Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
... Я тады, на хутары, усё гэта, пра што тут пішу, адчуваў, бачыў чуў i перажываў, але, думаю, вельмі не моршчыў пра ўсё лоб, убіраў усё тое ў сябе, як дрэўца ўбірае ўсё ад зямлі i неба, каб мець лісце, кветкі i плады, хоць, канечне, многім мяне абладжвалі бацькі, радня, суседзі, сябры, дык я пад канец свайго хутаранства нават вызначыўся. Мяне за тое, што шмат чытаю, у тым-сім разбіраюся, умею гаварыць з пажылымі людзьмі, пачалі падхвальваць на хутарах i ў вёсцы. Праўда, гаварылі добрае слова не толькі пра маю персону, a дадавалі да майго імені тое, што я «Вацікаў», гэта значыць Вацлаваў, а то i ўвогуле прамаўлялі так: «Вацікаў старэйшы хлопец». Значыць, пакуль што, да пары i часу, пашану, гонар выяўлялі майму бацьку: гэта яго заслуга, што ягоныя дзеці неблагія. Здаецца, тады ўсе прарочылі, што буду я настаўнікам, што «буду вучыць не малых, а старэйшых дзяцей». Зрэшты, так яно i адбылося, па прафесіі я — настаўнік-мовавед, а па маіх слядах пайшлі дзве малодшыя сястры...
...Урэшце ўжо незадоўга перад ад'ездам з хутара адбылася i яшчэ адна падзея — для кагосьці, бадай, звычайны, просты выпадак, але для мяне, таго, іменна з'ява.
Пятнаццаць гадоў — дзіўны ўзрост: ты ўжо не «малы», пакінуў дзіцячыя гулі, узвысіўся над малечай, але ты яшчэ i не «вялікі», сталыя яшчэ не толькі не дазваляюць курыць, піць, але i ўсё чуць ды гаварыць. Бывала, якія не адкрытыя, а то i проста-грубаватыя мужчыны, скажам, на сенакосе, калі ў вольную хвіліну ляжаць у цяньку, кураць i радыя пасля доўгага маўчання пагаварыць, з кагосьці пажартаваць, нават пакпіць, але калі ты побач, дык хтосьці абавязкова кагосьці i супыніць: «Ды не плявузгай ты абы-што: дзіця ж побач!» — «Ды гэтае дзіця,— быў адказ,— больш ужо за нас з табой ведае!» — «Усё роўна прытрымай доўгі язык». Жартаўнік мусіў стрымлівацца, але свая адукацыя калі не ад сталых мужчын, дык ад старэйшых на гады тры-чатыры юнакоў, якія блізка ўжо дачыніліся да дарослага свету, хадзілі да дзяўчат, а некаторыя нават паспелі i ажаніцца, усё ж была... Ды лепш, больш ужо сваё вока бачыла, а вуха чула... I глыбей адчуваліся чыесьці нібы патайныя, але ўсё ж заўважныя позіркі i намёкі, нібы выпадковыя прытульванні ці шэпты на вуха, усмешкі альбо слёзы...
Дык вось улетку, незадоўга перад пярэбарамі ў вёску, прыехала дамоў з горада на адпачынак Грыгарцэвічава малодшая дачка, Тэця. I не адна, а з сяброўкай-гараджанкай. На хутарах i ў вёсцы адпачынак — з лежатнёй, са сном — у той час мог быць толькі ў нядзелю ці ў свята; каб, скажам, проста так у будні дзень ляжалі паўголыя i загаралі на сонцы жанчына ці дзяўчына, мужчына альбо хлопец — пра гэта тады не магло быць i гаворкі. Ды ўжо новае ішло i на хутар: як бачыў я, Тэця i яе сяброўка i ў будні дзень ляжалі воддаль ад сваёй хаты на поплаўчыку на дзяружках толькі ў купальніках. Калі я, маладзейшы за ix на гады чатыры, а значыць для ix, ужо складзеных дзяўчат, яшчэ хлапчук (гэта пасля дваццаці i асабліва пасля трыццаці — сарака такая розніца ў гадах зусім нязначная) падыходзіў да ix, яны зусім не бянтэжыліся, не хапалі i не накідалі на сябе халаты, як, да слова, чым хутчэй выскоквалі з рэчкі, хавалі адзеннем сваё цела нашы дзяўчаты i маладыя жанчыны, каб яго не агледзела чужое мужчынскае вока (мая маці, калі мылася ў начоўках, завешвала вокны дзяружкамі, а мяне апошнія гады выправаджвала на двор, каб i я ўжо не бачыў яе распранутую). Я адчуваў: для Тэці i яе сяброўкі я — яшчэ малеча, нібы коцік ці шчанючок, з якім міла пазабаўляцца, самалюбна перажываў, але чамусьці вельмі цягнуўся да ix, хацеў чуць, што i як гавораць яны пра горад, дзе я яшчэ ніколі не быў. «Цягнік», «трамвай», «тралейбус», «кінатэатр», «танцпляцоўка», «марожанае», «завод», «інжынер», «майстра», «бакалея», «парфюмерыя» — гэтыя i іншыя словы былі для мяне не толькі зусім новыя, але i невядомыя, загадкавыя, i я хацеў трапіць туды, у Мінск, каб убачыць усё гэта, хоць i асцерагаўся горада: там, казалі, шмат жулікаў i злодзеяў, якія вялікія спецы валізку свіснуць альбо брытвачкай кішэню прарэзаць i грошы выцягнуць.