Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0123-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
…Яна зноў адчувае сябе ва ўладзе знаёмай з дзяцінства хваравіта-салодкай слабасці, калі хочацца толькі спакою, цішыні і забыцця, таму што ў целе — пакуты і боль. I разам з тым яна ва ўладзе сцішанай абыякавасці да сябе і ўласнага лёсу, які цяпер ад яе не залежыць.
З часам яна заўважае, што мерна пагойдваецца і плыве, плыве кудысьці, быццам у сне. Але сну няма, гэта ўжо рэчаіснасць. Зоська бачыць касматы беражок накінутага на яе кажушка і далей — яркую сінь світальнага неба. Мернае пагойдванне нясе і нясе яе быццам на хвалях, і ёй нават прыемна ад гэтага руху ў невядомае. Не адразу яна здагадваецца, што яе вязуць па палявой саннай дарозе, і не можа запытаць куды, але і не трывожыцца. Значыць, так трэба.
Яна толькі хоча зразумець, хто з ёй? Адчуваецца нечая прысутнасць побач, напэўна, ён кіруе канём, але хто гэта? Ёй бы толькі б зірнуць на свайго выратоўцу, і ўсё. Пра Антона яна ўжо не думае — хай ён згіне, забойца! Галоўнае, яна выратавана, дасць Бог — ачуняе, і тады яна з ім паквітаецца. Яна зірне ў подлыя яго вочы, яшчэ ён паваляецца ля яе ног.
— Нэ-нэ, шавяліся, мілая…
Але гэта ўсё тая ж знаёмая ёй цётачка, што паіла яе малачком, і Зосьцы робіцца сцішана і спакойна, яна прывыкла ўжо да яе падобнага на матчын голасу. Нявыказаная ўдзячнасць шчымлівай тугой сціскае нешта ўнутры, і з Зосьчыных вачэй коцяцца па шчоках дзве казытлівыя сцюдзёныя слязінкі.
— Нічога, дзяўчатка, усё будзе добра. Перахаваем цябе ў добрай мясціне, як-небудзь, дасць Бог, ачуняеш. Маладая яшчэ, жыць будзеш, дзетак народзіш. Не век жа гэтай праклятай вайне доўжыцца, — як са свежай крынічкі летнім поўднем, абнадзеена гучыць побач.
Зоська сцішваецца пад цёплым кажушком і думае: а можа, і праўда: страшнае ўжо мінулася і яна як-колечы выкараскаецца са сваёй бяды.
Кар’ер
Раздзел першы
Агееў толькі прачнуўся, як сон ужо знік; ён зразумеў гэта, хвіліну паляжаў ціха, з заплюшчанымі вачмі, нібы баючыся прагнаць рэшту дрымоты.
Некалькі апошніх дзён ён стаў прачынацца рана, калі яшчэ не пачынала світаць і парусінавы верх палаткі чарнеўся па-начному глуха, а навокал ляжала цішыня, якая бывае глыбокай ноччу або перад світаннем. Было халаднавата, ён гэта адчуў шорсткай ад шчаціння скураю твару, схаладнелай макаўкай галавы. За лета ён так і не прывык залазіць у спальнік з галавой — вечарам у тым не было патрэбы, палатка доўга хавала назапашанае за дзень цяпло, толькі на зыходзе ночы, перад світаннем, калі выпадала раса і верх палаткі набрыняў стылай вільгаццю, рабілася халадней. Зноў жа, на галаве ў Агеева даўно ўжо не было таго жорсткага непакорнага чуба, што ўпрыгожваў яго ў маладосці. З гадамі валасы парадзелі, страцілі былую пышнасць, сталі даўжэйшымі залысіны, галава зрабілася чуйнай да сцюжы. Што ж, напэўна, усё як мае быць у жыцці.
Уставаць было ранавата, ды і не хацелася вылазіць з нагрэтай за ноч утульнай цеснаты спальніка, ён ляжаў так, з заплюшчанымі вачыма, дрымотна прыслухоўваўся да ледзь чутнага ў цішы пошуму голля на дрэвах паблізу. Пошум роўна плыў з-за каменнай агароджы могілак. Гэты ціхі, калі спакойны, а калі трывожна-настырны пошум лісця суправаджаў яго сон кожную ноч, часам крыху сціхаючы, але пад ранак ён звычайна рабіўся мацнейшы, неспакойны ці нават трывожны. Агееў ужо прывык да таго за лета, амаль не заўважаў яго — шум стаў часткай яго цішыні і яго працяглай адзіноты каля гэтых могілак на пагорку ля закінутага кар’ера.