Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
...Трывожна-радаснае чаканне ў хаце, калі i як ацеліцца наша карова, скажам, тая ж любіміца мая Гуралька, шчырая ўцеха, калі мы, дзеці, убачым яе цялятка (здаралася, яго, слабое, але ўжо такое жыццеімклівае, прыгожае, амаль адразу з хлява прыносілі ў цяпло, каб засцерагчы ад марозу, што тады, як помняць старэйшыя, часамі быў вельмі моцны, калоў сцены i куты хат, замуроўваў вокны, за ноч заснежваў шчыліны паміж дзвярыма i вушакамі ды ўбельваў на дзвярах усе гайкі). Мы любілі тую Гуральку не толькі за цялятак, малодзіва, малако, смятану i тварог, больш — за нашу моц, веру i надзею. Калі яна, бедная, праглынула ржавыя цвічкі, пала на ногі, дык маці i мы, дзятва, плакалі па ёй, як па чалавеку. Між іншым, тады, улетку, вось што праявілі нашы хутары i Янковічы: паколькі гэтая страта ўзрушыла многіх, дык шчырнікі выкупілі ў нас амаль усё мяса i па такой цане, каб мы змаглі набыць новую карову-карміліцу. Я той нашай Гуральцы стаўлю помнік у сваіх думках: калі мне было гадоў пяць i я быў... не, не падпаскам, а яшчэ падпаскавічам, калі нашмат старэйшыя пастухі прымлелі на сонцы i заснулі, калі да нашага статку падкраўся воўк i хацеў схапіць авечку (на хутары гаварылі, што воўк мог накінуцца i звалачы мяне, бо я, малы дурань, пашлэпаў да яго: «Цюця! Цюця!»), дык наша Гуралька, тады яшчэ маладая, адна з усіх кароў у статку схамянулася, гнеўна замычэла, наставіла вострыя рогі i паімчалася на адзінокага лютага драпежніка. Яе не было суткі, усе мы палічылі, што яна загінула ад воўчых клыкоў, але яна вярнулася, упала на ногі каля нашай сядзібы i з яе вялікіх чорных выразна-чуллівых вачэй, паверце, паплылі слёзы. Мы, маці i дзеці, абняўшы яе за шыю, плакалі разам з ёю... Мой бацька, здаецца, быў бясслёзны чалавек, мог i можа без шкадобы рэзаць i калоць жыўніну, але Гуральку,калі яна даходзіла ад іржавых цвікоў, сам не дарэзваў касой, папрасіў гэта зрабіць суседа...
...Мы, дзеці, радаваліся не толькі таму, што дае карысць. Мы цешыліся i ад таго, што ўжо можна пачапіць змайстраваныя з бацькам шпакоўні на бярозы, што каля ix ужо заявіліся чарнаватыя свістуны, падбіраюць i носяць у аблюбаваныя домікі сухую траву i апалае з курэй пер'е, любаваліся, калі шпачыха сядзела на яйках, а яе гаспадар радасна свістаў побач. Мы з нейкім незвычайным натхненнем ганяліся за майскімі жукамі (хрушчамі), чулі жабіныя спевы ў нашай копанцы, узбуджаліся ад кацянят, якія нечакана выпаўзалі са свайго тайнага сховішча i пачыналі, жаласна мяўкаючы, поўзаць-тыкацца па нашым двары (якраз у такую часіну наш бацька сачыў, якое кацяня кошка падбярэ першым i схавае, тое ён пакідаў, а астатніх... Я i сам, варвар, пазней некаторых лішніх кацянят, ездзячы на веласіпедзе ў школу ў суседнюю вёску, звозіў у торбе ці на згубу, ці на чуласць іншых людзей). Было, нідзе не дзенешся, i такое, i яшчэ іншае...
...Радасць, па-сённяшняму простая, звычайная, a часамі дзіўная, а то i дураслівая, была бязмежная:
язда-пацешка верхам на рахманым парсюку альбо на дурным то дурным, але непаслухмяным, па-свойму фанабэрыстым баране, першая спроба ўзабрацца з плота на спіну каня i, не адчуўшы пад сабой звыклай зямлі, паехаць, ледзь не заплюшчваючы вочы ад галавакружнай вышыні, ці, як здавалася, ад шалёнага бегу;
узрушэнне, калі здалёку пачуецца самалётны гул, а пасля пакажацца ён i сам, зусім невялікі, як бусел. Бяжыш пад ім, пасля ўслед, махаеш рукою i галёкаеш на ўсе грудзі. Мара на доўгія гады стаць лётчыкам;
ажыўленасць, калі ідзеш з бацькам у лес рэзаць дровы ці збіраць грыбы з сабакам, які вар'яцее ад волі, утрапёна носіцца то туды, то сюды, падбягае, ускоквае на заднія лапы, a пярэднімі лёгка штурхае ў грудзі, ліжа табе твар. Вялікай навіной выпадковая сустрэча з вожыкам, зайцам альбо з лісой, асцярожлівасць (нават i ў бацькі), кал i наткнется на лася ці на дзікаву сям'ю;
здзіўленне, што перарастае ў вусціш, ад таго, што ў адну марозную светлую ад яркага месяца ноч па недалёкай ад нас пагонцы каля Масавічоў спакойна i смела ішла з Падзеры да вёскі агромністая ваўчыная зграя, за якой мы з бацькам назіралі з нашага двара. Вусціш быў таму, што заціхлі, анямелі ўсе сабакі як на хутарах, так i ў вёсцы. Тая зграя, як мы бачылі, зусім крыху не дайшоўшы да вёскі, па яе дарозе-сцежцы непарушна падалася ў Налібацкі лес, у пушчу. Леснікі пасля казалі, што тую агромністую, але паслухмяную, ціхую зграю вяла мацёрая ваўчыца;