Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
1 ... 107 108 109 110 111 112 113 114 115 ... 230
Перейти на страницу:

Далёка над лясным краявідам, захутанае ў агнявы туман, заходзіла чырвонае сонца, на полі стала прахалодней, смага ўбавілася, а дрымота, з якой Агееў змагаўся ўвесь час пад калючым кустом, зусім знікла. Цяпер ён не баяўся заснуць, ён чуйна прыслухоўваўся да рэдкіх малазразумелых гукаў, якія даносіліся сюды з мястэчка. Малады жаночы голас некалькі разоў ласкава пагукаў штосьці, і ён здагадаўся: гэта клікалі на вячэру дзяцей. Аднойчы гучна кракнула качка, што нізка ляцела над полем, і ён страпянуўся ад спалоху — так змарнеў за дзень у маўклівай цішыні і чаканні. Блізкі каровін рык прымусіў яго асцярожна выглянуць з жыта — па дарозе ў мястэчка гналі невялікі статак, за якім узнімалася воблачка пылу. Гэтае воблачка дало Агееву зразумець, што там праходзіў гасцінец або гравійка, але ён за паўдня не ўбачыў на ёй ніводнай машыны і цяпер падумаў: а раптам немцы яшчэ не дабраліся да гэтых мясцін? Можа, тут іх яшчэ і няма? Гэта было б здорава, у такім выпадку ім, напэўна, пашэнціла б. Вось толькі куды прапаў Малаковіч?

З Малаковічам яны належалі да адной часці і перад самай вайной нядоўга служылі разам. Такая была служба ў старшага лейтэнанта Агеева, асабліва ў трывожныя тыдні напярэдадні вайны, што ён мала знаходзіўся ў палку, хіба што наязджаючы на агульнапалкавыя нарады, а болей прападаў на складах боепрыпасаў — сваім і дывізійным, — забяспечваў полк боепрыпасамі. Работы ў начбоя было па горла — некалькі відаў патронаў да стралковай зброі, ручныя гранаты ўсіх марак, снарады да палкавых гармат, вінтоўкі, кулямёты, запчасткі і рамонтная тэхніка — усё гэта перайначвалася, рэарганізоўвалася па-новаму, паводле апошніх інструкцый і ўказанняў. Часу ж на ўсё было ў абрэз, штабы і камандзіры разумелі гэта і спяшаліся, не ведаючы ні сну, ні адпачынку. Кроў з носа, а было загадана назапасіць тры БК для ўсёй зброі і пяць БК для супрацьтанкавай артылерыі. Палкавыя склады не ўмяшчалі ўсю прорву штабялёў і скрынак, будаваліся часовыя сховішчы, Агееў вазіў за шмат кіламетраў будаўнічыя матэрыялы, людзей. Лейтэнант Малаковіч прыбыў у полк за тры дні да пачатку вайны пасля паскоранага выпуску з вайсковага вучылішча і быў прызначаны камандзірам батальённага ўзвода сувязі. Па службе ў палку Агееў з ім амаль не сустракаўся, хіба што некалькі разоў бачыў у час палкавых пастраенняў гэтага рослага, танкашыяга лейтэнанціка ў новым камандзірскім абмундзіраванні, з хрумсткай партупеяй цераз плячо. Не думаў тады начбой, што вайсковы лёс з’яднае іх разам на дарогах вайны, ды яшчэ ў такі горкі час. Вядома, Агееў разумеў, што ён — не надта вялікая радасць для гэтага імклівага хлопца, якому без яго, напэўна, пашэнціла б болей, ён мог бы прайсці і па шэсцьдзесят кіламетраў за суткі і, мабыць, даўно ўжо дабраўся б да фронту. Але ён не мог пакінуць параненага Агеева, памагаў яму і падтрымліваў у дарозе, клапаціўся пра начлег і яду, сам ледзьве стрымліваючы сваё маладое нецярпенне. Агееў бачыў гэта, маўчаў і ўвогуле быў удзячны свайму малодшаму сябру.

Малаковіч прыйшоў на змярканні. Агееў стаяў у жыце, абапёршыся на вінтоўку, і, пачуўшы паблізу таропкія крокі, спрабаваў прысесці. Але ў той жа момант, затулены аднізу жытам, аднекуль збоку з’явіўся сілуэт у кепцы, з прыспушчанымі плячыма, па якім Агееў і пазнаў лейтэнанта.

— Фу ты! Думаў, не дачакаюся, — сказаў ён з выдыхам і адчуў, як адразу расслабіўся целам ад доўгага трывожнага напружання.

— Дык, разумееце, у прыцемках лепш.

Малаковіч спыніўся перад Агеевым, зморана ссунуў з потнага лба нязвыклую, з даўгім казырком кепку; на ім ужо быў нейкі куртаты паношаны пінжачок са зморшчанымі бартамі, няновыя, выпнутыя на каленях порткі і галошы на босых нагах. Заўважыўшы, што Агееў азірае яго, Малаковіч сказаў:

— Во пераадзеўся. Каб лішне не мазоліць вочы.

— А як немцы? — запытаў Агееў пра тое галоўнае, што цяпер турбавала іх.

— Ніякіх вам немцаў. Прыязджалі і паехалі. Праўда, паліцыю паставілі.

— Во як! І многа?

— А чорт іх ведае. Але ёсць. Школу і міліцыю занялі. Гэта каля царквы.

— А прайсці як?

— Ды ўжо пройдзем як-небудзь. І гэта… Разумееце, — Малаковіч адвёў позірк, агледзеўся, і Агееў зразумеў, што нешта ў яго не зладзілася. — Разумееце, у мяне не надта… Ну, сусед у паліцыі, каб яго разарвала. Дык мы вам, разумееце, другое месца насваталі. У цёткі адной…

Агееў з палёгкай уздыхнуў — хай сабе і ў цёткі, яму галоўнае, каб падлячыць рану, доўга ён тут не заседзіцца. Усё ж становішча іх было няпэўнае, з даволі туманнай будучыняй, і ён стараўся лішне не думаць аб ім. Галоўнае, каб дзе-небудзь зашыцца, запаўзці ў заканурак, залізаць раны, з якімі абодва яны — не ваякі! А пасля будзе відаць. Пасля яны пойдуць на фронт.

1 ... 107 108 109 110 111 112 113 114 115 ... 230
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)