Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Мяне як штрафніка вывозілі. Ніхто не ведаў куды, гадалі, што на Новую Зямлю. Я пайшла да Жэні. Яна распавіла дзецятка й з плачам упала тварам на яго, уся яна ўздрыгвала, аж стагнала. Я падняла яе, і мы развіталіся. Пару рублёў сваіх я палажыла ля дзецятка й ледзь жывая выйшла з той больніцы. Справа кончылася пагана. Жэня, памятаючы высказванні сяброў, не звярнулася да нікога з нашых. Была ў нейкай знаёмай. Многа хто хацеў ажаніцца з ёю, але жадалі, каб яна аддала ў дзетдом дзіця. Жэня не згаджалася й ненавідзела такіх людзей. Пасля яна захварэла, захварэла й дзецятка. І калі ўжо пагражала ім найгоршае, зайшоў туды Аляксей, грузін. Ён спачатку падышоў да дзіцяці, пачаў ратаваць яго, а пасля й Жэню. Ён ажаніўся з ёю, ці кахала яна яго, я не магла запытаць у яе. Я люта злавалася на нашых хлопцаў, не здольных на дабро й велікадушша.
Цераз пару гадоў, калі мяне зноў вярнулі на Інту й мы з пані Оляй, ужо расканваіраваныя, хадзілі чысціць сметнікі па Інце, дык аднойчы, раней кончыўшы сваю норму, зайшлі да Жэні. Была ў іх маленькая хатка, мара ўсіх зняволеных. Юра вырас, увесььь быў, як Жэня, чарнавокі й вельмі прыгожы. Аляксей папраўляў праводку, і малы цюкаў за ім малаточкам. «Гляньце, як мне мой сын памагае»,— сказаў, засмяяўшыся, Аляксей і да сваіх добрых, шырокіх грудзей прытуліў яго маленькі тварык. Я толькі намагалася, каб не заплакаць ля іх. Пасля паадносіла ім свае лагерныя драбніцы, бо нас, «иностранцев», збіралі ўжо на далёкі этап. Нас завязлі ў «Дуброўлаг» у Мардоўскую АССР, у Поцьму.
Што цяпер з Юраю гэтым, я не ведаю. Жэня напісала сябрам, што назаве свайго сына так, як называецца сын той, каго яна любіць... Я прыкаваная да Зэльвы, да мужа, да развалінаў старой хаты, а сэрца маё не раз засумуе, застогне й па іх, дарагіх мне, бо вельмі чалавечных. Я з радасцю пераканалася, што ў Грузіі радзіліся не адныя Сталіны, але і Аляксеі.