Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0123-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
— Ды ён тут усё жыццё. Тут і радзіўся, — ахвотна растлумачыў мужчына ў трыко.
— Можа, памятаеце, тут, на Зялёнай, Бараноўская жыла?
— Была Зялёная, — падказаў ззаду мужчына. — Цяпер Касмічная.
— Перайменавалі?
— Каторы раз. Пасля вайны была Танкістаў, пасля Пекінская, Усё пераймяноўваюць.
Дзед на лаўцы неяк дзіўнавата загойдаўся наперад-назад, паварушыў звешанымі між калень жылістымі кісцямі рук.
— Бараноўская Варвара… Застрэлілі немцы.
— Застрэлілі? Во як…
— Застрэлілі. Той начальнік паліцыі. Помню, якраз на зімняга Міколу. Я яшчэ дровы вазіў…
Гэтая навіна не была вялікай нечаканасцю для Агеева, ён даўно ўжо прадчуваў менавіта такі канец для яго гаспадыні і цяпер са спозненым шкадаваннем падумаў: за што? Ці не за яго? Шчымлівы боль спакваля авалодаў ім, і ён пастаяў моўчкі, нібы чакаючы, што яшчэ скажа гэты ссівелы дзед. Але дзед маўчаў, можа, думаў, а можа, чакаў ад яго новых пытанняў.
— А яшчэ, можа, ведаеце, тут недзе на суседняй вуліцы жыў такі чалавек, жасцяншчык ці слесар, ён яшчэ ў вайну бляшаныя цёркі рабіў для зерня…
— Лукаш?
— Можа, і Лукаш, не памятаю. Дык у яго на кватэры настаўніца была, прыезджая, а з ёю сястра жыла…
Сказаўшы тое, Агееў адчуў, што наблізіўся да самае важнае мяжы, да якой ішоў столькі часу, і зараз, напэўна, пачуе прысуд, што панішчыць яго або ашчаслівіць. Трэба было сабраць сілы, каб спакойна стрываць яго, які б ён ні быў.
— Лукаш майстроўны быў, ага… Умеў па дрэву і па металу… Мне яшчэ рамы пасля вайны ставіў. Майстроўны быў…
Твар дзедаў ад успаміну на кароткі момант праяснеў, ён адарваў позірк ад долу і павёў ім на Агеева. Агееў расчаравана выдыхнуў, пераступіў з нагі на нагу — сесці тут не было на чым.
— Майстроўны… Памёр даўно ўжо.
— Дык настаўніца кватаравала ў яго.
— Што? Настаўніца… Можа, і была.
— А вы не памятаеце, дзед?
— Настаўніца, — паўтарыў дзед і падумаў. — Не, не помню.
Амаль панішчаны гэтай размовай, яе абнадзееным і такім нікчэмным вынікам, Агееў выйшаў на вуліцу. Разгублена пахадзіў па адным і па другім яе баку, зайшоў у пакінуты, зарослы быльнягом двор Бараноўскай, памалу пазнаючы струхлелыя сцены будынін, гнілаватыя, выкрышаныя вуглы, касабокія прасценкі. Ён абышоў хлеў, прыбудоўкі, за дрывотняй, густа парослай высокай, да калень, лебядой, зірнуў у гарод з тыльнага боку сядзібы і не ўбачыў там хлеўчука-застаронка, які даўно ўжо, напэўна, разабралі на дровы, — упрытык да самай сцяны хлява ішлі роўныя баразёнкі маладога бульбоўніку. Ён прыкінуў прыблізна тое месца, дзе стаяў ягоны тапчанчык і дзе была дзірка ў сцяне, каля якой пад каменем ён схаваў свой ТТ. Хтосьці, напэўна, знайшоў, калі ў свой час яго не падабрала паліцыя.
Вярнуўшыся на двор, здалёку паўзіраўся ў садок, якога, аказваецца, таксама не абмінула жорсткая хада часу — старыя яблыні марудна, па адной, паміралі, губляючы ссохлыя сукі і голле; кусты парэчак, якія некалі аддзялялі садок ад двара, зусім зніклі. На агароднай мяжы над парканам чарнела голае суччо некалькі сухіх вішняў, добра памятных яму яшчэ з таго лета. Цяпер ён нават не падышоў да іх — усёй ягонай істотай авалодала роспачнае адчуванне няўдачы, і, каб справіцца з ім, ён яшчэ прайшоў у канец вуліцы паўз высокі дом з нямецкім дахам, перайшоў на другую. З нечаканай надзеяй спаткаў пажылую жанчыну, якая несла вялікую сумку, і запытаў, ці не памятае яна Лукаша-бляхара. Жанчына зморана апусціла долу нагружаную боханамі хлеба цяжкую сумку, паправіла хусцінку на галаве.
— Як жа, быў Лукаш. Ваньковіч ягонае празвішча. Памёр пасля вайны.
— А ў яго настаўніца перад вайной на кватэры жыла…
— Настаўніца? Была наўродзе, прыгожанькая такая. Толькі не помню, як звалі.
— Вера! — з абноўленай радасцю падказаў Агееў.
— Можа, і Вера. Не помню.
— А што з ёй пасля здарылася, не ўпомніце? Да яе яшчэ сястра перад вайной прыязджала — Марыя.
Жанчына паморшчыла і без таго зморшчанае пераноссе, угледзелася ў канец вуліцы, па якой ужо грукацела «Калхіда» з прычэпам.
— Не знаю. Помню, наўродзе была малодзенькая дзяўчынка. Нядоўга пажыла, а дзе дзелася?..
— Пасля вайны не аб’яўлялася?
— Дык не знаю.
Агееў яшчэ прайшоў некалькі разоў па гэтай і суседняй вуліцах і зусім ужо ў роспачы падышоў да двух мужчын ля веснічак. Адзін з іх стаяў па гэты бок іх, а другі — худы і высокі — па той, абодва курылі і пра нешта гарэзліва гутарылі. Калі ён звярнуўся, аднак, змоўклі, і худы з-за веснічак жвава падхапіў:
— Ведаю Марыю. У Мінску жыве. Скончыла іняз. Працуе ў школе.