Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
А тым часам у мяне йшла перапіска з мужчынскімі лагерамі. Пасля я пачала звязваць сяброў між сабою, каб былі кантакты й поўная цэласць у нас. Пісалі ўжо ва ўсю й нашыя дзяўчаты. Сядзелі за гэта ў БУРах, але пісалі, так было лягчэй жыць. У нас стварылася цесная беларуская сям’я. Мы як толькі маглі падтрымоўвалі сябе ўзаемна. Часта, калі мы праходзілі каля 1-га, напрыклад, ОЛПа на працу, дык сябры пазнавалі мяне, яны выходзілі амаль да дроту й розна мне паказвалі жэстамі сваю еднасць, стойкасць і братэрства. Я, безумоўна, мала што бачыла праз слёзы, а дзяўчаты, нават і стукачы, да гэтых праяваў беларускай сямейнасці адносіліся амаль жа набажна. Сям’я наша была сапраўды нечым набажна ўзнёслым, вартым нашай Маці-Беларусі. Толькі гэта было да пары. Вораг спалохаўся, і пачалі вербаваць розных Шапавалаў, дэзарыентоўваць іншых, палохаць і раскідаць па другіх лагерох. Нічога, добрае ніколі не гіне, яно жывое й сяння. Не памылюся, калі скажу, што беларусы трымаліся найболей шляхотна й найцясней.
Час поўз, прыйшла восьень, нас вадзілі на розныя аб’екты, часам за 12 кіламетраў. Тады я «пісала» ў памяці свае вершы. Памяць ніяк нельга было прашманаць надзоркам, сэрцы нашыя й душы таксама. Адзінае шчасце. Калі мне траплялася папера й алавік ды такая зацішная ад начальства й стукачоў хвіліна, я тады перапісвала свае вершы-думы й рассылала сябрам. Частка душы мае — глюкоза для іх. А як жа жудасна за мною сачылі! Запісачкі пісаліся дробненька. Сшываліся малюсенькія й хаваліся ў валасы, у вату бушлатаў, у боты, чаравікі і т.п. Адчайныя дзяўчаты клалі поўную рукавіцу запісак і, расшпіляючы шырака для шмону бушлат, так манеўравалі, каб рукавіца не трапіла гадаўкам на вочы. Калі ж разувалі, дык умудраліся два разы зняць з нагі той самы чаравік, каб у другім якраз перанесці запіскі. На аб’ектах, калі недалёка працавалі мужчыны, дык мы, напрыклад, выносячы торф пры вытарфоўцы, ламалі свае насілкі ці тачкі. Работа стаяла, тады адзін з канваіраў валок да іх мужчынаў. Тыя ўмудраліся гіпсам замацаваць у кутку жменю запісак альбо прыбіць іх дошчачкай. Мы лёгка кіркой адбівалі дарагі груз і разбіралі што каму. Рэшту адносілі ў зону другім. Дзень без запіскі быў сумны дзень. Калі б нашая нянавісць не выбівалася ў змаганні, яна ўзарвала б нас, як дынаміт. У нас дэвіз: «Кіп смайлінг» — з ангельскага. Мы ведалі, што, плачучы, загінем хутчэй. Мы вынаходзілі прычыны для смеху, для забыцця таго, што нас акружала. Што магло нас, няшчасных, чакаць, каб не смерць таго найстрашнейшага з усіх грузінаў ва ўсіх вяках. Воля пахла нам цеплынёй хаты, хлебам, толькі не парфумамі. Мы іх ненавідзелі, уздрыгаліся, калі іх пранюхалі. Справа ў тым, што ўсе чэкісты, следавацелі і ўся іх парода вельмі намагаліся пахнуць рознымі гваздзікамі, ружамі і т.п. Яны заглушалі гэтым смурод свайго сумлення ці такім чынам хацелі выдзяляцца сярод іншых, што смярдзелі потам,— гэтага я не магла разгадаць. І вось доўга для мяне асабіста парфумы напаміналі мне нелюдзяў, як і сабакі. Усе добрыя, мілыя сабакі напаміналі мне тых аўчарак, з якімі сустрэлі нас на менскім вакзале, якія акружалі ў будках нашыя зоны й дружна з канваірамі суправаджалі нас на аб’екты работы.