Споведзь
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00818-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Споведзь». Краткое содержание книги:
Ледзь не да поўначы ў гасцінным доміку Лідзіі Яўсееўны абмяркоўвалася, узважвалася, разгадвалася значэнне кожнага слова новага сакратара і загадчыка райана. Горача выказваліся Алена Хрысціянаўна Ракоўская і Вікторыя Сяргееўна. Маё прызначэнне ў школу абнадзеіла ўсіх ссыльных, а звальненне прыгняло безнадзейнасцю і беспрасвеццем нашага становішча.
Раніцай сапраўды Аля атрымала загад і вось прымчалася абрадаваць нас. Я паслаў заяву ў аблана на імя самога Андросава і цярпліва чакаў адказу. Пачаліся ў школе заняткі. У восьмым класе Аля атрымала добрую нагрузку, а мае ўрокі пуставалі. Хтосьці прасіў дагрузіцца маляваннем і чарчэннем, але Яўген Паўлавіч чамусьці не спяшаўся.
Я цэлымі днямі капаўся на сваіх сотках і пазбягаў сустрэч з настаўнікамі і вучнямі. Але не-не ды прыбягалі да мяне гаваркія дзетдомаўцы, расказвалі пра свае поспехі і няўдачы, крыўды і сваркі. А мне было сорамна нешта ім гаварыць і абяцаць. Дачушка мая пайшла ў першы клас, а мы з дзедам выбіралі бульбу і больш маўчалі. Супакоілася і наша гаспадыня, што сорак рублёў за свой пакойчык будзе мець. А мы цвёрда вырашылі — вясною пачнём будавацца. Чаканне адказу з аблана пазбавіла сну, прыгняло непамерным цяжарам. Самае страшнае было атрымаць адмоўны адказ. Страпчанка ж мог напісаць усё, што прыйдзе ў галаву. Даводзь тады, што ты не вярблюд. Набраўся рашучасці — няхай будзе што будзе, пайшоў на пошту і так-сяк дазваніўся да Новасібірска. Мяне выслухалі, і прыемны барытон адказаў: «Чаго яны там чудзяць? Мы надоечы адправілі загад у пацвярджэнне папярэдняга. Вы будзеце адноўлены на рабоце». Я бег дадому, не чуючы пад сабою ног.
Зіма мінала з маразамі, завеямі, педсаветамі, плёткамі, ласкавымі і варожымі зіркамі ў наш бок. Зноў наша школа займала першае месца на аглядах самадзейнасці, восьмы клас прыбавіў мне нагрузку і заработкі. Мы акрыялі і павесялелі. Я радаваўся, што недзе ў вобласці ёсць не знаёмыя мне, але сумленныя і добрыя людзі — Андросаў і Кулагін. Колькі разоў яны нас ратавалі, а маглі ж адмахнуцца, каб спакайней жыць.
Пад вясну калгасны рухавік даў электрычнае святло. Напачатку яно гайдалася, як ад ветру, але ўсё ж гадзін да адзінаццаці свяціла. У старой шафе, выкінутай у школьны калідор, я знайшоў фільмаскоп і набор дыяпазітываў па розных вучэбных прадметах. Асвоіў яго, і ледзь не кожны вечар у вялікім класе вучні збіраліся глядзець «маленькае кіно». Прыходзілі і настаўнікі на тэматычныя паказы.
У недалёкай вёсцы Платонаўцы за трыста дарэформенных рублёў купілі старую, але яшчэ моцную, прасторную хату. Сельсавет пад забудову ссыльным далёка за вёскаю, каля самай тайгі, нарэзаў высокі, ніколі не араны груд. Пад ім круцілася крынічная Біязянка, а з другога боку быў глыбокі лог, зімою забіты снегам, а ўвесну поўны талай вады. Ссыльных выселілі нават з сяла на асобную вуліцу і назвалі яе Зялёнай.
Цяпер і самому не верыцца, што за лета паставіў хату. Падруб і сталярку памаглі зрабіць Зміцер Сцяпанавіч з Вацлавам, а сцены, пакуль мог дацягнуцца, складаў сам, апошнія вянцы падняць памог сусед па забудове, сын сонечнай Малдовы, Несцер Павалук. Ён будаваўся, як ніхто: укапаў чатыры шулы, з жонкаю і дзвюма дачушкамі на сабе нацягалі з тайгі вяршынніку з сукамі і заклалі імі сцены, як азярод. Пад гэтым зрубам хутка дакапаўся да тлустай гліны, мясіў яе з саломаю і гноем і ляпіў сцены. Дах накрыў вялікімі лістамі бяросты, прышыў іх зграбнымі рэечкамі, сцены пабяліў, пад хатаю зрабіў склеп і цяплічку. За лета вырасла хата, як лялька.
Цераз вуліцу мнагадзетны, нізкарослы, затурканы нястачамі, бадзяннем па турмах і ссылках Іван Рудэнка зляпіў хацінку з дзёрну, абмазаў глінаю і берасцяны дах прыкідаў пластамі дзёрну. У гэтай земляной нары ён пражыў з вялікаю сям’ёю аж да вызвалення. Калі пыталіся ў Рудэнкі, за што ён трапіў у няволю, адказваў адным словам: «Па плану». Часам тлумачыў: пасвіў ён чараду авечак, падагнаўся да дарогі, аж бачыць — з іх сяла пыліць грузавік з людзьмі і вайскоўцамі ў кузаве. Стаў пры дарозе і глядзіць, куды гэта ў такую гарачую пару едуць людзі. Спыніўся і грузавік. Начальнік з кабіны пытае: «Гэта твае авечкі в-у-унь там сталачылі проса?» — «Што вы, я туды не ганяў, і проса ў тым баку няма». — «Давай залазь». — «А як жа авечкі?» — «Давай, давай, без разгаворчыкаў». Двое саскочылі, падсадзілі ў кузаў і паехалі. «Ну, вось і трыццаты ёсць», — узрадаваўся старшы. У іх план быў — забраць трыццаць ворагаў, а ў сяле знайшлося толькі дваццаць дзевяць мужчын. Іван Рудэнка «забяспечыў план» і вось пятнаццаты год пакутуе з сям’ёю. Тонкая, як тычка, жонка рабіла прачкаю ў дзіцячым доме, а Іван там жа канюхаваў, цяслярыў, сталярыў, рабіў, хто што загадае. Аповесці 431