БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
У сувязі з гэтым, калі ў 1939 годзе бальшавікі аддалі Вільню з ейнай акругаю Летуве, багата беларусаў, што раней прызнавалі за патрэбнае падтрымваць добрыя беларуска-летувіскія дачыненьні, верылі, што пасьля гэтага ды яшчэ ў часе разьвіцьця вялікіх падзеяў беларуска-летувіскія дачыненьні і супрацоўніцтва дасягнуць найвышэйшае і найпрыгажэйшае ступені свайго разьвіцьця. Беларусы былі перакананыя, што ў Вільні з летувіскаю ўладаю здолее разьвівацца беларускае выдавецтва, каапэрацыя, што тое жыхарства Віленскай акругі, якое гаворыць пабеларуску, атрымае беларускія школы, што тыя ўсе беспрацоўныя беларусы, якія цярпелі гора за часоў польскіх, за братняй летувіскай уладай атрымаюць працу і г. д. Нажаль, ніводная з гэтых надзеяў ня спраўдзілася.
Гаворачы аб беларускай эміграцыі, насамперш трэба ўзяць на ўвагу, што беларусы мелі эмігрантаў двух родаў і што перш за ўсё была эміграцыя, выкліканая панскай эксплёатацыяй. Беларускія сяляне яшчэ тады,, калі магнаты, баяры і шляхта нашага краю, за прыкладам польскіх паноў, штораз больш абцяжвалі сялянства падаткамі і прыгонам, ня могучы перанесьці цяжараў, уцякалі ад зьдзекаў і галоты на эміграцыю ў шырокія і вольныя стэпы Украіны, дзе тварыўся г. зв. казацкі рух. Пазьней, калі прыйшла новая сыстэма эксплёатацыі — сыстэма капіталістычнае гаспадаркі, калі разьвівалася прамысловасьць і расьлі гарады і калі на Беларусі запанавала чужая ўлада, якая ня дбала аб палепшаньні жыцьцёвых абставінаў, багата беларусаў змушана эміграваць у розныя прамысловыя цэнтры, у гарады: Рыгу, Петраград, Маскву, у Сібір і нават у далёкія краі Паўночнай Амэрыкі, у Задзіночаныя Штаты і ў Канаду, каб там шукаць лепшага жыцьця. Паваеннымі часамі, часамі польскага панаваньня і калёнізацыі Заходняй Беларусі, багата беларусаў з прычыны цяжкіх матар'яльных абставінаў і беспрацоўя эмігравала ў Паўдзённую Амэрыку — у Аргентыну, Бразылію, Парагвай, а таксама ў Францыю ды на сэзонавыя работы ў Лацьвію і Эстонію, дзе не ставала працоўных рук. Шмат каму з беларусаў у Заходняй Беларусі мусам трэ было эміграваць у Польшчу на загад польскіх уладаў, што адрывалі актыўнейшых беларусаў ад беларускага асяродзьдзя і беларускіх масаў. З Савецкае Беларусі бальшавіцкія ўлады зноў масава вывозілі беларусаў на Сібір і іншыя далёкія краіны, як Казахстан, Камчатка, за тое, што гэныя беларусы трымаліся беларускіх нацыянальных прынцыпаў і няпрыхільна глядзелі на бальшавіцкія парадкі.
Апрача таго, былі яшчэ беларусы-эмігранты, што пакінулі свой край дзеля таго, каб уцячы ад чужой акупацыйнай улады, ад перасьледу за сваю беларускую працу, за выступленьне супроць акупантаў і дзеля таго, каб на чужыне далей праводзіць работу на карысьць свае Бацькаўшчыны-Беларусі. Такім парадкам, ёсьць у нас эміграцыя, выкліканая эканамічнымі прычынамі, і эміграцыя палітычная. Гэтая апошняя асабліва шырака разьвілася пасьля першае сусьветнае вайны, калі бальшавікі і палякі разбурылі будаўніцтва Беларускага гаспадарства і заводзілі на Беларусі свае парадкі, перасьледуючы беларускіх незалежнікаў.
Першым найбольшым цэнтрам беларускае палітычнае эміграцыі сталася Чэхія, якая прыймала беларускіх эмігрантаў, сяброў беларускага ўраду, Рады Беларускае Народнае Рэспублікі, беларускіх слуцкіх паўстанцаў, а таксама беларускую моладзь, што прыяжджала туды здабываць сабе вышэйшую асьвету. У Чэхіі, у сталіцы Празе, у 1921 годзе адбылася ведамая беларуская нацыянальна-палітычная нарада ў справе дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі. У Празе адбываліся розныя беларускія студэнцкія зьезды і нарады. У Празе ў 1923 г, на даўжэйшы час затрымаліся найвышэйшыя прадстаўнікі беларускага народу — старшыня Рады БНР П. Крэчэўскі і ягоны намесьнік В. Захарка. Спачатку беларуская эміграцыя гуртавалася каля прадстаўніцтва Беларускае Народнае Рэспублікі, на чале якога стаяў М. Вяршынін, а пасьля каля Беларускае Грамады (з студэнцкай сэкцыяй) і нарэшце каля Беларускае Рады ў Празе ды Іншых беларускіх арганізацыяў і ўстановаў, што паўсталі ў Празе. Такімі арганізацыямі і ўстановамі былі: Беларускае (Крывіцкае) Культурнае Таварыства імя Фр. Скарыны, Аб'яднаньне Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў, беларускае таварыства «Сокал», Беларускі Архіў у Празе і часапіс беларускага студэнцтва «Наш Прамень».Беларускае Культурнае Таварыства імя Фр. Скарыны гуртавала каля сябе пераважна студэнцкую моладзь, выдавала часапіс «Іскры Скарыны» і ў сваёй працы галоўны націск клала на разьвіцьцё беларускае грамадзкае творчае думкі.