Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
- Автор: Гардзіцкі Аляксей
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00709-X
- Жанр: Справочная литература
Электронная книга - «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990». Краткое содержание книги:
Літаратурнай працай займаецца з 1976 г. Аўтар кнігі апавяданняў «Сеанс гіпнозу» (1987).
Клішэвіч Уладзімір, нарадзіўся 12.03.1914 г. у вёсцы Краснадворцы Старобінскага раёна Менскай вобласці.
Пасля заканчэння педагагічных курсаў у Слуцку працаваў настаўнікам. У 1933 г. паступіў на літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута. У 1936 г. быў рэпрэсіраваны і сасланы на Калыму. У жніўні 1940 г. вернуты на даследаванне ў Менск, дзе і застала яго вайна. У час акупацыі жыў у Слуцку, рэдагаваў «Газэту Случчыны». У 1944 г. выехаў у Германію. З 1948 г. жыў у ЗША, рэдагаваў ратапрынтны часопіс «Беларусь» (1949), працаваў выкладчыкам у коледжы ў штаце Індыяна. Некалькі разоў прыязджаў у БССР.
Памёр 14.11.1978 г. у г. Лос-Анжэлес, ЗША.
Друкаваць вершы пачаў у 1931 г. Выступаў у акруговай і раённай перыёдыцы, у час вайны друкаваўся ў акупацыйных газетах. Удзельнічаў у калектыўных зборніках «Песняры Случчыны» (Слуцак, 1943) і «Ля чужых берагоў» (Мюнхен - Нью-Ёрк, 1955). У 1964 г. выдаў зборнік паэзіі «Далячынь» (Саўт-Рывер, ЗША), у 1965 г. - паэму «Васіль Каліна» (Лондан), у 1973 г. - зборнік «Сняцца сны мне залатыя» (бібліятэка газеты «Голас Радзімы», Менск). У 1970-1975 гг. шмат вершаў апублікаваў у газеце «Голас Радзімы».
Клышка Анатоль, нарадзіўся 16.04.1935 г. у вёсцы Данейкі Баранавіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся ў Наваградскай педагагічнай навучальні (1949-1952). Працаваў карэктарам у наваградскай гарадской газеце «Звязда», адказным сакратаром рэдакцыі газеты «Фізкультурнік Беларусі». Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1958). Быў супрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва», у 1958 г. працаваў інструктарам па друку ЦК ЛКСМБ, са снежня 1958 г. вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, з 1960 г. - у рэдакцыі часопіса «Полымя». З 1961 па 1963 гг. - старшы рэдактар сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм», пасля зноў у «Полымі» - літработнік аддзела крытыкі, рэдактар аддзела навукі і мастацтва. З 1971 г. - загадчык лабараторыі навучання грамаце, а потым аддзела навучання літаратуры Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР. У 1981-1983 гг. - загадчык рэдакцыі выдавецтва «Юнацтва», у 1986-1990 гг. - загадчык аддзела крытыкі часопіса «Полымя». Сябра СП СССР з 1960 г.
Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі.
У 1950 г. у наваградскай газеце апублікаваў першы верш. З літаратурна-крытычнымі артыкуламі выступае з 1953 г. У 1967 г. выйшла кніга літаратурна-крытычных артыкулаў «Права на верш».
Аўтар «Буквара» (1969, 23 выданні), «Пропісаў да «Буквара» (1969, 4 выданні), «Пропісаў для 1 класа» (1973, 18 выданняў), дапаможніка для 1 класа «Верасок» (1978, 3 выданні), «Чабарок» (1989, чытанка для 4 класа школ з расейскай моваю навучання). Напісаў кніжкі для дзяцей «У лясах Белавежы» (1975), «Самая лепшая хатка» (1976), «Вярэнька загадак» (1982), «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» (1983), «Шыльдбюргеры. Па-нямецку пачуў, па-беларуску збаяў А.Клышка» (казкі, 1983), «Святло праз стагоддзі» (пра Ф.Скарыну, выдадзена на ангельскай, нямецкай, французскай мовах, 1990).
Пераклаў на беларускую мову Новы запавет (асобныя раздзелы апублікаваны ў часопісе «Спадчына», 1989-1990).
Кляўко Генадзь, нарадзіўся 01.05.1932 г. у вёсцы Варонічы Пухавіцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Рудзенскай сярэдняй школы (1950) паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. За год да заканчэння ўніверсітэта (з 1954) стаў адначасова працаваць у рэдакцыі газеты «Калгасная праўда». У 1961-1973 гг. - літсупрацоўнік, адказны сакратар часопіса «Вожык», у 1973-1979 гг. - намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Полымя». Сябра СП СССР з 1964 г.
Узнагароджаны медалём.
Памёр 21.08.1979 г.
У рэспубліканскім друку з вершамі выступіў у 1950 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Абветраныя далягляды» (1962), «Сто крокаў» (1967), зборнікаў вершаў і паэм «Прыстань» (1974), «Плуг» (1978), «Вязьмо» (1984), зборнікаў гумарыстычных вершаў і мініяцюр «Лайдак і кнопкі» (1964), «Каб не сурочыць» (1971), «Што праўда, то не грэх...» (1971), «Падкова над парогам» (выбранае, 1979). Для дзяцей выдаў кніжку вершаў «Першы салют» (1964).
Перакладаў на беларускую мову творы пісьменнікаў народаў СССР. У 1975 г. у яго перакладзе выйшаў зборнік паўднёваасецінскай паэзіі «Трубіць алень».
Кляшторны Тодар, нарадзіўся 11.03.1903 г. у вёсцы Парэчча Лепельскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.