Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 107 108 109 110 111 112 113 114 115 ... 192
Перейти на страницу:

Хлопцы ўначы, прабіраючыся на могілкі, палілі там невялікія, таемныя для ўсіх, хто не ведаў, вогнішчы і потым палохалі дзяўчат.

– А унь русалкі. Ты глядзі, не хадзі без мяне. Заказыча.

І дзяўчаты слухаліся іх.

Ярасна цвіло па-над шляхамі жоўтае купалле: ведала, што век у яго кароткі і хутка яго пачнуць увіваць у вянкі.

Набліжаўся час, калі русалкі асабліва шкодзяць людзям, і трэба знайсці хоць які дзень-два, каб утаймаваць іх, а заадно пасмяяцца, паспяваць ля вогнішчаў і ўдосталь нацалавацца дзе-небудзь у сініх ад празмернай зелені жытах.

Па сёмусе прыйшоў русальны тыдзень.

Азярышчанскія дзеўкі звівалі вянкі і вешалі іх на бярозах. А хлопцы неслі на зялёных насілках у бярозвавы гай абраную ўсімі русалку: самую ладную дзяўчынку, якая знайшлася ў Азярышчы, трынаццацігадовую Яньку Кагут.

У белым рубку[95] да лытак, з доўгімі, ледзь не да каленяў, распушчанымі валасамі, яна пагойдвалася ў сінім небе, вышэй за ўсіх. І свежы, пяшчотны тварык дзяўчыны ўсміхнуўся сонцу, нівам і зялёным гаям.

А за ёю ішла ў вянках яе прыгожая світа.

…Палілі агні. Кідалі ў іх вянкі. Дзяўчаты ўцякалі ад Янькі, а яна лавіла іх і казытала. Дзеўкі ў парах гулялі з хлопцамі.

Не абышлося і без бойкі. Сутыкнуліся за Галінку Янук Лапата і Кагутовы блізнюкі. Медзведзяваты Аўтух заступіўся за брата і пачаў валяць Кандрата з Андрэем. У бойку ўлез Алесь і, на агульнае здзіўленне, даў Аўтуху такога дыхту, што той нават кінуўся ўцякаць. Уцячы Алесь яму не даў.

Урэшце іх памірылі, хоць Янук і глядзеў ваўком… Пілі піва і скакалі ля вогнішчаў.

І ўсё гэта было весела, але весялосць была афарбавана лёгкім адценнем журбы. Магчыма, таму, што набліжаўся Ян Купала, і хоць лета было яшчэ ледзь не ў самым пачатку – усім было ясна: сонца вось-вось пойдзе на сход.

Спаляць сабраныя з двароў старыя бароны, разбітыя сані, аглоблі. Кожны дасць трохі цеплыні са свайго двара, але ўсё адно не падтрымае гэтым сонца. І, як сонца, скоціцца з высокай гары ахопленае агнём кола. Будзе каціцца ніжэй і ніжэй, а потым кане ў Дняпро і згасне.

Журба, амаль непрыкметная, жыла ва ўсім, і перш за ўсё ў травах, якія ведалі, што пасля Янавага дня ім не хаваць у сваіх нетрах Янавых ліхтарыкаў, што прыйшоў іхні час і іх пасцінаюць звонкай касой.

Утрапёнасць квітнення, песень і пацалункаў скончылася. На яе месца прыйшло задумлівае чаканне плёну.

І таму на кветках, на вярбовых косах, на дарогах, што заблудзіліся ў палях, панаваў спакой і лёгкі сум.

Усё было аддадзена. Усё было споўнена на зямлі.

Яны стаялі ля храма бога вод. Сонечныя, зеленаватыя плямы святла беглі па іхніх абліччах, а проста ад ног ішоў у імшаную, як мядзведзь, цёмна-зялёную цемру доўгі адхон, што ўвесь тачыўся вадой.

Ад густой зеляніны жывое срэбра струменьчыкаў здавалася зеленаватым. Журлівым звонкім халадком патыхала ў яры.

Родная зямля – гэта крыніцы. І тут было адно з незлічоных месцаў іх нараджэння.

Выйсце крыніц. Воды. Воды. Струменьчыкі, ручаіны, рака, мора. Зялёны звон пад нагамі.

– Чаму ты ўнікаеш мяне, Гелена? – спытаў Алесь.

– Я не ўнікаю.

Вочы глядзлі ўбок, вышэй Нептуна, дзе зеленаваты ад ценю струменьчык выбіваўся з зямлі.

У яе сапраўды было змарнелае і светлае аблічча. Новае, нічым не падобнае на ўсе яе іншыя абліччы.

– Сядзь, – ён пасадзіў яе на каменную лаву. – Ты… не трэба так… Ты ведаеш, я шкадую цябе, як нікога. І я не хачу быць ні з кім, акрамя цябе.

Яна адмоўна паківала галавой. Струменьчыкі звонка скакалі ў яр.

– У мяне будзе дзіця, Алесь.

Ён маўчаў, так раптам упала сэрца ад нечаканасці і дзіўнага прадчування, падобнага да прадчування бяды. Гэтага не магло быць. Ён – і дзіця.

– Я думала спачатку, што гэта памылка. І вось пераканалася. Будзе.

Бледны ад разгубленасці, ён глядзеў на яе. Гэтыя вочы, і іскрыстыя валасы, і тонкая постаць – гэта цяпер не проста яна. Гэта ўжо і ён, і тое, аб чым яшчэ ніхто нічога не ведае. Трое ў адной.

– Праўда?

Зусім неспадзявана нарадзілася недзе глыбока пад сэрцам, пачала расці, расці, узрастаць, затапіла ўрэшце ўсё на свеце, усю існасць і ўсё, што вакол, несамавітая, дурная, шалёная радасць.

У яго перахапіла дыханне. Адчуванне шчасця і ўласнай значнасці было такое вялікае, што ён тросся, захлынаючыся паветрам.

– Не можа быць… Гелена, праўда? Гелена, мілая… мілая…

Голасам, што быў поўны бязмернай пяшчоты, яна спатала:

– Ты праўда ўзрадаваны?

– Я не ведаю. Гэта – падобна… Не, гэта не радасць, – ён вінавата ўсміхнуўся. – Я ж яшчэ не ведаю, як… І яшчэ, я кахаю цябе… Як ваду і неба… Як жыццё.

Калі яны выходзілі з парку, Алесь, трохі ўжо супакоены, але па-ранейшаму нібы прасвятлелы тварам, з той самай дурной усмешкай на вуснах, раптам затрос галавою.

– Не веру.

– Тумаш няверны.

Ён вёў яе так асцярожна, нібы да радзін заставаліся лічаныя дні.

– Вось і ўсё, – сказаў ён. – Зараз пойдзем да дзеда, скажам аб усім. Потым да бацькоў. Вяселле ў першы дазволены дзень. І паедзем. Кудысьці далёка-далёка. Каб мора. Вельмі буду шкадаваць цябе.

– Алесь, – раптам сказала яна, – а ты задумаўся на хвіліну аб тым, што ты не сказаў “кахаю” мне, а сказаў яму.

Загорскі, пратэстуючы, узняў рукі. Але яна спыніла гатовыя вырвацца словы. Сказала з пяшчотай:

– І добра. Вельмі добра. Значыць, тут ты бацька, абаронца. Так і трэба.

Адчуўшы раптам, што да жаданага канца, які адсек бы мінулае, яшчэ далёка, ён сказаў:

– Вянчаемся ў Загоршчыне.

І ўбачыў, як яна, нібы з сілаю адрываючы нешта ад сябе, паківала галавою.

– Не, Алесь, на гэта я ніколі не пайду!

– Чаму? – упарта спытаў ён.

– Ды зразумейце ж вы, – нібы чужому, сказала яна, – усё добра як ёсць.

– Каму добра? – голас гучаў жорстка.

– Вам.

– Мне дрэнна. Без цябе і без яго. Удвая.

Яна спляснула далонямі.

– Мілы, мілы вы мой! Паверце мне, вы сабе хлусіце. Вы не бачыце, а я добра бачу, як вы загналі сваё пачуццё ў каменны мяшок, замкнулі. Вы не адчуваеце гэтага, вам здаецца, што вы спакойны, але вы ўвесь час слухаеце, як яно рвецца на волю, калоціцца ў дзверы.

– Не!

– Так, – сказала яна. – І ў гэтым для мяне няма крыўды. Вы думаеце, я не ведала з самага пачатку? Ведала.

Ніколі яшчэ ён не бачыў яе такой прыгожай. І чужой. Ліхаманкавыя, пяшчотныя вочы, на вуснах горкая і цёплая ўсмешка.

– Толькі вы не забывайце часам убачыць яго. Добра?

– Ты страшны чалавек, – сказаў ён. – Пазбаўляеш яго – бацькі, мяне – радасці. Мне ніхто не патрэбен, – ён змагаўся, і голас ягоны быў глухі.

– Мана, – сказала жанчына.

Ён падумаў аб тым, што сам ён, і ўсе, хто вакол, і Майка, усе яны – нявартая дробязь у параўнанні з гэтай жанчынай. Было ў ёй нешта вышэйшае за іх, звычайных. І Алесь падумаў, што яна адчувае гэтую несумяшчальнасць самой сябе і яго, Алеся.

Яна глядзела на яго і разумела, аб чым ён думае.

– Алесь, – сказала яна, – гэта хлусня, што ты думаеш. Няўжо, ты думаеш, я зрабіла б такое, каб не кахала цябе? Я таму і раблю, што кахаю.

Ён ускінуў яе ў паветра і з сілай паставіў на ногі.

– Хлусіш.

Але ён глядзеў на яе аблічча і верыў. Верыў усё больш і больш.

– Вельмі. Таму і ўцякаю.

– А дзіця? – амаль умольна сказаў ён. – Яго імя?

– Няхай. Ён будзе сумленны чалавек.

– Але нашто?

У яе вачах былі слёзы. І вочы праз слёзы аж ззялі, як сонца праз дождж. Той дождж, пра які навакольныя сяляне казалі: “Царэўна плача”.

– Атрымалася б, што я нічым не ахвяравала, – сказала яна. – Наадварот, прыдбала. І таннай цаной. Ты не думай аб ім. Проста бог не хоча маёй ахвяры. Ён будзе. Гэта такое шчасце. Думала адплаціць, і вось зноў у даўгу. І, значыць, магу, калі спатрэбіцца, плаціць і плаціць.

вернуться

95

Рубок – тонкае жаночае адзенне накшталт доўгай сарочкі. 

1 ... 107 108 109 110 111 112 113 114 115 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)