Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
- Автор: Гардзіцкі Аляксей
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00709-X
- Жанр: Справочная литература
Электронная книга - «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990». Краткое содержание книги:
Ластоўскі Вацлаў, нарадзіўся 01.11.1883 г. у засценку Калеснікі Міёрскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і беззямельнага шляхціца.
Скончыў на радзіме Пагосцкую пачатковую школу. Працаваў хлопчыкам на паслугах у віннай лаўцы ў Вільні, канцылярыстам у Шаўляі (Летува), бібліятэкарам у студэнцкай бібліятэцы ў Пецярбургу, дзе наведваў лекцыі ва ўніверсітэце. Уступіў у Польскую сацыялістычную партыю ў Летуве. Рабіў канторшчыкам на таварнай станцыі ў Рызе. Далучыўся да беларускага нацыянальнага грамадскага і культурнага руху. У 1906-1908 гг. уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду. З 1909 г. - сакратар рэдакцыі «Нашай нівы» і загадчык першай беларускай кнігарні (Вільня), у 1916-1917 гг. - рэдактар газеты «Гоман», у 1918 г. выдаваў газету «Крывічанін» (Вільня). У канцы 1918 г. узначаліў Беларускае прадстаўніцтва ўрада БНР пры летувіскай буржуазнай Тарыбе, быў беларускім аташэ пры летувіскім пасольстве ў Берліне. З 1919 г. - у партыі беларускіх эсэраў, са снежня ўзначальваў Раду міністраў БНР. Быў зняволены польскімі буржуазнымі ўладамі, у 1920 г. яму дазволена вярнуцца ў Летуву. У красавіку 1923 г. выйшаў з урада БНР і адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасці. Выдаваў у Коўні літаратурна-навуковы часопіс «Крывіч» (1923-1927). У 1927 г. урад БССР дазволіў яму вярнуцца ў Менск. Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, у Інстытуце беларускай культуры, у АН БССР. У 1930 г. пазбаўлены звання акадэміка і высланы на 5 год у Саратаў, дзе працаваў загадчыкам аддзела рэдкай кнігі ва ўніверсітэцкай бібліятэцы. У 1937 г. зноў рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны 10.06.1988 г.
Расстраляны 23.01.1938 г.
Выступаў у друку як крытык і літаратуразнавец. Аўтар першай «Кароткай гісторыі Беларусі» (Вільня, 1910), «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» (Коўна, 1926). Склаў «Руска-беларускі слоўнік» (Коўна, 1924). Ім напісаны ўспаміны пра нашаніўскі перыяд. Выступаў як паэт, празаік, публіцыст. Выйшлі «Творы» («Мюнхен, 1956).
Лаўшук Сцяпан, нарадзіўся 28.07.1944 г. у горадзе Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і рабочых.
Пасля заканчэння Васілевіцкай сярэдняй школы № 2 (1961) працаваў рабочым у Пермскай вобласці і ў Васілевічах. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1967). Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, намеснікам дырэктара ў Дзятлавіцкай, Лахвенскай сярэдніх школах, загадчыкам аддзела арганізацыйна-камсамольскай работы райкама камсамола, дырэктарам Бродніцкай васьмігодкі Лунінецкага раёна. У 1970-1973 гг. займаўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, пасля заканчэння якой працуе навуковым супрацоўнікам гэтага інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1982 г.
З 1972 г. выступае як крытык, літаратуразнавец. Даследуе праблемы развіцця беларускай драматургіі. Аўтар кніг «Сучасная беларуская драматургія» (1977), «Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я - пачатак 30-х гг.)» (1984), «Кандрат Крапіва і беларуская драматургія» (1986), «На драматургічных скрыжаваннях» (1989), брашур «З думкай пра сучасніка: Агляд сучаснай беларускай драматургіі» (1977), «Першы народны артыст БССР» (1982) і «Высокія арбіты грамадзянскасці» (1984). Адзін з аўтараў «Истории белорусской советской литературы» (1977), «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (ч. 1-2, 1981-1982), калектыўных даследаванняў «Беларуская літаратура і праблемы сучаснасці» (1978), «У.І.Ленін і Кастрычніцкая рэвалюцыя ў беларускай літаратуры» (1987).
Складальнік кнігі «Беларуская дакастрычніцкая драматургія» (1978), зборніка Ў.Галубка «Творы» (1983), зборнікаў «П'есы» (1984), Збору твораў у 5 т. А.Макаёнка (1986-1990), фотаальбома «Кандрат Крапіва» (1989).
Левановіч Леанід (таксама Лявонаў Леанід), нарадзіўся 14.09.1938 г. у вёсцы Клеявічы Касцюковіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў Магілеўскую культасветнавучальню (1956). Працаваў ва ўстановах культуры Дзяржынскага і Касцюковіцкага раёнаў (1956-1958). У 1957 г. паступіў на завочнае аддзяленне факультета журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Служыў на Балтыйскім флоце (1958-1961). Пасля дэмабілізацыі перавёўся на стацыянар і скончыў універсітэт у 1963 г. Працаваў у рэспубліканскіх газетах «Знамя юности», «Сельская газета», «Літаратура і мастацтва» (1963-1971). У 1971-1974 гг. - рэдактар аддзела мастацтва і крытыкі часопіса «Неман». З 1974 г. - адказны сакратар, з 1975 г. - рэдактар аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя». У 1980-1982 гг. - галоўны рэдактар літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання. З 1984 г. - старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1975 г.