Споведзь
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00818-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Споведзь». Краткое содержание книги:
На бліжэйшым педсавеце абмяркоўваліся прычыны нізкай паспяховасці ў асобных класах і справаздачы класных кіраўнікоў. Хоць паспяховасць у Валіным класе была не з горшых, яе пясочылі больш за ўсіх. Педсавет закругляўся, але ўстала Наталля Іванаўна: «Маё партыйнае сумленне і абавязкі завуча прымушаюць паставіць пытанне аб амаральных паводзінах і палітычнай неразборлівасці камсамолкі Салаўёвай. У чым гэта выявілася? Калі ласка. Салаўёва ўступіла ў недазволеныя нашай савецкай мараллю адносіны з ссыльным Рудым. Хто такі гэты прыгажунчык? Бацька яго адбывае пакаранне за антысавецкую агітацыю, а сынок садзейнічаў яго злачынствам і трапіў сюды. Думаеце, ён так закаханы ў нашую пр-ы-г-а-жуню, — яна са здзеклівай ухмылкай апякла Валю сваім каршучыным зіркам, — сумняваюся. Яму трэба сваёй ідэалогіяй атруціць душы нашых дзяцей. Салаўёва ў яго бывае кожны вечар... дапазна. У нашым калектыве павінна быць павышаная пільнасць, а тут яшчэ адна непрыемнасць. Мы абавязаны хадайнічаць перад райкамам камсамола аб выключэнні Салаўёвай з радоў ВЛ КСМ, а райана вырашыць пытанне аб мэтазгоднасці яе далейшай работы ў школе». Выпаліла, як прысуд, і села. Яўген Паўлавіч разгублена лыпаў вачыма, маўчалі ўсе, толькі было чутно, як адлічвае хвіліны хрыпаты гадзіннік ды трымціць незакітаваная шыба. Я адчуваў сябе прылюдна аблітым гарачымі памыямі. Валянціна Міхайлаўна папрыгажэла ад чырвані шчок і бляску вачэй. Маўчала, нібыта гавораць не пра яе. Не вытрымала лепшая сяброўка Бугаёвай Варвара Іванаўна. У яе быў моцны тыл — муж дырэктар дзіцячага дома. «Слухай, Наталля, па-мойму, каханне справа асабістая. Да каго ёй ісці, да дзевяностагадовага Жураўлёва ці да п’янага Гошкі? Ды і фактаў у цябе няма». — «Варвара, любоў катэгорыя класавая. А факты? Факты — вось яны». Яна паляпала далонню па сшытачку.
Я памкнуўся выйсці. «Куды вы? Не ўдасца ўхіліцца ад галасавання», — перапыніла Бугаёва. У мяне ўсё затрымцела, але стрымаўся і спакойна адказаў: «Калі вас так цікавіць, куды іду, можаце мяне праводзіць...» Варвара Іванаўна зарагатала: «Ну, палучыла?» — «Гэта нахабства! Бачыце, да чаго яны дайшлі». У калідоры дрыжачаю рукою прыпаліў папяросу, выйшаў у двор і затуліўся ад рэзкага ветру за сцяною. Думаў, перачакаю, пакуль перабушуюць страсці і разапнуць гэтую мілую новую ахвяру. Але памыліўся. Вярнуўся, калі прымусілі гаварыць Валю. «Каго любіць і ненавідзець, справа мая асабістая. А вас, Наталля Іванаўна, вызваляю ад агіднай місіі мерзнуць пазавуголлю і сачыць, куды і калі я іду. Я выходжу замуж за Івана Рудога». Зацягнулася нямая сцэна, як у «Рэвізоры» Гогаля. Маўчанне парушыла Бугаёва: «Ну, цяпер усё ясна. Хто за хадайніцтва перад райкамам камсамола і райана, прашу галасаваць. Смялей, смялей, таварышы». Яна свідравала кожнага сваімі вузкімі драпежнымі вачыма. Дырэктар не то падняў руку, не то пачухаў за вухам. Я сядзеў унурыўшыся, нібы глухі. «Ну а вы?!» — «Мне сорамна ўсё гэта слухаць. Нельга ў далікатных адносінах шукаць палітычную падкладку. А каб не псаваць ваш пратакол, запішыце — ссыльны ўстрымаўся».
З таго педсавета мінула ледзь не сорак гадоў, а сорам точыць маё сумленне: устрымліваецца баязлівы, бязвольны і беспрынцыпны чалавек. У кожнага павінна быць цвёрдая пазіцыя: або — або. Я павінен быў сказаць усё, што думаў, але страх за сям’ю не дазволіў лезці на ражон, тым больш што нічым не дапамог бы Валі. Наталля Іванаўна далажыла б Пушыкаву пра салідарнасць, блок, ледзь не арганізацыю ссыльных, а там нядоўга завесці і новую справу на рэцыдывістаў.