Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
1 ... 101 102 103 104 105 106 107 108 109 ... 230
Перейти на страницу:

Але во праз сорак гадоў, аўдавеўшы і стаўшы пенсіянерам, Агееў у цёплы сонечны дзень на пачатку лета прыехаў сюды. Спярша ён нават спалохаўся, амаль не пазнаўшы мястэчка, якое так разраслося за гэтыя гады і стала гарадскім пасёлкам. Прынамсі, цэнтр яго зусім страціў свой колішні выгляд — былая кірмашовая плошча расшырылася да самай царкоўнай агароджы, з другога боку яе вырас трохпавярховы будынак райкома, трошкі далей, у пачатку вуліцы, высіўся сілікатны гмах універмага, і побач прыткнуўся невялікі скверык — радок чэзлых дрэўцаў, яшчэ прывязаных да калкоў-падпорак, з нешырокай дарожкай, аблямаванай пастаўленымі на ражок цаглінамі. Кароткая гэтая дарожка вяла да помніка — бетоннага абеліска ў металічнай агароджы, з шырокай мармуровай плітой на пакатым баку. Маленькія дзверы ў агароджы былі не зачынены, мабыць, туды можна было ўвайсці, на вузкай бетоннай прыступцы ляжала некалькі абвялых гваздзікоў у разматляным ад ветру цэлафане. Але кветак у Агеева не было, ісці ў загародку не мела сэнсу. І ён учапіўся рукамі ў вострыя вяршкі агароджы і замітусіўся вачмі па цесненькіх слупках прозвішчаў. Ён ужо ведаў пра гэты абеліск у пасёлку, яму расказвалі людзі, якія прыязджалі сюды, неяк гадоў дзесяць таму ён пісаў у райком і атрымаў адказ, што падпольшчыкі таксама пахаваны тут. Цяпер ён хутка знайшоў іхнія прозвішчы, неглыбока высечаныя на камені ў самым канцы гэтага жалобнага спіса. У адрозненне ад іншых яны былі без воінскіх званняў, якіх, пэўна ж, не мелі, апроч хіба Малаковіча, што быў лейтэнантам. Але пра тое тут маглі і не ведаць.

Яе ж тут не было.

Але чаму яе не было? Хіба яна выжыла? Ці загінула яшчэ дзе ў канцлагеры, вывезеная з мястэчка? Канечне, тады ўсё магло быць, але чатыры дзесяткі гадоў Агееў пражыў з упэўненасцю, што яе таксама не мінуў агульны іх лёс. Урэшце, страшныя падзеі той восені нікому не пакідалі надзеі, усе яны былі асуджаны, і толькі ён шчаслівым выпадкам выкруціўся з учэпістых кіпцюроў смерці. Але два шчаслівыя выпадкі ў іхнім становішчы было б ужо занадта, у другі ён не мог паверыць. І яму здавалася, што тут надарылася непаразуменне, што проста яе не знайшлі, бо і не шукалі. Ведаў жа пра яе адзін толькі ён. Ну, і паліцыя, канечне, якая ўрэшце ўсё і раскапала. Але ў паліцыі цяпер не спытаеш, а дакументаў не засталося. Паліцыя таксама ўмела хаваць канцы ў ваду.

Заставалася папытацца ў людзей.

Адышоўшыся ад помніка, ён агледзеўся. Плошча, вядома, змянілася так, што не адразу пазнаеш, але царква стаяла на ранейшым месцы, і яна памагла яму з’арыентавацца. Далей трэба было павярнуць у завулак. Прыглушыўшы зразумелую трывогу ў душы, Агееў хуткім крокам скіраваў ад цэнтра да ўскраіны, перш за ўсё на яго Зялёную — добра яму знаёмую вулічку, забудаваную звычайнымі, амаль вясковымі драўлянымі дамкамі з невялічкімі агародамі і садкамі, якія ўпіраліся канцамі ў шырачэзны глыбокі роў з ручаём і старымі дрэвамі на схілах. Да яго найвялікшай радасці, тут няшмат што змянілася, хіба некаторыя дамкі прыкметна абстарэлі, іншыя ж — наадварот — пасля рамонту прыгожа жаўцелі свежафарбаванай шалёўкай. У самым пачатку вуліцы на рагу высіўся вялікі дом з трыма вокнамі на фасадзе пад аграмадным, на нямецкі манер зрэзаным на каньках гонтавым дахам. Ледзьве стрымліваючы неспакойнае сэрца, Агееў прайшоў у канец гэтай кароценькай вулічкі, яшчэ здалёку пазнаўшы лапленую гонту на хаце Бараноўскай, у якой ён правёў некалі тры незабыўныя месяцы свайго жыцця.

Ягоная радасць, аднак, стала аціхаць па меры таго, як ён травяністай узбочынай набліжаўся да гэтае хаты і ягонаму позірку адкрываліся яўныя прыкметы закінутасці: гарбылі-аполкі на вокнах, што выходзілі ў вузенькі кветнічак каля вуліцы, бакавое акно з кухні чарнелася спрэс выбітымі шыбамі, веснічак тут, як і раней, не было і звання, і некалі ўтульны брукаваны дворык з вузенькімі канаўкамі для сцёку вады густа зарастаў муравой і быльнягом. Дом быў даўно апусцелы і, мяркуючы па ўсім, ціха паміраў на скасабочаным дзіравым падмурку. Можа быць, адзін толькі сад пры ім мала змяніўся за чатыры дзесяткі гадоў, хаця і прыкметна дзічэў у недаглядзе, а старога сукаватага клёна перад уваходам у кухню зусім не было, як не было і альтанкі-паветкі ля вуліцы.

Не заходзячы ў двор, Агееў пастаяў ля пустога кветнічка, азірнуўся на вуліцу, пазнаючы і не пазнаючы яе малапрыкметныя драбніцы. На сваю бяду, ён забыўся, хто тут жыў у суседзях, памятаў толькі, што ў доме насупраць жыў дзядзька — маўклівы, не стары яшчэ мужчына; Бараноўская зрэдку звярталася да яго па якой дробнай патрэбе, ён нават даводзіўся ёй нейкай далёкай раднёй. Цяпер прыпомніўшы пра яго, Агееў перайшоў цераз вуліцу і піхнуў невысокія дашчаныя веснічкі, насупраць якіх з замызганай будкі ўзвіўся вяртлявы лахматы сабачка. І тут жа з прыбудовы-сянец выглянула тонкая маладая жанчына ў выцвілым стракатым сарафане.

1 ... 101 102 103 104 105 106 107 108 109 ... 230
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)