Споведзь
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00818-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Споведзь». Краткое содержание книги:
У 1951 годзе пабольшала наша сям’я. Нарадзіўся ў нас маленькі сібірак, крыклівы і неспакойны. Відаць, нервовасць бацькоў перадалася яму і адбілася на сталым характары. Прыбавілася клопатаў: сталі ўсе нянькамі, часта не спалі начамі, куды ішлі, неслі яго з сабою. Часам суседскія дзяўчынкі гулялі з ім, як з лялькаю. Я часта адчуваў увагу сваіх вучняў і іх бацькоў, а хлапчукі з дзіцячага дома часам мімаходзь забягалі ў наш двор і памагалі напілаваць і накалоць дроў.
I ўсё ж трывога гняла ўдзень і ўначы. Дзіва што! Столькі гадоў жыць у вечным страху за сябе, за сям’ю, не ведаць, што цябе чакае заўтра. Таму і снілася адно і тое ж — перапоўненыя камеры, закратаваныя «цялятнікі», этапы, карцэры і следчыя. Я пракідваўся ад страху і радаваўся, што гэта сон, што ціха спіць дачушка, пахрапвае цесць, вялізны месяц праз размаляванае марозам акно залівае блакітным святлом рассыпаныя па падушцы залацістыя валасы маёй адданай і самаахвярнай пакутніцы.
Шчасце, што мы разам, няма кратаў.
Увесну ў канцы сяла нам нарэзалі трыццаць сотак няўдобіцы пад бульбу і гародніну. Усё лецечка, як мурашы, мы снавалі на сваіх градах. Цягалі лясёнкамі гной, капалі, палолі, капанічылі. Днём смаліла спёка, а ўначы прыхоплівалі замаразкі. Кожнае каліва трэба накрыць, перад заходам сонца, паліць. Як кажуць сібіракі, пласталіся дзень пры дні, цешачыся, што зімою будзе свая бульбіна, гурок, морквіна і шаткаванка.
Жнівень быў сухі і сонечны. Ляцела і слалася павуцінне, чырванню наліліся асіны, як васковыя свечкі, золатам адлівалі лістоўніцы і трапяткія бярозы, шапацеў бляшаным лісцем усыпаны барвовымі ягадамі глог. Асенняя тайга — чароўная казка. Як палітра, на якой змяшаліся ўсе колеры і адценні самых сакавітых фарбаў. Нічога прыгажэйшага за асеннюю сонечную тайгу не бачыў. Яна палаючым, зіхатлівым з купамі цёмна-зялёных елак і кедраў шырокім вянком абдымала наша доўгае і шэрае сяло.
На жнівеньскую настаўніцкую канферэнцыю выкладчыкі нашае школы трыццаць кіламетраў ішлі нехатою. Дарога збліжае людзей, развясельвае, паднімае настрой. З размовамі, жартамі, песнямі дайшлі да райцэнтра. На нізкім утравянелым беразе рэчкі памылі запыленыя ногі, абуліся і якраз паспелі на адкрыццё пасяджэння. Яно ішло, як звычайна, суха і нудна. Ад даклада і прамоў хіліла на сон. У цэнтры прэзідыума амаль нерухома сядзеў незнаёмы рудаваты, з дробнымі рысамі твару чалавек, у суконнай «сталінцы» з вялікім каўняром. «Хто гэта? » — я спытаў у суседа. «Другі сакратар райкома таварыш Страпчанка. Загадваў абкомаўскім гаражом і пайшоў на павышэнне».
У выступленнях усё было знаёмае, мяняліся толькі назвы школ і прозвішчы лепшых і горшых настаўнікаў, пералічваліся дасягненні, працэнты паспяховасці і... некаторыя недахопы. У заключэнне пад воплескі слова далі таварышу Страпчанку. Ён павольна падышоў да трыбуны, моўчкі агледзеў прысутных так, што я апусціў галаву, зняў з рукі гадзіннік, паклаў на трыбуну, наліў у шклянку вады, з папрокам зірнуў на прэзідыум, чаму не здагадаліся наліць самі. Пачаў нягучна з вельмі знаёмым, не сібірскім вымаўленнем. Гаварыў аб ролі школы ў выхаванні патрыётаў, адданых ідэям Леніна — Сталіна, пра ролю настаўніка на дзесяцідворцы, у распаўсюджанні пазыкі, пра абавязковы выпуск баявых лісткоў і насценных газет на фермах і ў брыгадах. Бясконца паўтараў: «Вы абавязаны, вы павінны дапамагаць на праполцы, на сенажаці, на церабленні льну і копцы бульбы». Выходзіла, настаўнік вінен усім, а яму — ніхто.
Прамоўца памаўчаў, памаргаў маленькімі вочкамі з чырвонымі павекамі. «А цяпер, таварышы, павінен спыніцца на самым адказным і важным пытанні. Вы ведаеце, што наш раён спецыфічны. Вялікая колькасць нашых ідэйных праціўнікаў, а дакладней ізаляваных за варожую дзейнасць, жыве поруч з намі. Памыляюцца тыя, хто думае, што яны раззброіліся і перавыхаваліся, змірыліся са сваім становішчам. Не! Як вядома, класавая барацьба з варожымі недабіткамі абвастраецца. Некаторыя хочуць прыкінуцца лаяльнымі, старанна працуюць, каб ціхай сапай нашкодзіць на любым участку народнай гаспадаркі, зрабіць уплыў на несвядомых людзей, асабліва на моладзь. Абавязак кожнага настаўніка — пільнасць і яшчэ раз пільнасць. Усялякім варожым размовам, намёкам і анекдотам павінны даваць адпор і пра ўсё неадкладна даводзіць да ведама работнікаў органаў, замацаваных за вашымі населенымі пунктамі. Іх вы ведаеце. Райкам і органы спадзяюцца на вас. За работу, таварышы! Няхай жыве Усесаюзная Камуністычная партыя бальшавікоў на чале з нашым правадыром, мудрым настаўнікам народаў Савецкага Саюза і працоўных усяго свету Вялікім Сталіным!»