Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
Абапіраючыся на рыдлёўку, яна ледзьве прывалаклася на свой падворак, дзе яе запытальна-ўважлівым позіркам сустрэў згаладнелы Рудзька, але цяпер яна не магла нават сказаць яму добрае слова. Толькі калі той паспрабаваў следам за ёй ускочыць у сені, яна спыніла яго — усё ж сабака павінен быць на падворку. Яна зашчапіла сенцы, прывалаклася да палка ў запеччы і лягла, як была ў хустцы і ватоўцы, — распранацца ў яе ўжо не засталося сілы.
Яна ляжала так у выстуджанай хаце, атупелая ад знямогі, прыслухоўваючыся да няпэўных далёкіх і блізкіх гукаў знадворку, і думала, што можа так здарыцца, што возьмуць яе, тады, канешне, усе яе намаганні будуць дашчэнту спляжаны. Але ж, можа, ёй яшчэ і пашчасціць. Галоўнае было зроблена, засталося менш. Хоць таксама яшчэ нялёгкае. Але каб хоць некалькі дзён волі, каб ёй пабачыцца з Віктарам, схадзіць у мястэчка, з сім-тым параіцца. Калі якая бяда, дык горнешся да людзей, бо хто ж яшчэ паможа табе, як не людзі? Людзі загубяць, але ж і памогуць людзі. Нават і ў такі страшны, кляты час, як вайна.
Паляжаўшы нямала часу, яна, аднак, трохі спачыла, рукі і ногі гудзелі, але прыйшло заспакаенне, — і стала сцюдзёна.
Яна ўжо некалькі дзён не паліла ў печы, у грубцы таксама, хата дашчэнту выстудзілася. Мусіць, трэба было прапаліць на ноч, а то да ранку заляскаеш тут зубамі. Ды і зварыць бульбіну. Есці таксама хацелася вельмі, а ў яе не было нават скарынкі хлеба.
Сцепаніда марудна апусціла ногі і злезла з палка. На дварэ ўжо вечарэла, але яшчэ было відно, у завуголлі гуў вецер, і голле ліп на падворку апантана матлялася, гнучыся пад няспынным ветраным напорам. У грубцы ляжалі накладзеныя пазаўчора дровы, трэба было толькі падпаліць іх. Сцепаніда ўзяла з загнеткі лучынку і сунула руку паміж печчу і сцяной — там яна хавала ад Петрака запалкі. Толькі яна дастала адтуль карабок, як на падворку дужа забрахаў Рудзька. У яе нядобра скаланулася сэрца, і з карабком у руках яна падскочыла да акна.
Рудзька скакаў па двары і апантана брахаў, аж захліпаўся, а па дарожцы з гасцінца да хутара хуткім крокам сігалі чацвёра мужыкоў з вінтоўкамі. Здалёку яна нібы пазнала кожнага з іх і сказала сабе: «Ну, усё!»
Як ні дзіўна было для яе самой, яна не дужа спалохалася і не пабегла нікуды, нібы чакала таго і разумела непазбежнасць менавіта такога канца. Напружаннем збянтэжанай памяці яна толькі прыкінула цяпер, што трэба зрабіць напаследак, і не ўспомніла нічога. А можа, яна ўсё ўжо зрабіла? Яна сунулася ад акна ў запечча, потым выбегла ў сенцы, мусіць, каб быць далей ад акон. Рудзька ўсё захлынаўся ў варотцах, і тады на дарожцы зводдаль бабахнуў першы іх стрэл. Рудзька прарэзліва заскавытаў і сціх — ці не назаўжды? Яна зразумела: цяпер чарга будзе за ёю.
Штосьці сцяміўшы, аднак, яна кінулася з сянец у істопку і накінула крук на прабой. Не, так проста яна ім не дасца. Яна ўсё ж не Рудзька. І не Пятрок. І нават не Карніла. Яшчэ яна з імі пабораецца. Хай б’юць! Заб’юць, тады што ж… Тады іх перамога. Але яшчэ не забілі, і па сваёй волі яна ім не паддасца.
Тры ўдары абцасам у дзверы гулка аддаліся ў сенцах.
— Адкрой!
Яна сядзела на кукішках за тоўстым дубовым шулам у істопцы і маўчала.
— Сцепаніда, адкрой! А то ўзламаем!
«Ламайце!» — пакорна падумала яна. Але не так лёгка паламаць старасвецкія дзверы, на якіх у тры пальцы дошкі, скаваны з цэлага прэнта крук, прабіты цераз усё шула і загнуты канцамі знутры прабой. Ламайце!
Яны там перагаворваліся за дзвярыма — прыслухаўшыся, яна пазнала рыклівы голас Гужа, пісклявы падгалосак Каландзёнка, іншыя былі ёй незнаёмы.
— Гэй, акцявістка! — раўнуў Гуж. — Па-добраму адкрой! А то горш будзе! Ты мяне знаеш!
— А скулля вам! — крыкнула яна, не стрымаўшыся, і зараз жа пашкадавала: нашто было з імі вязацца? Хай бы не ведалі, дзе яна, стукалі сабе ў дзверы, біліся галавой аб сцены.
Яна думала, што яны будуць выломваць дзверы, а яны ўдарылі чымсь па акне, у хаце зазвінела, пасыпалася шкло, пасля з трэскам разляцелася рама. Гэта ўжо было горш, гэтак яны хутка будуць у сенцах. Добра, што ў істопцы маленькае акенца, у такое не ўлезеш. Але ж нешта яны надумаюць…
— Багацька, выхадзіце самі, мы біць не будзем, — пачуўся памяркоўны, амаль спакойны голас Свянткоўскага. «І гэты тут! — зласліва падумала Сцепаніда. — Добранькі, называецца…» — Пакажыце толькі, дзе бомба? Чуеце? Вас мы не чэпім.
«Іш, чаго захацелі!» — падумала Сцепаніда і адпаўзла ад дзвярэй да жорнаў. Яны там ці не ўсе ўжо разам тупалі ў сенцах — мусіць, нехта адзін улез у акно і адшчапіў дзверы. Але дзверы ў істопку не адшчэпяць.