Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:

«Груша цьвіла апошні год». Гэты незабыўны сказ уводзіць нас у незабыўны сьвет раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863-1864 гадоў у Беларусі. А першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, чытаючы адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць перад сабой хлапчука Алеся Загорскага, ды яго вясковых і шляхецкіх сяброў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку». Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 110 111 112 113 114 115 116 117 118 ... 153
Перейти на страницу:

З месяц яны прыглядаліся да Алеся, а потым Грыма зайшоў да яго і сказаў, што яны складаюць адну грамаду, што гэтая грамада ставіць сваёй мэтай выхаванне карысных людзей і што яны прапануюць Алесю стаць іхнім таварышам, калі ён таго захоча.

Алесь згадзіўся, і яны ўрачыста прынялі яго пятым членам у “Братэрства чартапалоху і шыпшыны”. Члены яго чыталі недазволенае і спрачаліся да пены на вуснах. І ўсё адно гэта было цікава, бо Грыма даставаў аднекуль такія кнігі, сам выгляд якіх дыхаў недазволенасцю і небяспекай. Даставаў часцей за ўсё на адну ноч, таму чыталі ўголас і спрачаліся аж да позняга зімняга світанку. Гэта было зручна рабіць у кватэры Загорскіх або ў невялікім пакойчыку Грымы, дзе ён жыў адзін.

Чыталі польскія падметныя лісты і перапісаныя ад рукі вершы Міцкевіча, чыталі ранняга Пушкіна і “Ліст да Гогаля”, чыталі, амаль не разумеючы, Фур’е (захапляла ў ім смеласць, а не думкі) і кнігі “Современника”.

Аднойчы трапіў у рукі каліграфічна перапісаны рукапіс “Тараса” – яго таксама зразумелі як забароненую рэч і за адну ноч перапісалі, рагочучы да рэзі ў жываце, каб у кожнага было па экземпляры.

Але гэта было спачатку. Пытанне, пастаўленае перад кожным, патрабавала адказу. Юнакам, амаль дзецям, неадкладна трэба было ведаць, хто яны такія. І тады сталы заваліліся кнігамі па геаграфіі і гісторыі. Алесь шукаў усё, што толькі было магчыма, па гісторыі. На калядныя вакацыі ён спустошыў частку дзедавай бібліятэкі.

За месяц да гэтага рускі флот ураганнай бамбардзіроўкай паслаў страшны агонь на турэцкі порт Сіноп. Неба, караблі, самае мора палалі нястрымна і ўтрапёна. Пачалася сапраўдная вайна, якая павінна была прывесці імперыю на грань краху. Але хлопцам амаль не было да яе справы, бо яны адкрывалі сябе, плакалі над лёсам Ветра, Дубіны і Мурашкі, слухалі аб подзвігах княза Вячка, Міхала Крычаўскага і князя Давіда з Гарадка, сціскалі кулакі, перажываючы бітву на Крутагорскіх палях або сечу на Іваньскіх грывах.

…Перад вачыма падлеткаў, нібы невядомы, уставаў іх родны край. Бясконцыя імшары, пушчы, закінутыя старажытныя гарадкі на балотных астравах, дзе і дагэтуль вісяць на галінах трохсотгадовых дубоў званы. Той змрочны, лясны, тужлівы, але самы родны свет, дзе яны нарадзіліся: Волхава балота, на дзевяноставярстовай гладзі якога гараць балотныя агні, а па берагах знаходзяць рэшткі караблёў ды скамянелыя бярвенні бясконцых дарог, усмактаных на трохсажнёвую глыбіню, Прыпяць і сівавусы Нёман, і багатыя падняпроўскія гарады.

Яны бачылі бязмежныя палавені, якія часам нясуць на сваёй вадзе драўляныя капліцы, асеннія лясы, што палаюць, як грамнічная свяча, і чыстыя крыніцы, у якіх плаваюць лубяныя карцы.

І крыўдна рабілася за спусташэнне, забытыя магілы і забітых людзей, за прыгнёт, за свіст шпіцрутэнаў на Лукішках, за абрыдлівыя паласатыя шлагбаумы, што закрывалі ўсе дарогі і, здавалася, нават шлях да шчасця.

Яны не ведалі яшчэ, што слава чалавецтва не ў мінулым і што біцца трэба не за мінулае, але іхні парыў быў сумленны і чысты.

Пяцьдзесят трэці год зноў прынёс неўраджай. Дрэнная была азіміна, дрэнная была і ярына, бо ў час жніва лілі дажджы і прарастала ў полі нязжатае жыта.

Людзі галадалі і елі хлеб, падобны на торф. Больш-менш чысты хлеб давалі толькі зусім маленькім дзецям. Цар не мог не ведаць гэтага – усе чулі пра данясенне генерал-губернатар магілёўскага, віцебскага і смаленскага Ігнацьева. Той пісаў пра страшныя рэчы, пра жабрацтва адных і несумненную раскошу другіх.

Цар ведаў гэта, але не хацеў нічым памагчы зямлі, жыхары якой дайшлі да апошняй ступені галечы і прыніжэння.

І хлопцы зразумелі, што гэта не бацька, а айчым. Айчыма можна ненавідзець, і яны цяпер ненавідзелі яго ўсёй сілай нянавісці, якую толькі маглі змясціць іх дзіцячыя душы.

Алесь зрабіў і першую выснову з гэтай нянавісці, калі яны з Мсціславам ехалі дадому на калядныя вакацыі ў прысланым Вежай вазку.

Снежнае поле курэла. Белыя змеі паўзлі па гурбах да кібіткі і перасякалі сляды палазоў. Прывідна матляліся ў зеленаватым святле месяца чорныя палыны ля дарог. Фурман спяваў нешта сабе пад нос.

Юнакам было трохі халаднавата, і яны шчыльней заціскаліся пад мядзведжую апону. Няяснае святло месяца падала ў акенца вазка.

1 ... 110 111 112 113 114 115 116 117 118 ... 153
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)