Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
І вось яго няма. Недзе хаваюць у Маскве, а нам загадалі на працы стаяць і маўчаць хвіліну. Цяжка выстаяць, цяжка маўчаць, калі Бог адчыніў справядлівасць. Паглядаем на канваірскія морды, пасмейваемся, што ж сіроткі без свайго «тата», вам не сорам за ўсё?.. Нас яшчэ пусцяць не хутка, але вецер павеяў цяплейшы, ад аднаго факту той смерці людзям стала дыхаць лягчэй.
Мяне часта выклікалі, то пытаюць, напрыклад, ці Наталля Арсеннева камсамолка, ці ведаю Клімовіча і т.п. Вось пакінулі ў зоне, знача, зноў нечага хочуць, чаго цяпер? Выклікаюць з абеду да опера. Уваходжу, сядзіць невысокі сціплы чалавек у ваенным і кажа: «Сядзьце, у мяне справа да вас. Я так шкадаваў вас, што пакінуў, каб хоць дзень адпачылі». Выглядае, што не лжэ. Уваходзіць опер і як зараве: «Устаць, чаму не ўстаеце, калі я ўваходжу!» — «Я прыехала, лепш сказаць — вы мяне прывалаклі сюды з Еўропы, а там жанчыны, нават зняволеныя, перад мужчынамі не ўстаюць». Мяне трасе, а малы чалавечак у ваенным лапоча: «I ў нас культурна, і ў нас вельмі культурна...» Пытаўся, здаецца, пра Калошу, і ўсё лагодна, ніякай грубасці. Там ужо недзе пачынаўся новы хрушчоўскі дух, але ўсё гэта яшчэ вельмі абманчывае, верыць тут ніколі й нікому нельга. Людскасці тут не было й не будзе, тут хітрасць. Пасля зноў прыехаў нейкі рыжы «таварышч», я так і не пыталася, хто ён. Гэты пытаўся, ці я паспела палюбіць савецкіх людзей? «Якіх? — пытаю. — Прасветава?» Яму сказалі, хто Прасветаў. Гэты «дазволіў» пісаць мне — толькі не пра кірку, не пра лапату, проста пра «любоў» да савецкае родзіны... О іронія, о жах... «Вам блішчаць яшчэ вочы», — кажа той рыжы. О так, яны мне будуць век гэтак блішчэць нянавісцю й помстай на адзін успамін аб такіх дыпламатах. Я яму нагаварыла, што ён аж пазапісваў. Кубаткіну й Радзіонаву ён адпусціў у Маскву. Мне толькі парадзіў карыстацца бібліятэкаю, тады калі не было ў мяне акуляраў і нават найменшай надзеі на іх. Не ведаю, хто быў гэты чалавек, але я мела ўражанне, што яны нарэшце сцямілі, што сяджу дарма. І яшчэ адно я зразумела, што калі пытаецца, нехрыст, ці я паспела палюбіць савецкіх людзей, знача, мяне згэтуль не пусцяць... Я даўно выйшла б з лагеру, калі б гэта было ў Еўропе нават камуністычнай, там была нейкая логіка ў людзей, законы й паслядоўнасць, тут Сталін і мера пачуццяў да яго вырашалі людскія лёсы. Не, гэта было ніяк не для мяне. Мая мілая сяброўка Галіна Уолэс, жонка некага з амерыканскага пасольства, прасіла мяне: «А ты хоць маўчы й пабачыш — будзе табе лепей, прашу, не высказвайся». Калі нейкі канваір, якога мы празвалі за нялюдскасць Гітлерам, здзекаваўся нада мной, кажучы: «Вось графіня...» — дык Галіна падыходзіла да мяне й сама высказвалася на ўвесьь голас: «Да, он прав, всё же ты среди них выделяешься...» Навучылася яна рабіць печы, што давала ёй магчымасць быць у зоне, як-ніяк — цяплей.
Зэкі адбывалі на этапы, прыбывалі новыя. Мая Оля Фоцюк была ў нейкай чужой брыгадзе, і мы цяпер рэдка бачыліся. Аднойчы яна завітала да мяне з дзіўнай просьбай, што яе брыгадзірка вельмі прасіла, каб я да яе прыйшла. Яшчэ што, кажу, калі трэба, дык няхай сама прыйдзе, але пані Оля так прасіла, што ўрэшце мы пайшлі. Сустрэла нас чарнавокае, сумнае й вельмі прыгожае дзяўчо. Была гэта беларуска Жэня Пазняк. Узялі яе за СБМ роўна ў 16 год, і вось яна канчала свой срок, цяжкую дзесятку, даслужылася да брыгадзіра, але, паводле слоў пані Олі, была людскай. Пачаставала нас яблыкамі, відно, з пасылкі. Я адмовілася, бо маладым цынга куды страшнейшая, але яна ўперлася, кажучы: «Мне адмаўляць нельга!» Я задумалася, нічога адмаўляць у нас нельга толькі цяжарным... «У чым справа?» Жэня глянула мне з цэлай душы ў вочы й загаварыла: «Будзьце мне як маці, я ў горы. У мяне ёсць родная мама, але гэтага не магу ёй сказаць, не перанесла б...» Жэня была цяжарнай ужо пяты месяц. Іх, якія канчалі срок, паслалі ў тундру на сенажаць. Начальнік, нейкі прараб з быўшых зняволеных, немалады й гадкі тып, проста траўляю й здзекам на рабоце воддаль ад большага начальства рабіў там з людзьмі, што хацеў. Ён закахаўся ў Жэню, хадзіў здалёк ад нашае зоны й чакаў, калі яе асвабодзяць, ведаў, што яна цяжарная ад яго. Яна ж так люта яго ненавідзела, так брыдзілася яго маральнай нізасці, што спакойна не магла аб ім гутарыць. І вось што рабіць? Я сказала коратка, што дзіця належыць пакінуць, гэта перад усім яе дзіця. Менавіта тут, дзе ўсё забіваюць — ад волі чалавечай да самога чалавека, — трэба ратаваць жыццё. Справа была пастаноўленай, Жэня лёгка згадзілася. Але ў мяне ж свая беларуская сям’я, перад усім дзяўчаты. Спакойна ім усё расказала й сваю пастанову, пачаўся бунт! Нельга такое дзіця, нельга тут раджаць, трэба гэта знішчыць і зацерці сляды... Што ж, практычна, вельмі «па-людску»... Я толькі не магла зразумець, што гэта гавораць жанчыны... Я ім сказала, што думаю я й што маленькае будзе жыць! «Мы адмаўляемся гэта падтрымоўваць!» — «Ну й добра, я гэта падтрымоўваю, гэта пяты месяц, і нельга забіць...» Мы з Жэняй узялі на сябе цяжкую адказнасць. Яна ўжо сядзела ў бараку мамак і вышывала. Вышывала прыдуркам, якім усяго было мала. За пайку яны выкарыстоўвалі патрабуючых і шылі, шылі... гатавалі сабе выправы, але як жа яны маглі глядзець на гэтыя рэчы з лагернай нядолі ў сваіх хатах, дый хто такіх жанчын калі пакахаў бы, без душных... Ну, але Жэня вышывала ім і начальству й мела нават капейку за гэта для будучага дзіцятка. Аб гэтым я паведаміла сяброў, думаю, што скажуць? Адныя адразу напісалі, што нельга, каб было дзіця, бо яно ўсё роўна ніколі не скажа «Жыве Беларусь», а толькі «Всегда готов» і г.д. Другія напісалі: «Нам гэта не падабаецца, але калі скажаш, маці, дык паможам». А трэція ўсцешыліся, што гэта можа быць нейкі паэт ці паэтка, і калі будзе дзяўчынка, дык каб назвала Жэня найдарожшым для іх імем — Ларыса... А Жэня зацяла вусны, не наракае, такая тактоўная, мудрая, церпіць. Божа мой, гэта ж жыццё, і не адна, якая Жэню асуджае, мае куды больш на сумленні... Аднойчы йдзем мы з работы, а ля вахты чакаюць мяне хмараю проста й віншуюць, што ў мяне ўнук! Ну й так трэба! Жэня была львіца, не маці, зайздросная за сваё дзецятка, улюбёная ў яго. На жаль, у яе ўспыхнуў туберкулёз, трэба было легчы ў больніцу й пакінуць на час які дзіця. Яна не згадзілася, толькі б карміць, толькі б даглядаць яго.