Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
- Автор: Гардзіцкі Аляксей
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00709-X
- Жанр: Справочная литература
Электронная книга - «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990». Краткое содержание книги:
Конан Уладзімір, нарадзіўся 23.04.1934 г. у вёсцы Вераскава Наваградскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1952 г. скончыў Вераскоўскую сярэднюю школу, працаваў камсоргам у школе (1952-1953), затым у мясцовым калгасе. У 1954 г. паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1959) - настаўнік, а з 1960 г. - дырэктар Стражоўскай васьмігадовай школы Вілейскага раёна. Пасля заканчэння аспірантуры пры Інстытуце філасофіі і права АН БССР (1964) - навуковы супрацоўнік, затым загадчык сектара эстэтыкі і сацыяльнай псіхалогіі, з 1986 г. - вядучы навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. Доктар філасофскіх навук. Сябра СП СССР з 1982 г.
Даследуе пытанні гісторыі і тэорыі эстэтыкі і літаратуразнаўства Беларусі. Першы артыкул надрукаваў у 1963 г. (часопіс «Весці АН БССР»). Піша на беларускай і расейскай мовах. Аўтар кніг «Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі. 1917-1934 гг.» (1968), «Демократическая эстетика Белоруссии. 1905-1917» (1971), «Очерк истории эстетической мысли Белоруссии» (з Э.Дарашэвічам, Масква, 1972); «Адам Бабарэка: Крытыка-біяграфічны нарыс» (1976), «От Ренессанса к классицизму» (1978), «Эстетическая мысль Советской Белоруссии» (1978), «Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в.» (1985), «Беларуская эстэтыка і мастацкая культура: гістарычныя традыцыі і сучаснасць» (1988), «Ля вытокаў самапазнання: станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору» (1989), брашур «Святло для людзей» (1989), «Боская і чалавечая мудрасць» (1990). У перыядычным друку выступае з артыкуламі пра творчасць беларускіх пісьменнікаў.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1984) за цыкл калектыўных даследаванняў па гісторыі філасофіі і грамадскай думкі Беларусі.
Корбан Уладзімір, нарадзіўся 25.08.1910 г. у пасёлку Барань Аршанскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і рабочага.
Працоўны шлях пачаў токарам на аршанскім заводзе «Чырвоны Кастрычнік» у 1926 г. Сярэднюю адукацыю атрымаў у вячэрняй школе (1930). У 1930-1932 гг. - токар на Ленінградскім суднабудаўнічым заводзе. У 1932-1934 гг. - у Чырвонай Арміі. Потым працаваў старшынёй заўкама аршанскага завода «Чырвоны Кастрычнік», старшынёй будкама льнокамбіната. Удзельнічаў у паходзе 1939 г. у Заходнюю Беларусь. Завочна вучыўся ў Менскім юрыдычным інстытуце (скончыў два курсы). У гады Вялікай Айчыннай вайны камандаваў стралковай ротай, працаваў у аператыўным аддзеле штаба дывізіі, удзельнічаў у баях пад Бранскам і Арлом, за вызваленне Беларусі, ва Ўсходняй Прусіі. У 1946 і ў 1948-1952 гг. зноў на заводзе «Чырвоны Кастрычнік» - галоўны механік, начальнік цэха, начальнік апдзеда кадраў. З канца 1946 да студзеня 1948 г. - дырэктар цвікавага завода ў Лідзе. З 1952 г. працаваў у часопісе «Вожык», у 1967-1971 гг. - галоўны яго рэдактар. Сябра СП СССР з 1948 г.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі.
Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1970).
Памёр 30.11.1971 г.
Першыя байкі надрукаваў у рэспубліканскім друку ў 1946 г. Аўтар зборнікаў вершаў, баек і фельетонаў «Мы іх ведаем» (1950), «Байкі» (1953), «З вецярком» (1957), «Дакладныя прыкметы» (1958), «Гарачая прыпарка» (1959), «Дзе гэта вуліца?» (1961), «Сіняк» (1964), «Не на сваім месцы» (1965), «Свінні ў рэпе» (1968), «Дзям'янава юшка» (1970), «Шклянка чаю» (выбранае, 1970), «Закаханы морж» (1972), «Выбранае» (1976), «Жук і мёд» (1980), «Не на сваім месцы» (1990), зборнікаў гумарыстычных апавяданняў «Да цешчы на бліны» (1963), «Дзядзькава крыўда» (1982). Для дзяцей выйшлі кніжкі вершаў і баек «Янка і санкі» (1957), «Пра жывёл і пра звяроў» (1963), «Учора, сёння і заўжды» (1963), «Суседні двор» (1967).
На беларускую мову пераклаў творы І.Крылова, Лесі Ўкраінкі, Т.Масэнкі, Мірмухсіна, А.Юшчанкі і інш.
Корзун Мікола, нарадзіўся 01.05.1934 г. у вёсцы Заўшыцы Салігорскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1937-1938 гг. памерлі бацькі. Выхоўваўся ў Слуцкім дзіцячым доме. У 1956 г. скончыў Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Працаваў на розных пасадах у саўгасах «Бараўляны» (Менскі раён), імя Янкі Купалы (Радашковіцкі раён), у Інстытуце эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі (Менск). Завочна вучыўся ў Менскім педагагічным інстытуце. У 1973-1976 гг. - загадчык філіяла Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Вязынцы, у 1976-1978 гг. - навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Якуба Коласа, у 1978-1981 гг. - дырэктар «Кнігарні пісьменніка», у 1982-1986 гг. - садоўнік, аграном Літаратурнага музея, Янкі Купалы, у 1986-1989 гг. - афаном Аб'яднання літаратурных музеяў БССР. Сябра СП СССР з 1981 г.
Першае апавяданне апублікаваў у 1958 г. (часопіс «Бярозка»). Піша для дзяцей. Аўтар зборнікаў апавяданняў і аповесцей «Жывы куток» (1962), «Віця Сітніца» (дакументальная аповесць, 1964), «Тры сонцы» (1971), «Чырвоныя зоркі на танках» (1974), «Навальнічная паласа» (дакументальная аповесць, 1979), «Святло чароўнай зоркі» (1989).