Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Беларускія батальёны засталіся кінутыя на ўласны лёс і ў пошуках выйсьця кіраваліся пераважна загадамі сваіх камандзіраў. А. Вініцкі выпадкова аказаўся беспасярэднім сьведкам гэтых падзеяў у Баранавіцкай акрузе, і вось што ён пісаў:
Пад вечар 30-га чэрвеня я прыйшоў на пляц каля казармаў… і выпадкам быў сьведкам дэмабілізацыі батальёну, які налічваў каля 700 жаўнераў. Перад фронтам выстраеных ваякаў стаў камандзір батальёну. Пасьля кароткай інфармацыі аб заіснаваўшай сытуацыі на фронце ён скончыў гутарку так: «Хто паедзе з намі, дык застаецца на месцы ў шэрагу, а рэшта можа ісьці дамоў». Раптам жаўнерская маса ўзварухнулася і рынула ў казармы, каб забраць там свае рэчы і бегчы дамоў. На месцы ў шэрагу засталося 18 ваякаў, пераважна — падафіцэраў, а назаўтра на выезд зьявілася ўжо меншая іх колькасьць.
Такім чынам, тыя самыя людзі, што ў сакавіку паслухмяна ішлі на прызыўныя пункты, цяпер, калі ўлада пачала крушыцца, хутка пакінулі войска, у якое яна іх прызвала. За самы кароткі час, бяз бою, БКА перастала існаваць; толькі невялічкая частка салдат адышла на Захад. І гэтае адступленьне, як і добраахвотны запіс моладзі ў Люфтвафэ, на думку некаторых нямецкіх дасьледчыкаў, «амаль немагчыма было зразумець». Акруговы баранавіцкі камісар Вэрнэр адзначаў:
Палова сялян з абаронных вёсак эвакуявалася, а батальёны БКА ўцяклі.
Прыклад з БКА асабліва важны і характэрны: ён вельмі выяўна адлюстроўваў сьвядомасьць і тыповыя паводзіны «цьвярозых рэалістаў» — пераважнай большасьці грамадзтва, што пад славутай пасіўнасьцю прыкрывала сваё поўнае бясьсільле перад дзьвюма вялікімі армадамі, якія ў страшным двубоі вырашалі яе лёс. Насельніцтва, што апынулася паміж молатам і кавадлам, проста не магло ўвесь час адстойваць нейкія сапраўдныя палітычныя погляды, уся яго так званая пазыцыя зьмяшчалася ў адным слове — «выжыць!». Таму нярэдка здаралася, што вонкавыя праявы сымпатыяў і нават колер і фасон мундзіра ўводзілі ў зман: яны маглі быць і пранямецкія і прасавецкія. Салдацкая прысяга на вернасьць Беларусі ў тагачаснай сытуацыі мела для гэтых людзей ня большае значэньне, чым колішняя іх прысяга Польшчы альбо Савецкаму Саюзу. Зрэшты, ужо праз пару тыдняў, пасьля пераходу часткі салдат БКА ў шэрагі Чырвонай Арміі, яны маглі яшчэ раз выявіць сваю вернасьць. Такую «пазыцыю» прадвызначала не само насельніцтва, а пануючая ўлада — за апошнія некалькі гадоў яна зьмянялася занадта часта.
Пераважная частка беларускага грамадзтва прадчувала блізкую зьмену гэтай улады і таму ня вельмі цягнулася да БЦР. Нягледзячы на гэта, моцны парыў нацыяналізму ня мог не пакінуць сьледу ў людзкой сьвядомасьці. Міт пра будаўніцтва беларускай дзяржавы і войска, арганізацыю нацыянальных установаў і скліканьне кангрэсу так удала быў пушчаны Готбэргам і Астроўскім, што жыве і да сёньняшняга дня.
Дзейнасьць БЦР у Нямеччыне
Летам 1944 г. Чырвоная Армія дасягнула лініі Віслы, а войскі заходніх хаўруснікаў здабылі Парыж і наблізіліся да нямецкай мяжы. Разгром Трэцяга райху стаў справаю найбліжэйшай будучыні. Толькі ў гэтай сытуацыі ў штабе Гімлера высьпела канцэпцыя стварэньня супольнага антыбальшавіцкага фронту народаў Расеі пад камандаваньнем генэрала Уласава. Туды павінны былі ўвайсьці ня толькі расейцы, але і ўкраінцы, беларусы і г. д. Нямеччына ўжо страціла амаль усю тэрыторыю СССР, таму для барацьбы з Чырвонай Арміяй немцы меркавалі выкарыстаць усходніх работнікаў, ваеннапалонных альбо ўцекачоў, што апынуліся на тэрыторыі Райху. Ставіўся разьлік і на прапагандысцкі эфэкт, нават на антысталінскую рэвалюцыю ў СССР. Першае спатканьне Гімлера з Уласавым было прызначана на канец ліпеня, але ў гэтыя пляны ўварваўся замах на Гітлера, таму сустрэчу давялося адкласьці.
Тым часам Розэнбэрг па-ранейшаму трымаўся думкі, што галоўным матывам супрацоўніцтва нерасейскіх народаў СССР зь немцамі была надзея на стварэньне ўласных нацыянальных дзяржаў, незалежных ад расейскага ўплыву. Таму ён прадбачыў, што прадстаўнікі гэтых народаў будуць супраць гімлераўскага праекту, які прадугледжваў падпарадкаваньне іх нацыянальных органаў і вайсковых часьцей Уласаву. І хаця канчатковая мэта абедзьвюх канцэпцыяў была тая самая — г. зн. абарона Нямеччыны ад чырвоных войскаў, — але сродкі яе дасягненьня прынцыпова адрозьніваліся. Гітлер цяпер не займаў цьвёрдай пазыцыі ў гэтай справе: ён не падтрымліваў і не перашкаджаў Гімлеру і Розэнбэргу ажыцьцяўляць іх праекты, якія ўжо не маглі перамяніць сытуацыю.