія не хацелі Ісьці разам з імі.
Вясной 1944 году з акругаў Беларусі было сабрана і прывезена ў Менск звыш 400 чалавек моладзі. Гэты набор праводзілі па акругах нямецкія афіцэры авіяцыі пры дапамозе СБМ. Урачыстае разьвітаньне было зроблена на гарадзкой плошчы нямецкімІ ўраднікамі і моладзь паехала ў Нямеччыну для абслугі супроцьлятунскай артылерыі.
Ад пачатку гістарычных часоў нямецкая экспансыя на ўсход (Drang nach Osten) прыкрывалася цывілізацыйнай місыяй. Гітлер даў ёй новае абгрунтаваньне. Нямецкая раса паноў патрабуе жыцьцёвага прастору для сябе і славянскіх работнікаў, якія народжаныя, каб быць нявольнікамі. Нямецкія пляны Новай Эўропы і будучыні для Беларусі і ўсёй усходняй Эўропы, акрэсленыя А. Розэнбэргам, трымаліся ў тайніцы, але яны былі ўстаноўленыя і рыхтавалася іх рэалізацыя. Славянскае насельніцтва мела быць у масе перакіненае на ўсход за Уральскія горы ў Азыю. Эўропа прадбачалася на жыцьцёвы прастор для нямецкага насельніцтва з Райху. Толькі неабходная славянская працоўная сіла мела быць пакіненая на гэтых абшарах. Інтэлігэнцыя і нацыянальна вядучая частка народу мелі быць зьнішчаныя.
У большых гарадох Беларусі, якія былі пераважна зруйнаваныя вайной, ужо цяпер рыхтавалася перабудова. У Менску, Смаленску, Магілеве, Віцебску, Гомелі, Клінцах і Бранску працавалі групы нямецкіх архітэктароў, якія плянавалі адбудову іх для патрэб нямецкага насельніцтва і нямецкай адміністрацыі згодна з іх вымаганьнямі і стандартамі.