Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Пра гэта цяжка пісаць, а ахвяраў былі тысячы, магільнік па іх вялікі.
Яшчэ адна зона была ў нашым лагеры для свіней. Яны таксама карміліся па норме, але яна ў іх была сытая, нармальная, і жылі яны, у параўнанні з намі, як паны. У кожнай свінні свая клетка і ўсе свінскія выгоды, культурна, як тут кажуць, і паказацельна. Не ведаю, хто еў мяса з тых свіней, мы елі камсу й смярдзячыя трыбухі з аленяў. «Оленина (о, Ленина, о, сталина),— казалі мы. Яшчэ мы елі квашаныя ніжнія чорныя лісты капусты інцінскай, з пяском, дарэчы. Галоўкі былі для начальства. Гэтую капусту да немагчымасці насольвала Камбала, адна нашая гора-суродзічка, нейкая Новік. Камбала таму, што вока адно навыкаце (Бог шэльму меціць). Яшчэ была адна такая Раіса Новікава й Марыя Мельнік, некалі адумысловая нямецкая прыслужніца і кат, і Іуда для нас у лагеры. Дзеля справядлівасці нельга скрываць сваіх, вось гэтыя й запамяталіся найстрашней, кожная на розны спосаб... А яшчэ мы елі суп з рэдзкавення з гнілой рыбаю. Можна спрабаваць яго зварыць, каб пераканацца, які мае смак... Ды чаго мы ўрэшце ні елі... Але давалі нам і па аладцы на алеі, якую шумна называлі «пончык», і гэта падкрэслівалі. А рэшта пайка не заўсёды падобная на чалавечы хлеб, ну, і жуй-плюй, гэта авёс з шалухою, з якога суп, каша, а ў свята дык і катлеты. Мы дзівам дзівіліся, як тыя англічане ядуць гэта ўсё жыццё. Праўда, яны пэўна ядуць яго не сухама й не посны. Можа, нам чаго й болей пападала б, але жывілася ля лагероў шмат начальства, ля прадуктаў дык асабліва. Свінскае нормы яны не елі, і тут выйгравалі свінні...
Горам для нас былі этапы. Прыязджалі купцы. Гэта былі звычайна босы з нейкіх лагероў, дзе стройкі. Кожны начальнік лагеру прагнуў збыць старых і набраць маладзейшых. Нас заганялі брыгадамі. Спачатку лагерныя лекаркі ці лекары (пераважна апошнія — сцервы) глядзелі нас на цяжарнасць, не мыючы рук... Пасля мы йшлі голыя да пояса да стала, дзе засядалі лекары, купцы й начальнікі. Нам заглядалі ў зубы, мацалі, круцілі голавы й бралі нас на ўлік этапны альбо, крывячыся, адкідалі. «Хадавы тавар» быў тады: «З трыццатага года нараджэння». Часам везлі аж у Караганду. Усюды тое самае! Да нас прыбывала папаўненне з волі, прыбывала шчодра... На Інце доўга была з намі Соня Радэк. Яна рабіла прыдуркам. Была францужанка Пірэт, якая дзеля «славы Францыі» старалася працаваць разам з усімі. Была яна нейкай вечна надутай, а можа, ганаровай, што яна — не мы... З ёю гутарыла нейкая Угрымава (здаецца, так), якая разам з мужам з патрыятычных меркаванняў вярнулася на «родину» з Францыі. Іх з Адэсы, здаецца, проста з парахода далі на Інту. Працавала яна художніцай. Малявала карыкатуры на розныя лагерныя парушэнні, напрыклад, як мамкі лезуць праз вузенькае вакно ў калючым дроце да сваіх дзяцей. Ну, гэта, як і другое, нас не смяшыла... Была з ёю і яе сястра Волкава, якая старалася мне давесці, што сталінская «эпоха» — найслаўнейшы час расейскай гісторыі. Дык аб чым было з дурнем болей гутарыць? Я цесна дружыла з Люцынкаю, а калі яе адвезлі ў Абезь, дык з харошаю жанчынай Ольгай Фоцюк, з Ольгай Мароз, са сваімі дзяўчатамі, якіх, прызнацца, пабойвалася за малымі выняткамі. На іх быў асаблівы націск, а мы — як каты ў мяшку. Часта каторая з дзяўчатак гаварыла мне: «А цяпер «пасварымся» з вамі, не будзем гутарыць, ні сустрачацца...» Я за гэта дзякавала, ведала, што застаўляюць на мяне даносіць, і нам выгадней было «пасварыцца».
Тактыка не змянілася, так робяць са мною й цяпер. І цяпер ходзяць да людзей і рознае на мяне выдумоўваюць, падобнае было і ў лагеры. І тут, і там мала гэтаму верылі.
Было розна, але ў лагеры мяне даволі слухалі. У нас ладзілі канцэрты вельмі харошыя: балеты, мантажы з операў, эстраду. Аднойчы запрапанавалі даць нешта ўкраінскае, думалі што, але адна з масквічак так непрыгожа выразілася аб менейцэннасці беларусоў і ўкраінцаў, што нас заела. Канцэрт гатовы, але на яго ніхто не йдзе! Сцэна пустая, брыгады не рухаюцца з месца... На гэта трэба было толькі сказаць: «Калі так, дзяўчаткі, дык нам там не месца...» Гэта была цудоўная з’яднанасць, нават прыдуркі не йшлі... Пасля давалі і ўкраінскія нумары: песні, нешта з «Запарожца за Дунаем»[209] і, здаецца, нават «Шэльменку».
Нашую брыгаду назначылі ў воінскую часць. Там мы нешта вычышчалі, наводзілі парадкі, а малодшых дзяўчат узялі мыць салдацкую сталовую. Звычайна туды йшлі неахвотна, хіба што на двары была сцюжа. Дзяўчаткі выбеглі нейкія неспакойныя, вочы ім аж блішчалі, і адразу пачалі шаптаць нам, што чулі па радыё — захварэў Сталін. Наша групка — украінкі, я й дзяўчаты з Прыбалтыкі — так і збегліся, не ведалі, як стрымаць сваю радасць. «Кровоизлияние в мозг». Божа, Божа, ці хоць добра памятаю? Гэта ж, здаецца, смяртэльна, няўжо канец здзекам, няўжо пачуў нас Бог? Кубаткіна пачала заводзіць, другія дурніцы — крывіцца, а мы ажылі! Падышла да мяне Афанасьева, стукач ад’яўлены, і кажа: «Он был гений, как вы находите?» І што тут сказаць, ану ж яшчэ ажыве, нехрыст... Кажу: «Ёсць розныя геніі, светлыя ёсць і чорныя, гэты быў найчарнейшы...» Ідзем у зону, а йдзецца лёгка, надзея малюе ўжо волю, сына, мужа і ўсё чалавечае. У зоне марафонскім бегам у санчасць да першае лекаркі: «Ці выжываюць з кроваізліяння?» Амаль не!!! Божа мой, знача, «кат всех времен» ужо не ўстане. Свята для нас, о, як жа добра, што нелюдзю няма ратунку. Кубаткіна ў чамадане з рэчамі хавала яго партрэт, якіх навалам было ва ўсіх газетах. Дастала яго й плача. Няшчасны, бедны ліцамер, які звучыў усе самыя хітрыя ходы, каб выжыць, хоць мёртвы не ўстане. «Кінь к чорту яго, — кажам, — ён ужо не страшны...» Яна смяецца, пачынае верыць у тое, у што ёй, Кубаткінай, паверыць трудна...
209
«Запарожац за Дунаем» — першая ўкраінская опера (паст. у 1863 г.), яе аўтар — кампазітар С. Гулак-Артымоўскі.