Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
- Автор: Гардзіцкі Аляксей
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00709-X
- Жанр: Справочная литература
Электронная книга - «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990». Краткое содержание книги:
Выступае ў друку з 1963 г. Аўтар кніг нарысаў «Гаспадар зямлі» (1971), «Зялёны трохкутнік» (1973), зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Мадонна з кветкаю» (1976), «Якар надзеі» (1979), «Валанцёр свабоды» (1983), раманаў «Шчыглы» (1986), «Паводка сярод зімы» (1989), зборніка публіцыстыкі «Хлеб і мужнасць» (1987).
Напісаў сцэнарый дакументальнага фільма «Дом майстроў» (пастаўлены ў 1973); аднаактовую п'есу «Ці любіце вы грэчку?» (1972), драму «Пасля разводу» (1980, пастаўлена на радыё ў 1981).
Левановіч Павал, нарадзіўся 03.11.1914 г. у вёсцы Мазалава Мсціслаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся на геаграфічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Удзельнік паходў Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь (1939). Пасля заканчэння ўніверсітэта (1940) працаваў у часопісе «Іскры Ільіча». На пачатку Вялікай Айчыннай вайны трапіў у палон. Уцёк з Крычаўскага лагера ваеннапалонных, удзельнічаў у мсціслаўскім падполлі. У 1943 г. прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у баях, быў паранены.
Памёр ад ран 20.12.1943 г.
Нарысы і апавяданні пачалі з'яўляцца ў друку ў 1934 г. Выступаў таксама з вершамі. У 1938 г. выйшла кніга апавяданняў для дзяцей «Дружба». У 1940 г. падрыхтаваў зборнік апавяданняў, рукапіс загінуў у вайну. Восенню 1943 г. змяшчаў матэрыялы ў франтавым друку.
Летка Іван, нарадзіўся 14.06.1935 г. у былым маёнтку Масаляны Гарадзенскага павета (цяпер Бераставіцкага раёна Гарадзенскай вобласці) у сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Масалянскай сярэдняй школы (1954) вучыўся ў медыцынскай навучальні ў Маскве. Служыў у Савецкай Арміі. Дэмабілізаваўшыся (1955), працаваў грузчыкам на бетонавым заводзе № 5 у Маскве, маляром-дэкаратарам у Цэнтральным тэатры Савецкай Арміі. У 1967 г. скончыў завочнае аддзяленне Літаратурнага інстытута ў Маскве. У 1960-1985 гг. працаваў на аўтазаводзе імя Ліхачова кавалём, майстрам, намеснікам начальніка цэха па вытворчасці, начальнікам участка, інжынерам па кадрах. Жыве ў Маскве. Сябра СП СССР з 1978 г.
Першы верш апублікаваў у 1959 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Тры крокі да сонца» (1967), «Тры верасні» (1970), «Грамы на зімоўцы» (вершы і паэма, 1974).
Леўчык Гальяш (сапр. Ляўковіч Ілья), нарадзіўся 20.07.1880 г. у горадзе Слоніме Гарадзенскай вобласці ў сям'і селяніна, які прыехаў у горад шукаць працу.
Скончыў Слонімскую павятовую навучальню і працаваў пісарам у міравога суддзі, пазней - у каморніка. З 1904 г. жыў у Варшаве. Да 1920 г. працаваў чарцёжнікам у магістраце. Памёр у верасні 1944 г. у Варшаве. Друкавацца пачаў у 1908 г. у газеце «Наша ніва». Выдаў зборнік вершаў «Чыжык беларускі» (Вільня, 1912), зборнік вершаў «Беларускі жаваранак» надрукаваць не ўдалося. Друкаваўся ў заходнебеларускіх газетах і часопісах. Некаторыя вершы змешчаны ў «Хрэстаматыі беларускай літаратуры» І.Дварчаніна (1927). У 1980 г. выйшла кніга выбраных твораў «Доля і хлеб».
Лецка Яўген, нарадзіўся 20.04.1944 г. у вёсцы Пабрэззе Наваградскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1968 г. скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ. У час вучобы працаваў на Менскім шарыкападшыпнікавым заводзе (1961-1962), настаўнікам нямецкай мовы Ўшанскай СШ Бярэзінскага раёна. Пасля заканчэння ўніверсітэта - карэспандэнт-арганізатар раённага радыёвяшчання. У 1969-1971 гг. вучыўся ў аспірантуры пры кафедры беларускай літаратуры БДУ. У 1971-1986 гг. - навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1986 г. - старшы рэдактар, з 1987 г. - загадчык рэдакцыі крытыкі выдавецтва «Мастацкая літаратура». Кіраваў школай юнага літаратара пры СП БССР (1984-1986). У 1990 г. абраны старшынёй Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1977 г.
Выступае ў друку з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і даследаваннямі з 1971 г. Напісаў брашуры «Беларуская літаратура за гады Савецкай улады» (1973), «Вялікая Айчынная вайна ў беларускай прозе» (1979), манаграфію «Выхаваўчая роля літаратуры» (1980), нарыс творчасці В.Адамчыка «Хараство і боль жыцця» (1985).
Аўтар аповесцей «Па цаліку» (1977), «Дарога ў два канцы» (1981). Перакладае з польскай, нямецкай, украінскай, расейскай моў.
Ліманоўскі Янка, нарадзіўся ў 1886 г. на Дзісненшчыне ў сялянскай сям'і.
Скончыў рэальную навучальню. Вучыўся на агранамічных курсах. У 1915 г. прызваны ў армію. У 1918 г. уступіў у РСДРП(б). Удзельнічаў у баях Чырвонай Арміі з нямецкімі і белапольскімі войскамі як ваенны камісар дывізіі. У мірны час працаваў на розных пасадах у арміі і ўстановах, у тэатры. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў БелАПП. Быў намеснікам дырэктара Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР. У час нямецкай акупацыі працаваў у Менску ў беларускім тэатры. Разам з адступаючымі нямецкімі войскамі выехаў у 1944 г. у Германію. Адтуль пераехаў у ЗША. Працаваў лесарубам, кіраваў управай Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Некаторы час быў сябрам урада БНР, але выйшаў з яго. Некалькі разоў наведваў СССР, Менск.