Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
А этап далёкі рыхтаваўся. Фрыма Барысаўна бегала па начальніках і плакалася, каб хоць не забралі яе. Рэцыдывісткі блатныя прыбягалі заверыць мяне, што мяне ніколі ніхто не скрыўдзіць. Некаторых ужо пачалі адпускаць з лагероў, а нас пакідалі па некалькі разоў у зоне для розных фармальнасцяў. Брыгады варочаліся з работы, а нам ля вахты начапілі бляхі з нумарамі й фатаграфавалі нас. Усе глядзелі на гэта з жахам і яўнай палёгкай, што гэта не датычыць іх... Мае сябры былі ў адчаі. Яны вырываліся пад драты на рабоце, каб хоць пабачыць мяне, бо хто ж ведаў, куды нас павязуць. Я, Оля Мароз, Міля Бак ехалі за тое, што арганізуем людзей, іншыя — хто за што. Мы трымаліся як заўсёды. Ад мяне пачулі шмат праўдзівых і зусім не падобных на каянне слоў... Лагер плакаў. Дзяўчаты збіралі для нас грошы. Людзі кідаліся на шыю й галасілі, як па нябожчыках. Жаль было пакідаць тых, з кім столькі перажылося. Нарэшце канвоі павялі нас на станцыю, і вось загадка — куды ж нас папруць? Нам гэтага не скажа ніхто, канвой наш — нямы. Цягнік ляціць тундраю далей і далей на поўнач, ужо зусім мала лесу, болей кусты. Нас прывезлі ў інвалідны лагер у Абез. Ну што ж, гэта не самае горшае. Праўда, туды яшчэ амністыя не даходзіла — гэта было яшчэ болей на канцы свету.
Забылася напісаць, як пасля смерці Сталіна нас аднойчы ўрачыста сабралі й пасля непакоячага маўчання аб’явілі аб тым, што здымаюць нам нумары й дазваляюць пісаць кожны месяц дамоў. Дагэтуль дазвалялі толькі два разы ў год. Некаторыя пішчалі, плакалі з радасці, славілі партыю й гэтак далей. Я злосна зацеміла, што давялі людзей да таго, што ўжо няма ім каму пісаць і што нумар для нас не цяжкі... Усе злосна глянулі на мяне, асуджаючы за няўдзячнасць, і толькі адзін з начальнікаў сумна й з нейкім раскаяннем на мяне паглядзеў, як быццам і ў іх ужо абуджалася нешта чалавечае. Яшчэ пакуль нас адвезлі, давялося моцна трымаць свой лагер, дый іншыя, паколькі нас крыху слухалі. Людзей трэба было хочаш не хочаш асвабаджаць з лагероў. Па радыё пералічалі праступнасці Сталіна, людзі слухалі й лаяліся: за што жа іх гады трызнілі? Лагеры ўскалыхнуліся, і начальства спалохалася сільнага элементу на волі. Пачалі рабіць у лагерох правакацыі. Дзікія, хітрыя азiяцкія правакацыі. Неспакойны элемент замест на сапраўднага ворага накіроўваць на самых сябе! Во хітра! Напрыклад, украінцы б’юцца ў лагеры з літоўцамі! Б’юцца з-за слоў, нехта нешта сказаў, і вось адныя з другімі забіваюць сябе за дротам! Начальства, калі яны ўжо пабітыя, «мірыць» неразумных. Палітычныя лагеры, Божа! Але няма дзіва, людзі падзічэлі, пазвярэлі за дзесяцігоддзі жывёльнага існавання. Мы з Оляй Мароз, Бірутай Стумбрыце і іншымі разумнымі дзяўчатамі розных нацыянальнасцяў не дапусцілі ў сваім жаночым лагеры да падобнага, хоць праявы ўжо пачыналіся.
Вельмі разумнай жанчынай была ў нас Марыя Мартынаўна, жаль, прозвішча я забылася. Яна была латышка, шляхотная, цвёрдая, бескампрамісная! Ненавідзела прыдуркаў і бачыла ўсю сістэму зняволення й трымання ў няволі наскроз. «Знаеце, Ларыса Антонаўна, калі я буду на свабодзе, дык у маёй хаце цяпер не будзе дарагой мэблі, але на сценах будуць партрэты маіх любімых дзеячоў, перад усім Уінстана Чэрчыля, у кожным пакоі прытым. Калі чалавецтва яго не паслухае — згіне, і згіне вельмі няслаўна». Мы з ёю любілі гаварыць аб гісторыі й спакойна маглі гаварыць на ўсе тэмы.
Мне лісты не прыходзілі ніскуль. Тата мужаў памёр, муж не ведаў, дзе я, а сына, як мы пазней даведаліся, пасадзілі за хуліганства, і білі яго, і здзекаваліся над ім, як самыя хацелі, праўда, польскімі рукамі на гэты раз. Усюды ёсць шумавенне й вырадкі, вось і Польшча хоць гэтымі людзьмі дагадзіла «асвабадзіцелям», як яны самыя вечна сябе называлі. Вестка аб лёсе сына дайшла між радкоў і ў Абезь. Беднаму, відно, пашкодзілі мае вершы, якія стукачы, розныя Шапавалы, выдалі нелюдзям на Інце. Было відно, што баяцца, каб сын не стаў, як маці. Трэба было прыбіць дзіця, каб не ачуняла, не паднялося... Бедны мой сын, але трэба было змагацца, каб усім дзецям на ўсёй зямлі можна было б пры бацьках гадавацца й расці, як растуць дзеці цывілізаванага свету, пазнаючы прынцыпы дабра, праўды, чэсці й міласэрдзя.
Нам часамі прывозілі кіно, за ўступ трэба было плаціць, але кожны стараўся яго паглядзець. Аднойчы быў фільм аб юным Каруза[210], і мы доўга снілі аб ім. У кіно пускалі ў першую чаргу прыдуркаў і рабочыя брыгады, якія выпаўнялі план.
У культбрыгадзе я прабыла амаль зіму. З Тамарай Вераксо працавалася добра. Яна вельмі цешылася з кожнага майго ўдалага верша. Да аднаго падабралі музыку, і яна ставіла яго, як нумар балету са спевам. Канцэрты былі цікавыя, часам на высокім узроўні. Але зышлося ў гэтай брыгадзе й нямала стукачоў, як Мара Аграновіч, якая лавіла кожнае маё слова, чаплялася да яго й адносіла начальству. Ды ці толькі яна адна... Напрыклад, скажу: «Чаго баяцца бедных манашак, няўжо і яны страшныя сільнай дзяржаве», — як ужо Мара падымае крык, што я казала аб слабасці Савецкага Саюза. Пасялілі яе каля мяне, і страх было аказацца, так яна ўсё перакручвала. А бедных манашанек, пераважна расеек, заганялі ў БУР і вельмі праследавалі. Аднойчы нейк мы з імі сустрэліся і яны ўгаворвалі нас не працаваць, што яны прызнаюць толькі «труд на добровольных началах», таму не прызнаюць нат калгасаў. Аднойчы прывезлі нешта 30 манашанек, якія не хацелі нічога казённага апранаць і есці. Яны не хацелі ў няволі йсці нават у баню, і іх цягнулі ў яе сілаю. Выдзялялі на гэта брыгады. Цягнуць дзяўчаткі няшчасных у іх латаных-пералатаных лахмоццях, і яны, выхудлыя, страшныя, толькі стогнуць: «Господи, помилуй, Господи, помилуй...» Аднойчы я іх убачыла ў бані, гэта былі шкілеты з вялікімі крыжамі на грудзях, жудасныя й счарнелыя. Нават Віктор Гюго[211] не змог бы апісаць такой нэндзы, у якой жылі яны. Раз пабралі ім вопратку, спалілі яе й на месца спаленай палажылі казённую. На дварэ быў мароз 400}, і яны не апранулі казённае. Страх было глядзець, як голыя ў такі люты мароз беглі ў барак. Яны паміралі пры мне ў Абезі, як мучаніцы. Калі далі ў баракі радыё й лозунгі, дык яны, няшчасныя, не маглі гэтага сцярпець і, наколькі былі ціхія, усё ж лозунгі зрывалі, а радыёточкі проста разбівалі. Тады ім саджалі дзяўчат, каб тыя вартавалі, але мы былі душою з манашкамі, і калі было трэба, дык «стража» выходзіла, а манашанькі распраўляліся з радыё. А то старэнькія ў неймаверным лахмоцці ўцякалі ў жудасныя ўборныя і там, як шэрыя камякі, сядзелі днямі пад сценамі ў смуродзе й брудзе. Брыгады нанач збіралі іх і сілаю адводзілі ў баракі. Яны стагналі, так ненавідзелі ўсё, да чаго іх змушалі. Ужо нічому й нікому не верылі. Дзяўчаты злаваліся на іх, бо пасля працы і ўсякіх шмонаў і шпаркі блашчыцаў, якія масава вядуцца й на поўначы, ім трэба было яшчэ валачыць сілаю няшчасных, каб не памерзлі насмерць. Яны ўсё посцілі, елі свой хлебушак, маліліся й чэзлі. Такіх стойкіх, як былі яны, я не сустракала болей. Яны, раз зняверыўшыся, не маглі й не хацелі больш слухаць усякай хлусні, проста паміралі. Наагул нейк верылася толькі людзям, якія не адракліся Бога. Такія толькі й былі стойкія й спагадлівыя заўсёды. Такія не падводзілі. Вельмі моцна трымаліся, хоць не так адчайна, грэка-католікі. Было многа баптыстаў, яны трымаліся цеснай групай, але былі занятыя толькі сабою. Выдзяляліся многім, хоць бы тым, што вечна плакалі й заводзілі. Збяруцца ў канцы лагеру ля ўборных і падымуць такі плач «ля сцяны Іерусалімскай», што мароз ідзе па скуры. А нам плакаць было нельга, бо трэба было нам выжыць. І дапамагаць нам трэба было кожнаму чалавеку без розніцы нацыі, рэлігіі, пераконанняў, проста хоць маральна ратаваць людзей. Баптысты прыставалі да мяне горай за тое начальства... «Вы ж мусіце быць з намі, — казалі, — вы ж такая, як мы». І калі мяне асабліва мучылі, дык казалі, што гэта Бог дае мне пазнаць, што мне ўжо час перайсці да іх... Яны вербавалі сабе «веруючых», і вось адна масквічка, здаецца, пайшла да іх. У іх былі пасылкі з волі, і гэта было даволі выгадна. Надзела бабка даўгую сукню, схавала валасы пад хусту і ўсё тварыла, што і іншыя, да тых пор, пакуль не памёр Сталін. А пасля, калі пачыналі пакрысе пускаць людзей дамоў, яна скінула ўсе лахмоцці й пайшла да Вераксо ў кардэбалет і такія каленцы там яшчэ выкідвала, што ўсе хахаталі. Была там яшчэ такая вельмі пабожная, якая не давала мне жыць, што трэба ні аб чым не думаць, нічога не хацець — ні вайны, ні асвабаджэння, ні помсты на ворагу — і ўсё даказвала мне, што я аб гэтым усім думаю й каб як найхутчэй адраклася. Выглядала гэта вельмі дзіўна, І, нягледзьячы на яе посны твар, так і думалася, што і яна з кардэбалету, але не ад Вераксо... Іншыя былі больш-менш нармальныя, але людзей не было ім жаль, вось толькі сваіх «веруючых»... І наагул было розных сектаў, напрыклад, нейкія «плясуны». Прыехаў раз этап, размясцілі жанчын па нарах, і раптам пад вечар пару з іх саскоквае, пачынаюць такую пляску, як упіўшыся на вяселлі. Мы думалі, што ў іх не ўсе ўдома, а гэта ж такая іх секта... А верыць было так проста: маліцца, любіць людзей і выжыць, усім жыць.
210
Каруза Энрыка (1873–1921) — італьянскі спявак (тэнар).
211
Гюго Віктор Мары (1802–1885) — французскі пісьменнік.