Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Споведзь - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Споведзь

Электронная книга - «Споведзь». Краткое содержание книги:

На споведзі гавораць толькі праўду. Прыспела пара i паэту Сяргею Грахоўскаму голасна паспавядацца перад сваімі сучаснікамі, расказаць пра пакутныя дзесяцігоддзі сваёй маладосці i сталасці, пра трагічныя лёсы сяброў i знаёмых — партыйных работнікаў, пісьменнікаў, артыстаў, вучоных i калгаснікаў, знішчаных i замардаваных у пару сталінскіх рэпрэсій. У кнігу ўвайпілі дзве аўтабіяграфічныя аповесці i вершы апошніх гадоў.
1 ... 112 113 114 115 116 117 118 119 120 ... 136
Перейти на страницу:

Мы вытрывалі і гэты ўдар лёсу. Без пажару засталіся пагарэльцамі. Толькі дачушка плакала па сваіх цацках і любімых казках. Праўду кажуць — на каго Бог, на таго і людзі, дзе коратка, там і рвецца.

Трывогі кожны дзень

Страчанага было шкада, хоць мы прывыклі да куды большых страт. Нас на многія гады абрабавалі прылюдна, сярод белага дня адабралі волю, усе правы, хоць фармальна маглі дзеля ўласнага суцяшэння галасаваць за адзінага кандыдата нават у Вярхоўны Савет. Ім быў легендарны Аляксандр Пакрышкін. Яго на нейкай машыне з гусеніцамі прывозілі ў наша сяло. Усе не столькі слухалі, колькі глядзелі на сапраўднага героя. Хацелася крыкнуць, што мы тут пакутуем ні за што ні пра што. Заступіся, Герой. Будзь і цяпер Героем. Але хіба скажаш? Хіба заікнешся? Цярпі і спадзявайся, што пакуты не вечныя. Мне было лягчэй, што побач сям’я, а часта грызла сумленне, што мае самыя дарагія гаруюць з-за мяне, а маленькая Танечка пачынае разумець не роўнае з усімі становішча бацькоў, што яны пазначаны недаверам і ганьбаю, таму замыкаецца, цураецца суседскіх дзяцей. Яна часта плакала і ніколі не прызнавалася — чаго. Я пачуў, як яе равесніца Моцька крычала: «Ссыльная вражына!» Як дзіцяці растлумачыць, чым суцешыць? Што, калі ўзненавідзіць нас за непаўнацэннасць, за кляймо, якім мы пазначаныя? А што думае цесць — патомны рабочы? Ён жа марыў пра шчаслівы лёс дачкі, і на табе, ускочыла ў такую бяду і трымаецца за яе, як сляпая.

Часам здавалася — ад думак можна звар’яцець. А дома ў нас былі мір, увага, ласка і клопат. Пра самае балючае стараліся не гаварыць, а думаць думалі і шанавалі і без таго збалелыя сэрцы. Патроху наладжваўся і быт. Некаторыя нават зайздросцілі нашым дзвюм настаўніцкім зарплатам.

Пасля навагодняга вечара ледзь не ўсе вучні пацягнуліся да мяне, захварэлі акцёрствам, захапіліся маляваннем, выстаўкамі сваіх малюнкаў, насценгазетамі. Некаторыя шчыгілялі нямецкімі слоўцамі, вымаўляючы на чалдонскі лад, паказвалі перад бацькамі сваю вучонасць. Большасць настаўнікаў палагаднела з Аляю і са мною, нават не саромеліся пытацца, калі ў чым сумняваліся. Толькі тры самыя «пільныя» з педкурсаўскімі «дыпломамі» ніяк не маглі змірыцца, што нейкі «варажына» ўбіўся ў калектыў, засланяе іх работу і падрывае аўтарытэт, уплывае на вучняў, а гэта ўжо небяспечна. Па іх ананімках прыязджалі інспектары райана, слухалі мае нямецкія ўрокі, а я тым часам трохі паспеў падкавацца: бегла чытаў, добра засвоіў даўжэзныя лічэбнікі, вучні ведалі некалькі кароценькіх вершаў. Што ж зробіш? Жыццё прымушала пусціць пыл у вочы не надта дасведчаным у лінгвістыцы інспектарам. Яны стрымана хвалілі мае ўрокі ў сваіх заключных актах.

I ўсё ж кожны раз, калі дырэктар нажнічкамі акуратна разразаў пакеты, мы з трывогаю глядзелі на яго, ці не прыйшоў загад аб нашым звальненні.

На педсавеце мне даручылі рыхтаваць праграму да веснавога агляду школьнай самадзейнасці, і я з імпэтам узяўся нешта прыдумляць, з нічога ляпіць нешта, пасля заняткаў прападаў у школе, каб хоць трохі галава адышла ад надакучлівых трывог і змрочных думак, ад вечнага страху. У нядзелю школа ператваралася ў майстэрню: зноў з дзетдомаўскіх недапаленых трантаў шылі касцюмы, з кудзелі і воўны рабілі парыкі, з лою і фарбы грым. Вырашылі ставіць казку «Мікіта Кажамяка і Змей Гарыныч». Зляпілі вялізнае і страшнае тулава Змея. Добраахвотнікаў было больш як трэба. Усе прынялі адну ўмову: двойка пазбаўляе права ўдзелу ў аглядзе. Нават Тартынскі з Бойкам сталі непазнавальныя.

Нашым небяспечным канкурэнтам была раённая сярэдняя школа. Там вучыліся дзеці служачых, былі салідныя настаўнікі і большыя магчымасці, чым у нашай таежнай сямігодкі. Мы марылі хоць бы заняць другое месца і не шкадавалі ні часу, ні сілы, каб нешта цікавае паказаць. I я, і дзеці захапляліся да самазабыцця.

У пачатковых класах першы год працавала пасля педвучылішча беленькая і кволенькая Валя Салаўёва. Прыехала яна з Вышняга Валачка адпрацоўваць свае два гады. Як толькі канчалі свой тэрмін, ніхто з маладых педагогаў назад у Біязу не вяртаўся. Звычайна яны гаварылі: «Я ж не ссыльная. Замуж тут выйсці можна хіба за мядзведзя або застацца векавухай, а я жыць хачу». I знікалі. Як на сезонную глядзелі і на дробненькую і ціхую Валю. I раптам чэпэ! Маладая настаўніца, камсамолка закахалася. I ў каго? У ссыльнага статнага прыгажуна Івана Рудога. Ён быў майстра на ўсе рукі: нешта рабіў у канторы спажыўкааперацыі, увосень быў нарыхтоўшчыкам, меў прымітыўны фотаапарат, прызарабляў і ім. Вельмі хутка прыбудаваў трысцен да хаты бабылкі Астанінай. Патынкаваў, пафарбаваў, павесіў вясёленькія фіраначкі, зрабіў прыгожую мэблю, хадзіў заўсёды ўсмешлівы і вясёлы. Насупраць Іванавай прыбудоўкі кватаравала Валя. Часам прасіла суседа прыбіць зашчапку, то падцягнуць дзверы, пераставіць вешалку. Неўзабаве, як кажуць сібіракі, «паглянуліся» адно аднаму. Як ні хаваліся, а ад Наталлі Іванаўны не ўберажэшся. Яна ведала пра кожнага больш, чым той сам пра сябе. I зашапталіся ў настаўніцкай: «Мала аднаго ссыльнага, дык і гэтая злыгалася». Валя прыкідвалася, што нічога не ведае і не чуе. Часам чырванела, калі школьныя сакатухі асабліва прыдзірліва аглядалі яе постаць, пасміхаліся і байкатавалі яе. Наталля Іванаўна насядала на дырэктара неадкладна абмеркаваць амаральныя паводзіны камсамолкі Салаўёвай. Той упінаўся, што няма ніякіх падстаў для такой прапрацоўкі маладой настаўніцы: яна дарослы чалавек і мае права сустракацца з кім хоча. «Э-э-э, не, Яўген Паўлавіч, вы траціце класавую пільнасць. Няхай круціць на здароўе хоць з д’яблам, а гэта ж ссыльны. Яны тут расплодзяцца, што і нас выжывуць. Ведаеце, чыю ідэалогію можа прынесці ў школу? А спытаюць, — указальны палец угору, — у вас і ў мяне. Патрабую неадкладна абмеркаваць паводзіны Салаўёвай і прыняць рашучыя меры».

1 ... 112 113 114 115 116 117 118 119 120 ... 136
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)