Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0123-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
— Гэй, стой! — крыкнуў Антон, паяўляючыся ў варотах.
Дзядзька азірнуўся на абору і прытрымаў каня, не ведаючы, што рабіць далей. Антон таксама не ведаў, нашто ён спыніў яго, хіба каб разжыцца харчам. Ці распытаць пра абстаноўку на гэтай дарозе і прыняць нейкае рашэнне. Ён адчуваў, што без пэўнага рашэння доўга тут не прабудзе. Немагчыма жыць між зямлёй і небам, трэба хутчэй злазіць на зямлю. Дзе толькі драбіна на гэтую страчаную ім зямлю?
У полі і на дарозе быццам нікога больш не было, можна было выйсці з аборы, але Антон палічыў за лепшае паклікаць да сабе чалавека.
— Ты, давай сюды!
Ён не сумняваўся, што дзядзька зараз жа выканае ягоны загад, і для пераканаўчасці перахапіў у руцэ вінтоўку. I на самай справе, дзядзька зачапіў за капыл лейцы і, пакінуўшы на дарозе сані, нетаропка, з яўнаю бояззю пайшоў да аборы. Пакуль ён ішоў па снезе, Антон разгледзеў яго самаробную з аўчыны шапку на галаве, старую залапленую ватоўку і лапці-чуні з накручанымі на брудныя анучы вяроўкамі. Маленькія слязлівыя вочкі на зарослым шчаціннем твары яшчэ зводдаль насцярожана ўставіліся на ўзброенага чалавека ля аборы.
— Стой! — загадаў Антон, калі дзядзька крокаў на пяць не дайшоў да варот, і той паслухмяна спыніўся. — Хлеба няма?
— Не-е, — трохі здзіўлена сказаў чалавек. — Які ж хлеб? Дома…
— Ясна. I нічога болей? Каб пажраць?
— Нічога. Дарога ж нядальняя. Так што навошта ж…
— А куды едзеш?
— Дык у Скідаль, — махнуў ён рукой на дарогу і знерухомеў, чакаючы новых пытанняў.
— На базар?
— Не. Які ж базар у панядзелак? Па доктара еду.
— Захварэў?
— Ды не. Я не захварэў. Але…
— Баба, значыць? — вёў малацікавую гутарку Антон, маючы на ўвазе неўпрыкмет выпытаць у гэтага выпадковага праезджага што-колечы з таго, што яго найболей цікавіла.
— Не баба, — дзеўка.
— Ах, дзеўка… А там на дарозе, не бачыў, паліцаяў няма?
— Не, не бачыў. Можа, дзе і ёсць, а на дарозе не бачыў.
— I партызанаў не чутна?
— Не-е. Не чуваць. У нас, ведаеце, не чуваць нічога. Глуха жывём.
— А ты з якой вёскі?
— Ды з Княжаводцаў, — сказаў дзядзька і махнуў у другі канец дарогі.
Антон спалохана змоўк. Упамінак пра Княжаводцы прымусіў яго забыцца на ўсе іншыя пытанні — здаецца, з’явілася магчымасць дазнацца, можа, пра самае для яго важнае, і ён, звузіўшы вочы, рэзка спытаў:
— Ах, па доктара едзеш?
— Ну.
— Да дзеўкі?
— Ну.
— Яна што, дачка?
Міргнуўшы слязлівымі вачмі, дзядзька раптам збянтэжыўся, быццам заікнуўся перад адказам, і Антон, не даючы адумацца, схапіў яго за куртаты каўнер ватоўкі.
— Кажы, да каго — доктара! Быстра!
— Дык да дзеўкі, сказаў.
— Якой дзеўкі? Да Зоські са Скідзеля? Ну? Раненай у галаву? Да? Кажы хутка!..
Але хутка казаць, мабыць, ужо не было патрэбы. Дзядзька бездапаможна заміргаў вачмі, здавалася, у адно імгненне згубіў здольнасць да мовы, рукі яго затрэсліся, разгубленым позіркам ён ліхаманкава сноўдаў па раз’юшаным ад жахлівай здагадкі, аброслым калючай бародкай Антонавым твары. Антон таксама зайшоўся ў дзіўнай, ахапіўшай яго ліхаманцы, сцяміўшы ўвачавідкі, што лёс у апошні раз кідаў тапельцу свой выратоўчы круг, за які той павінен схапіцца або ісці на дно. I не разважаючы доўга, ён з апошняе сілы, што яшчэ заставалася ў яго, кінуўся да гэтага круга. Пакуль Зоська жывая, ён павінен злапаць яе ў лясных Княжаводцах. Тое, што яму не ўдалося на хутары, павінна ўдацца цяпер. Вядома, гэта не дужа прыгожа ў адносінах да дзяўчыны, якую ён нядаўна яшчэ кахаў, але ў гэтым яго паратунак. Што ж яму застаецца?
— Так, ясна! — сказаў Антон, рэзка піхнуўшы ад сябе дзядзьку— Ану ў Скідзель! У Скідзель хутчэй! — закрычаў ён. — Быстра!!!
Спалоханы і збянтэжаны дзядзька павярнуў на дарогу, але Антон абмінуў яго і, падбегшы да саней, ухапіў лейцы.
— Нэ-э! Хутчэй! Рыссю!
Сцебануўшы каня, ён скочыў у сані, дзядзька ледзьве паспеў ухапіцца за пяпярэчыну ззаду, конік натужна рвануўся па перамеценай за ноч дарозе, і Антон, стаўшы на калені, пачаў сцёбаць яго вераўчанымі лейцамі.
Яму вельмі трэба было паспець.
У гэтым быў яго паратунак.
21
Усё наступнае даходзіла да Зоські ў невыразных, часам страшна прывідных вобразах, няпэўных урыўках чужых размоў. Яна чула, як нехта паклікаў яе, як гучней забрахаў сабачка. Пасля яе асцярожна паднялі на рукі і доўга неслі кудысь.