Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
А пакуль што я ў Зэльве, гаворым з мужам, ходзім з ім на спацыр, ёсць такая маленькая крамка, дзе смачныя вельмі цукеркі. Свае скупыя грошы аддае мой Яначка на цукеркі жонцы, купіў мне вельмі харошы матэрыял на шляфрочак і так раскідае бедныя тыя злотыя, зусім не думаючы аб заўтрашнім дні, шчаслівы толькі тым, што сяння мы разам, яшчэ пакуль што разам... Гэта было так хораша, і радасці той вялікай з яго ўвагі я не забылася й сяння, на старасці сваіх гадоў. Многа нажывалі мы яго працаю, усё мы гублялі, і мы зноў былі амаль нагія ў бядзе, але ніколі не думалі аб тым, што будзем есці заўтра. Бог нейк сцярог нас, нашае жыццё, і так мы жывем яшчэ сяння.
Настаў час ехаць мужу ў Прагу, яшчэ нават два месяцы разам не пражылі. Завезлі мы з татам яго на станцыю, развіталіся, ехаць яму было неабходна. Мы вярнуліся дамоў, у куце стаяла палачка мужа, была пустая хата, пустая пасцель, і вось тады я расплакалася, зразумела сваю адзіноту. Адна я не была, я была ўжо цяжарнай, і гэта было несказана дзіўным, як дзіўным і таемным ёсць паяўленне новага жыцця чалавека. А час ляцеў і нашыя лісты, узаемна поўныя любові, тугі й думаў нясмелых яшчэ аб гэтым нашым ненароджаным дзецятку. Я памагала маме мужа, садзіла гароды, мыла бялізну, падлогу ў хаце й вельмі, вельмі тужыла па мужу, але й па сваіх Жлобаўцах — як жа там яны без мяне? У мае я паехала туды на пару дзён, але адчула крыху, што мой кусочак, як кажуць, там ужо адрэзаны. Па-ранейшаму сардэчнымі былі толькі мама, Люсенька й Славачка, у нас была нейкая адна, супольная душа... Вярнулася я з вялікім чамаданам, напакаваным вяндлінаю й рознымі дабротамі ад мамы. Муж прыслаў мне крыху цікавых журналаў і мілых лістоў, пачыналі зелянець нашыя сцежкі... Фігура мая выразна псавалася, і нос пакрыўся дробным рабаціннем. Мае сукенкі рабіліся малымі на мяне, і таму я апраналася пагана. Ніхто аб гэтым зусім не падумаў, а грошай у мяне не было ні капейкі. Але ці гэта так важна? Важна было тое, што ў Зэльве пачаліся вялікія арышты. На 1 мая ў школах, здаецца ў Коннай, дзеці замалявалі сажай партрэты Пілсудскага й напісалі на дошках, што хочуць беларускай школы. Недзе зноў раскрылі камуністычныя ячэйкі. Днём бралі дарослых, а ранічкай вялі пастушкоў непаслушных, пакуль людзі яшчэ не паўставалі. Кажуць, што ўсіх моцна білі. Калі аднаго з іх выклікалі на чарговы допыт, ён папрасіў ножыка, каб крыху пад’есці з перадачы, якую яму прынеслі. Ён схапіў ножык, які падаў яму канваір, і на вачох сябе ім зарэзаў, устраміўшы яго ў горла. Сканаў хутка, і ўсе моцна аб гэтым загаварылі. Казалі, што абураліся нават палякі падчас ускрыцця, бо ўсё цела ў гэтага хлапца было паадбіванае ад касцей. Мяне гэта вельмі моцна ўсхвалявала, было так крыўдна за свой народ. Я напісала мужу ліста, дзе відавочна крычала кожная літара, і панесла яго на пошту. Сустрэў мяне там адзін паляк, якога дзед быў яшчэ ў паўстанні, нейкі пан Іжылоўскі, і сказаў, што будуць хаваць забітага сяння: ці не хачу на яго паглядзець? Сяння, прайшоўшы ўсе турмы, я разумею, што гэта была правакацыя, тады яшчэ мне ўсё здавалася праўдай... Я пайшла з ім.